Разам праз дзесяцігоддзі

«БелАЗ» адзначыў сваё 65-годдзе, а Жодзіна — 50-гадовы юбілей

Беларускі аўтазавод адзначыў 65-годдзе, а горад Жодзіна — 50-гадовы юбілей.

Знамянальныя даты былі адзначаны шматлікімі падзеямі і мерапрыемствамі, відавочна, што завадчане і гараджане шмат зрабілі для таго, каб прымеркаваць да свят важкія канкрэтныя справы.

На ўрачыстым мерапрыемстве ў Палацы культуры аўтазавода было вельмі шматлюдна. Віншаванні і пажаданні, успаміны і расказы пра тое, што было і ёсць зараз: 65 гадоў — немалы шлях.

Адметна, што БелАЗ свой юбілей адзначыў знамянальнай падзеяй — выпускам 450-тоннага гіганта, адаптаванага да работы ў любых кар’ерных умовах. Менавіта ён, герой апошніх дзён, літаральна не зыходзіў з вуснаў. Надзелены шматлікімі эпітэтамі, гэты аўтамабіль быў названы новай ступенькай у машынабудаванні.

Павіншаваць калектыў завода і жыхароў горада прыехалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Тур, першы намеснік прэм’ер-міністра краіны Уладзімір Сямашка, старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура, іншыя службовыя асобы. Прывітальны адрас юбілярам накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У ім, у прыватнасці, гаварылася, што беларускія кар’ерныя самазвалы ўвабралі ў сябе лепшыя дасягненні сучаснага машынабудавання, а калектыў завода змог развіць магутны вытворча-гаспадарчы комплекс па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Зараз ААТ «БелАЗ» — адзін з буйнейшых вытворцаў кар’ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў горна-здабываючай і будаўнічай галінах. Не хавае гонару за роднае прадпрыемства і Герой Беларусі Павел Марыеў, які аддаў заводу амаль пяць дзесяцігоддзяў, 15 гадоў быў яго кіраўніком. «Выпускам новага вялікагрузнага самазвала белазаўцы апярэдзілі на некалькі гадоў сваіх канкурэнтаў, а гэта сведчыць пра тое, што прадпрыемства мае найвялікшы патэнцыял у навукова-тэхнічным прагрэсе ў галіне машынабудавання», — адзначыў ён.

За 65 гадоў завод прайшоў каласальны шлях. За гэты час там было распрацавана больш як 500 мадыфікацый кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю ад 27 да 450 тон, выпушчана звыш 135 тысяч адзінак магутных машын, якія працуюць больш чым у 70 краінах свету.

Штогадова аўтагігант на трэць абнаўляе сваю прадукцыю за кошт удасканалення сістэм і вузлоў серыйна выпускаемай тэхнікі і стварэння машын новага пакалення. За апошнія два дзесяцігоддзі БелАЗ ажыццяўляе ўжо трэцюю рэканструкцыю вытворчасці, накіраваную на павышэнне якасці і скарачэнне тэрмінаў асваення новай тэхнікі. І зараз «БелАЗ-холдынг» — гэта велізарная аўтамабільная лабараторыя, якая выпрацоўвае новыя перспектыўныя рашэнні. На ўрачыстасці неаднаразова падкрэслівалася, што прадпрыемства мае не толькі вялікае эканамічнае, але і іміджавае значэнне, па яго прадукцыі Беларусь ведаюць як высокаінтэлектуальную краіну з перадавымі тэхналогіямі.

Юбіляры — горад і завод — развіваюцца крок у крок. А інакш і быць не можа. Гавораць, што калі прымяніць каэфі¬цыент сямейнасці, то амаль палова гараджан звязана з гэтым прадпрыемствам. Свята Жодзіна сустрэла памаладзелым: шмат зроблена па добраўпарадкаванні, падрыхтоўцы вытворчых, сацыяльных і жыллёвых аб’ектаў. Мерапрыемствы доўжыліся далёка не адзін дзень — прэзентацыя арганізацый горада, ХХI Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў «Белазаўскі акорд», урачыстая рэгістрацыя маладажонаў, адкрыццё сквера сямейнага дабрабыту і шмат чаго іншага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter