Рассыпаліся крупы куцці па полі – уродзіць улетку ніва

КАЛЯДНЫ цыкл, як вядома, складаецца з трох свят — Ражаства, старога Новага года і Вадохрышча. Здаўна кожнае з гэтых свят вяскоўцы адзначалі сем’ямі, збіраючыся разам на традыцыйную вячэру-куццю. Першая і трэцяя куцці называліся беднымі, паколькі на стале былі толькі посныя стравы. А вось падчас сустрэчы старога Новага года на вячэру падавалася і скаромніна, таму і куцця-Каляда лічылася багатай.

Старажытны абрад, адроджаны ў Бярэзінскім раёне, узяты пад ахову дзяржавы.

КАЛЯДНЫ цыкл, як вядома, складаецца з трох свят — Ражаства, старога Новага года і Вадохрышча. Здаўна кожнае з гэтых свят вяскоўцы адзначалі сем’ямі, збіраючыся разам на традыцыйную вячэру-куццю. Першая і трэцяя куцці называліся беднымі, паколькі на стале былі толькі посныя стравы. А вось падчас сустрэчы старога Новага года на вячэру падавалася і скаромніна, таму і куцця-Каляда лічылася багатай.

Амаль паўсюдна ў Беларусі цыкл калядных свят заканчваецца на Вадохрышча, 19 студзеня. А вось у некаторых вёсках Бярэзінскага раёна па даўняй традыцыі святкаванне працягваецца яшчэ тры дні і завяршаецца 21 студзеня самабытным абрадам «Цягнуць Каляду на дуба».

Першымі ў раёне гэты абрад адрадзілі жыхары вёскі Новіны Паплаўскага сельсавета паўтара дзясятка гадоў таму назад па ініцыятыве дырэктара мясцовага СДК Ніны Клімовіч. З таго часу створаны Нінай Дзмітрыеўнай сямейны гульнёва-абрадавы гурт «Радзіна», якому прысвоена званне «народны», штогод працягвае гэтую добрую традыцыю.

Вось і ў мінулую суботу з самага ранку ў сельскім Доме культуры пачалі збірацца члены сямейнага гурту «Радзіна», у склад якога ўваходзіць радня Ніны Клімовіч — браты, сваты, кумы, сыны, нявесткі, унукі. А таксама суседзі, аднавяскоўцы. Кожны нёс нейкія прысмакі — пальцам піханую каўбасу, кумпячок, паляндвічку, сальцісон, халадзец, кісель, варэнне, саленні-квашэнні, пірагі, пышкі, іншую здобу. Але па ўсім было відаць, што стол, які папаўняўся ўсё новымі і новымі далікатэсамі, мала цікавіў прысутных: усе чакалі Каляду з куццёй.

Каля поўдня ў музычна-песенным суправаджэнні членаў гурту «Радзіна» з’явілася Каляда ў выглядзе снапа жыта, а таксама куцця — гліняны гаршчок з ячнай кашай. Спрытныя дзяўчаты хутка ўпрыгожылі сноп рознакаляровымі стужкамі, прывязалі фартух, паставілі на ўпрыгожанае кола. На вуліцы Каляду ўжо чакалі санкі з сенам, засланым саматканым пакрывалам. У якасці «аховы» разам з Калядой на санкі пасадзілі пенсіянерку Ніну Путрык.

Перад адпраўкай Каляды ў дарогу Ніна Дзмітрыеўна прама на парозе Дома культуры пасекла на дробныя кавалкі венік-дзяркач, каб «зняць грахі за працу ў святыя вечары». Потым тое ж самае зрабіла і яе нявестка Святлана. Пасечаныя цуркі жанчыны вынеслі на скрыжаванне вуліц і параскідвалі па наваколлі. І толькі пасля гэтага ў суправаджэнні мясцовых музыкаў святочнае шэсце рушыла да дуба, які расце адзінока ў полі за суседняй вёскай Марціянаўкай.

На працягу ўсяго шляху, а прайсці трэба было больш за тры кіламетры, маладыя мужчыны цягнулі санкі з Калядой, а самадзейныя артысты спявалі абрадавыя песні, жартаўлівыя прыпеўкі. Ужо амаль каля самага дуба санкі «незнарок» перакуліліся, і «ахоўніца» Каляды Ніна Путрык разам з кашай-куццёй пакацілася ў снег. Аказваецца, гэта была адна з «фішак» абраду: крупы куцці павінны рассыпацца з глінянага гаршка па полі, каб улетку добра ўрадзіла ніва.

Па старым звычаі цягнуць Каляду на дуба даручалася маладой пары, якая збіралася ў Мясаед уступаць у шлюб. На гэты раз такой пары не знайшлося, таму выканаць гэту работу згадзіўся ўнук Ніны Дзмітрыеўны, васьмікласнік Ушанскай дзесяцігодкі Мікалай Клімовіч. Ён спрытна ўскараскаўся на магутнае, у чатыры абхваты, дрэва, і замацаваў кола з Калядой і гаршком з куццёй на разгалінаванні яго сукоў.

У мінулую суботу абрад «Цягнуць Каляду на дуба» ладзіўся таксама яшчэ ў пяці вёсках Бярэзінскага раёна — Галаўныя Ляды, Дзмітрыевічы, Любушаны, Міхалёва і Чыжаха. У Галаўных Лядах, дзе таксама ўдалося пабываць карэспандэнту «БН», не знайшлося паблізу дуба, таму Каляду ў выглядзе ўпрыгожанага кола з кашай-куццёй цягнулі на ліпу. Суправаджала ўрачыстае шэсце Каляды вакальная група «Купалінка» мясцовага СДК разам з заліхвацкім гарманістам-віртуозам Мішам.

Дарэчы, напрыканцы мінулага года, згодна з рашэннем рэспубліканскай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая створана пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, абрад «Цягнуць Каляду на дуба» вёскі Новіны Бярэзінскага раёна ўзяты пад ахову дзяржавы. Яму нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці нашай краіны.

Мікалай ЧАЛЕЙ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?