Вядомая беларуская мастачка Ганна Сілівончык прэзентуе сваю выставу «Тычынкі і песцікі»

Расліны быццам людзі

Тычынка і песцік — гэта пачатак новага жыцця
Новы праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў стварае веснавы настрой. Вядомая беларуская мастачка Ганна Сілівончык назвала сваю выставу «Тычынкі і песцікі». У экспазіцыі будуць прадстаўлены жывапісныя палотны і арт-аб'екты.

— Свет раслін дэманструе дасканаласць ідэі жыцця і яго бясконцага аднаўлення: выдатныя, далікатныя і ўразлівыя, яны пры гэтым самадастатковыя і цягавітыя як ніякія іншыя арганізмы, яны ж забяспечваюць існаванне практычна ўсім насельнікам планеты, з'яўляючыся асновай большасці экасістэм, — гаворыць мастацтвазнаўца Вольга Наскова. — Метафарычная фактура, ідэйная складанасць вобразаў нагадваюць пра філасофію антрапалагічнага дуалізму. Зямное — нябеснае, цялеснае — духоўнае, жаночае — мужчынскае: бясконцая разнастайнасць свету ў незлічоным мностве формаў жыцця зліваецца ў магічным рытме руху да вытокаў. Натуральныя жыццёвыя цыклы ў іх чыстым, абсалютным значэнні. Адкрыты эратызм. Адважная іронія над сацыяльнымі ролямі і абмежаваннямі. І, вядома, пачуццёвы рамантызм душэўных перажыванняў. 

Работы Ганны Сілівончык не назавеш класікай жанру. Яна вельмі сучасны мастак, які ілюструе кнігі, робіць малюнкі для тэкстыльных вырабаў. Пры гэтым вельмі паспяхова выстаўляецца ў розных галерэях, у тым ліку замежных. Яе творы захоўваюцца, напрыклад, у музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі-Сіці ў ЗША, музеі сучаснага мастацтва ў Эстоніi, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы і іншых краін.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter