Ранняе паляванне на зайца

"Многие безбилетники знают нас в лицо". Как мы с пяти утра охотились на зайцев с контролерами Минсктранса

Аднойчы ў 4.40 раніцы ў Мінску, на вуліцы Гурскага, з’явіліся трое грамадзян... Падобна на пачатак булгакаўскага рамана? Але гэта рэальны пачатак працы кантралёраў ДП «Мінсктранс». Зараз усе трыста кантралёраў горада працуюць з пяці раніцы і да першай гадзіны ночы. Карэспандэнт «Р» заступіла з імі на змену і даведалася, ці шмат пасажыраў прызвычаіліся да таго, што кантралёры з’яўляюцца ў наземным транспарце ў такую рань.

Не ўсе пасажыры рады кантралёрам а пятай гадзіне раніцы…
Фота Паўла ЧУЙКО

На руках — нарад-заданне для трох супрацоўнікаў наземнага пасажырскага транспарту. Юрый Качура, Валерый Герасімаў, Віктар Жук пачынаюць сваю працу тады, калі пачынаюць хадзіць тралейбусы.

— Першая змена пачынаецца з 5.00 і заканчваецца ў 13.30, другая — з 15.30 да 1.00. Адзін тыдзень адпрацоўваем на першай, наступны — на другой змене. Раней працавалі з 6.00 да 22.00, — пакуль ідзём да прыпынку, дзеліцца Юрый Качура. Ён, дарэчы, ужо 20 гадоў працуе кантралёрам. Нават з жонкай на службе пазнаёміўся. Трапілі разам у змену, і закруцілася. – Да месца раніцай едзем на дзяжурным транспарце. Прачынаемся ў 3.30.

Сёння мы будзем ездзіць на тралейбусах па маршруце станцыя метро «Міхалова» — метро «Пятроўшчына» — вуліца Голубева — дыспетчарская станцыя «Паўднёвы Захад». Першы наш «рагаты» транспарт — тралейбус № 53. Адчыняюцца трое дзвярэй, і ў кожную з іх заходзяць кантралёры: «Добрай раніцы!»

— І не спіцца ж вам! — так вітаецца пасажырка ў пухавіку і норкавай шапцы. — Добрай раніцы — скажаце яшчэ... Невядома, якой яна будзе пасля вас добрай!

За змену кантралёры каля тысячы чалавек правяраюць, і, кажуць, больш людзей сталі купляць праязныя, а не талоны. У большасці пасажыраў — бескантактавыя смарт-карты з безлімітнымі паездкамі на месяц.

— Я спяшаюся! – вылятае з салона тралейбуса на прыпынак адна з пасажырак, як толькі кантралёр накіроўваецца да яе.

— Такіх безбілетнікаў адразу відаць, — Юрый Качура глядзіць услед даме. — Часам безбілетнікі спрабуюць хуценька прабіць талончык, з падлогі падбіраюць — але я ж усё бачу. Трапляліся і падробленыя квіткі. На талончыку замазваюць старыя даты і час карэктарамі. А яшчэ з сур’ёзным тварам працягваюць учарашнія талоны або заяўляюць: «Я з вамі зайшоў у тралейбус!» З пустога прыпынку з намі хтосьці зайшоў... Неяк тры разы на месяц мне адзін і той жа хлопец-безбілетнік трапляўся. Ён заявіў, што яму лягчэй штраф аплаціць, чым талон купіць.

— Некаторыя возяць з сабой цэлы стос талонаў. Выварочваюць кішэню, кажуць, выбірайце. А навошта столькі? Хтосьці ўнукам збірае, нехта забывае выкінуць, — разважае Валерый Герасімаў, і мы выходзім на прыпынку «Універсам «Брэст». Чакаем наступны тралейбус. Вось і № 64. Заходзім. Электроннай картай блакіруюцца валідатары — загараюцца чырвоным.

— Кантралёры? Нічога сабе! — падрываюцца дзве дамы да дзвярэй, але ўжо позна. Хоць талончыкі ў іх і былі, але яны іх не прабілі. Штраф — з кожнай па 11,5 рубля.

Ля другіх дзвярэй чую гучнае: «Ды ў мяне праязны на месяц! Вось!» Гэта пасажырка спрачаецца з кантралёрам. Сітуацыя даволі частая: БСК ёсць, але заленавалася прыкласці да валідатара, таму тэрмінал кантралёраў не залічыў гэта за аплату праезду. Ёй даруюць за няпамятлівасць — разблакіравалі валідатары і яна прыклала свой праязны. Вось зараз праезд аплачаны.

Выходзім. Наступны тралейбус № 40. Не паспяваем зайсці ў яго, як з дзясятак людзей выбягаюць на прыпынак — заўважылі бэйджы кантралёраў.

— Безбілетнікі бачаць нас і без форменнай камізэлькі. Многія пазнаюць па твары — амаль кожны дзень бачымся, — Віктар Жук падыходзіць да хлопца ў навушніках, які ўпарта глядзіць у акно тралейбуса. — Ваша аплата праезду?


Хлопец дастае з кішэні 50-рублёвую купюру: «У кіроўцы здачы не было». І яго не штрафуюць. Чаму?!

— Мы адразу ж ідзём да кіроўцы — ці падыходзіў чалавек з такой купюрай. Калі так, то разумеем, што штрафаваць не трэба — усё ж такі ён хацеў аплаціць праезд. Але калі не... Штраф, — Юрый Качура тлумачыць ход дзеянняў.

Наступны наш тралейбус № 64. Толькі зайшлі, як нас, мякка кажучы, пасунулі зайцы — выскачылі на вуліцу, не даехаўшы адзін прыпынак да метро. Але двое не паспелі.

— Забыла пракампасціраваць талон... — пасажырка ў чырвоным пухавіку глядзіць у падлогу.

Юрый Качура дастае паперы для запаўнення пратакола, але дама свой пашпарт даваць не спяшаецца. У ход ідзе цяжкая артылерыя: «Пасажырка, вунь, глядзіце, журналісты з намі. Хочаце ў газету трапіць?» Тая адразу дастае дакументы і кашалёк.

Цікава, а ці часта выклікаюць кантралёры міліцыю?

— Цяжка з п’янымі безбілетнікамі, якія лаюцца, лезуць біцца. У рэдкіх выпадках клічам. Хутка нам выдадуць відэарэгістратары — будзе прасцей у спрэчках і канфліктах, — рэзюмуе Юрый Качура, і мы развітваемся. На часах 7 раніцы. Працы наперадзе ў кантралёраў яшчэ шмат.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ:

Юрый Давідовіч, начальнік кантрольна-рэвізорскай службы ДП «Мінсктранс»:

— Менш за месяц кантралёры працуюць з раніцы і да позняй ночы. Што тычыцца аплаты, то свядомых пасажыраў стала больш. Але заўсёды ёсць тыя, хто эканоміць на праездзе.

Пасля з’яўлення кантралёраў без форменных камізэлек у трамваях і тралейбусах, колькасць выяўленых безбілетнікаў вырасла ў 4,5 разы ў параўнанні з 11 месяцамі мінулага года. Але на гэты паказчык паўплывалі і іншыя прынятыя захады: дапамога дружыннікаў, палепшаная сістэма аплаты, павелічэнне колькасці кантралёраў, з’яўленне відэарэгістратараў.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...