Раз Купалле, два Купалле

Злавіла сябе на думцы, што гістарычныя перыпетыі з календарамі ў нейкім сэнсе нам на руку. Вось не змянілі б каляндар з юліянскага на грыгарыянскі, адзначалі б мы адно з любімых у народзе святаў — Купалле — адзін раз у год. А цяпер святкуем двойчы — у ноч на 24 чэрвеня, на летняе сонцастаянне і каталіцкае свята Іаана Хрысціцеля, і ў ноч на 7 ліпеня, калі гэтае ж свята адзначаюць праваслаўныя.

Што цікава, спачатку Купалле было абсалютна народным святам, у якое нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства на час летняга сонцастаяння прыпала яшчэ адно свята — дата нараджэння святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў, Хрыста. І два святы, па сутнасці, зліліся ў адно, аб’яднаўшы свае паданні, песні, абрады. Хіба назавеш у народнай культуры яшчэ якое настолькі ж багатае на традыцыі свята? Вось і цэняць яго і маладыя, і старыя, кожны знаходзіць у ім нешта для сваёй душы. Аднаму скокі праз вогнішча падавай, другому папараць-кветку, трэцяму — песні і гэтак далей.

Многія ў нашай краіне не падзяляюць свята на каталіцкае і праваслаўнае, адзначаюць двойчы. Бо, калі добрая традыцыя, чаму не падтрымаць? Ды і прапаноў сёння, як правесці Купалле цікава і запамінальна, хапае і ў ноч на 24 чэрвеня, і ў ноч на 7 ліпеня. У гэтыя выхадныя, да прыкладу, у “Дукорскім маёнтку” пройдзе міжнародны фестываль “Купальскае кола”. Арганізатары свята запрашаюць гасцей пакаштаваць стравы беларускай кухні, паваражыць, паспрабаваць сілы ў купальскіх гульнях, запусціць вяночкі па вадзе, пабываць у “перавернутым” доме, набыць сувенір ручной работы і, вядома, паслухаць музыкантаў электроннага, фолк-, рок- і метал-кірункаў.

А парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула” прапануе прайсці праз купальскі партал і патрапіць у свет таямніц, міфаў і забаў для дзяцей і дарослых. Малодшыя дзеткі пачуюць казкі ад герояў беларускай міфалогіі, старэйшыя змогуць самастойна зляпіць пачварак і змайстраваць абярэг на ўсе выпадкі жыцця. Аматары актыўнага адпачынку навучацца старажытным танцам і пазмагаюцца ў “водных бітвах”. І, вядома, усе жадаючыя змогуць сплесці вянкі, паспяваць купальскія песні і, як абяцаюць арганізатары свята, убачыць вогненную папараць-кветку!

Прапановы адсвяткаваць Купалле ў гэтыя выхадныя можна знайсці ледзь не ў кожным рэгіёне. Але той, у каго на гэты ўік-энд іншыя планы, зможа пашукаць папараць-кветку яшчэ і праз два тыдні.

Найбольш маштабная купальская ўрачыстасць па добрай традыцыі пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Свята “Александрыя збірае сяброў” стала ўжо своеасаблівым брэндам фестывальнага руху краіны. Сёлета на Купалле, якое адзначаць тут 8—9 ліпеня, чакаюць больш за сто тысяч гасцей. Іх збіраюцца не толькі парадаваць звыклымі купальскімі вянкамі і гульнямі, але і здзівіць незвычайнымі праграмамі. Упершыню падчас фестывалю можна будзе прыняць удзел у пазнавальнай квэст-гульні “У пошуках папараць-кветкі”, адчуць сябе Скарынам у “Друкарскім двары”, стаць назіральнікам фестывалю феерверкаў. А кульмінацыяй святкавання стане эстрадна-цыркавое прадстаўленне “Купальскі сон” з удзелам артыстаў з замежных краін.

Вядома, сёння ў свяце Купалля перапляліся не толькі народныя і хрысціянскія традыцыі, але і сучасныя. Нашы прабабулі і прадзядулі і падумаць не маглі пра феерверкі і электрагітары. Некаторых абурае прысутнасць падобных элементаў на народным свяце. Але, як мне падаецца, няма нічога страшнага ў тым, што старажытнае пераплятаецца з сучасным. Дзякуючы гэтаму народныя святы выклікаюць цікавасць у моладзі, атрымліваюць новае даханне і працягваюць жыць. Проста ва ўсім павінна быць мера.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter