Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Упершыню ў Беларусі можна пабачыць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, прывезены з Латвіі

Рарытэт з 1588-га

Невядомы і нябачаны раней у Беларусі ўнікальны экзэмпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года з Латвіі прывезены ў Мінск. Такая вандроўка з суседняй краіны каштоўнага друкаванага выдання адбылася ўпершыню. Пасля таго, як кніга адаптуецца на новым месцы, яна “выйдзе ў людзі” — стане даступнай для агляду шырокай публікай. Тое адбудзецца ўжо на гэтым тыдні — пад час Міжнароднай выставы “Францыск Скарына і яго эпоха”, якая пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Гэтае выданне Статута ВКЛ, як напісалі ў прэс-рэлізе супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі, з’яўляецца ўнікальным і вельмі цікавым: “Некалькі аркушаў на пачатку кнігі, пэўна, з-за актыўнага яе выкарыстання былі страчаны, але дасканала ўзноўлены пісцом у рукапісным выглядзе. Фактычна ж на кожнай старонцы Статута ёсць розныя рукапісныя пазнакі, заўвагі, дадаткі, падкрэсленні, што сведчыць пра яго вельмі актыўнае выкарыстанне”.

Кнігазнаўцы дадаюць, што да прывезенага Статута прымацавана яшчэ й знакамітае выданне Трыбуналу ВКЛ 1586 года.

Вялікае спрыянне ў тым, каб была магчымасць прадставіць унікальны помнік кнігадрукавання ў Беларусі, аказала кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі ды Амбасада Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі.

А Міжнародная выстава “Францыск Скарына і яго эпоха” адкрыецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 14 верасня, калі будзе праходзіць Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”.

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter