Рашэнне Папы

Праз тыдзень Бенедыкт XVI складзе паўнамоцтвы Папы Рымскага

Праз тыдзень Бенедыкт XVI складзе паўнамоцтвы Папы Рымскага

Навіна аб тым, што Святы Айцец збіраецца пакінуць рымскі прастол, стала нечаканасцю для многіх. Як прызнаў дзяржаўны сакратар, кіраўнік урада Святога Прастола кардынал Тарчызіа Бертонэ, словы Бенедыкта ХVІ аб добраахвотным сыходзе сталі “громам сярод яснага неба” нават для яго найбліжэйшага асяроддзя. Што і казаць пра простых вернікаў. Апошні выпадак, калі рымскі папа пакінуў пасаду па ўласнай волі, адбыўся шэсць стагоддзяў таму! Не дзіва, што заява Бенедыкта XVI выклікала столькі пытанняў і здагадак.

Вядома ж, можна шукаць нейкія знешнія абгрунтаванні гэтага ўчынку, спасылацца на палітычны ціск ці закулісныя гульні, а можна... проста прыняць рашэнне Святога Айца.

— Папа Рымскі, біскуп Рыма, лічыцца ў Каталіцкім Касцёле наступнікам святога Пятра, бачным кіраўніком Касцёла (Царквы), вікарыем — намеснікам Хрыста на зямлі. Ён мае вярхоўную, поўную, непасрэдную і ўніверсальную ўладу ў Касцёле і першынство над усімі супольнасцямі і аб’яднаннямі вернікаў. Натуральна, што ўлада Папы заканчваецца з момантам яго смерці. Аднак Папа можа сысці са сваёй пасады, — тлумачыць сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святар Кірыл Бардонаў. — Для правамоцнасці гэты сыход павінен адбыцца добраахвотна і мае быць абвешчаны адпаведным чынам, але ніхто не прымае гэтай адмовы ад пасады.

Такім правам скарыстаўся цяперашні Папа Бенедыкт XVI. Адзінаццатага  лютага ён аб’явіў аб рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы біскупа Рыма. Рашэнне набудзе моц 28 лютага ў 20.00 па сярэднееўрапейскім часе.

— Пры гэтым сам Папа адразу назваў прычыну свайго сыходу: “Каб кіраваць лодкай святога  Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен і хваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духу, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне”.

Сучасны свет развіваецца касмічнымі тэмпамі. Грамадства змяняе густы, захапленні і нават маральныя прынцыпы. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Успомніць хоць бы нядаўняе рашэнне французскага і брытанскага парламентаў аб легалізацыі аднаполых шлюбаў. Супрацьстаяць наступу свецкага грамадства, адэкватна дзейнічаць ва ўмовах дынамічнага складанага свету пантыфіку, якому ў красавіку споўніцца  86 гадоў, ужо проста не хапае сіл. Ён прызнае гэта на ўвесь свет і гаворыць аб намеры скласці з сябе паўнамоцтвы Папы. Вельмі мужны ўчынак. І вялікая рэдкасць у палітычным свеце.

Пасля 28 лютага на час sede vacante (так называюць перыяд, у які Святы Прастол не заняты пантыфікам), Бенедыкт  XVI будзе жыць у Кастэль Гандольфа,  а пасля накіруецца ў кляўзуровы кляштар на тэрыторыі Ватыкана. Новага Папу плануецца абраць да Вялікадня, які каталікі святкуюць сёлета 31 сакавіка. У адказ на рашэнне Бенедыкта  XVI скласці свае паўнамоцтвы ва ўсім свеце праходзяць спецыяльныя імшы, адарацыі і малітоўныя чуванні за Папу.

— Вернікі запрошаны аказаць духоўную падтрымку пантыфіку ў гэты складаны для яго час сваімі малітвамі, — гаворыць святар Кірыл Бардонаў. — А таксама маліцца пра далейшы лёс Каталіцкага Касцёла і выпрошваць святло Духа Святога для абрання новага наступніка святога Пятра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter