Почти треть столетия Ромуальд Шукель возглавляет один из лучших сельхозкооперативов страны

Рамуальд Шукель шукае і знаходзіць

На палях «Маяка-Браслаўскага», дзе вучоныя наогул не рэкамендуюць займацца земляробствам, ён са сваім калектывам дабіваецца ўраджаяў па 40 і больш цэнтнераў з гектара. У гаспадарцы тысячны статак дойных кароў, гадавы надой ад кожнай — 7500 кілаграмаў, магутны свінакомплекс на 21 тысячу галоў. Свае камбікормавы завод і мясаперапрацоўчы цэх. Рэнтабельнасць гаспадаркі за дзевяць месяцаў — 9,6 працэнта. Чысты прыбытак — 1,4 мільёна рублёў. Сярэднямесячная зарплата — тысяча рублёў. «Маяк» кожны год што-небудзь будуе. Вось і за апошнія два гады капітальна рэканструяваны тры жывёлагадоўчыя фермы, а днямі распачалося будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на 2000 галоў. Гэта значная падзея і падштурхнула на сустрэчу з легендарным старшынёй.

Першы раз у «Маяк» (так тады называлася гаспадарка) да Шукеля мы завіталі год дваццаць таму з даволі вядомым журналістам, які шмат дзе пабываў, багата чаго пабачыў і якога цяжка было чым-небудзь здзівіць: ён выдатна ведаў сельскую гаспадарку, мог паспрачацца на гэту тэму са спецыялістам любога рангу. Аднак тут, у «Маяку», выйшаў аблом. Калі Рамуальд Іванавіч як бы між іншым паведаў, што ў мінулым годзе гаспадарка набыла шэсць трактароў «Беларус», а ў гэтым — тры камбайны «Дон» (у той час у Беларусі яшчэ не было ўласнай камбайнавай вытворчасці), мінскі госць недаверліва перапытаў:

— А вы не кепікі строіце? Аб якіх трох «Донах» можа ісці гаворка, калі толькі некалькі гаспадарак прыдбалі па адным камбайне нават на багацейшай Гродзеншчыне? А тут браслаўскі калгас на пясках, дзе не ўраджаям расці, а толькі турыстам месца, купляе столькі. Ды што вы гаворыце? Куды я трапіў?!

Пасля, пабачыўшы тыя новенькія трактары і камбайны на свае вочы, сталічны журналіст больш не задаваў недарэчных пытанняў і пранікся глыбокай павагай да старшыні гаспадаркі.

Мне давялося неаднойчы пабываць і ў «Маяку», а потым і ў «Маяку-Браслаўскім», дзе нязменна гаспадарыць Рамуальд Іванавіч, і кожны раз знаходзіў нешта новае.

З часам да яго гаспадаркі, калі яна паднялася на ногі, далучылі яшчэ некалькі праблемных. Адных вёсак — каля чатырох дзясяткаў. Справа наладжвалася, але ўсе прыбыткі з'ядаў свінакомплекс, які цяжкім каменем цягнуў сельгаскааператыў на дно. Шукель шмат думаў і ўрэшце знайшоў нечаканае выйсце, здавалася б, з патавай сітуацыі: гэты самы «камень» павінен і выцягнуць эканоміку. Вырашылі адмовіцца ад дарагіх прывазных кармоў для свінакомплексу і перайсці на ўласныя. Гэтай ідэяй зацікавіў спецыялістаў, механізатараў. Стварылі своеасаблівы замкнуты цыкл: поле — уласны камбікормавы завод — свінагадоўчы комплекс.

Але і на гэтым не спыніўся. Убачыўшы, што кошт жывой вагі свіней даволі нізкі, пабудаваў цэх па вырабе ўласнай мясной прадукцыі, які стаў цвёрдай валютай гаспадаркі.

Або неяк заглядваю на мехдвор «Маяка» ў трэцім цэнтральным аддзяленні, а там у дыспетчарскай сядзіць за камп'ютарам хлопец у джынсах і засяроджана разглядвае трактар у полі. «Рабочы дзень, а ён, бачыце, кіно круціць, лайдак!» — цюкнула нядобрая думка. Праз колькі хвілін выявілася, што «кіно» тут незвычайнае: Шукель адным з першых у вобласці абсталяваў энерганасычаныя трактары і камбайны аналітычна-інфармацыйнай сістэмай спадарожнікавага маніторынгу, што дазваляе не толькі больш эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку, але і пазбегнуць «зліву» гаручага налева.

Ці яшчэ адно не з такіх і далёкіх наведванняў «Маяка» на пасяўной. Снуюць трактары, а ў чыстым полі — велічны абеліск з выбітымі на мармуровай пліце імёнамі. Аказваецца, гэта даніна памяці жыхарам спаленай фашысцкімі карнікамі вёскі Лабецкія. Помнік на свае сродкі ўзвяла гаспадарка, а нядаўна аднавіла манумент воіну-вызваліцелю ў аграгарадку Опса.

— Пайшло на апошні 25 тысяч рублёў з касы сельгаскааператыва. Але ж не ў грашах справа, — лічыць Рамуальд Іванавіч. — Цяперашняе і будучае пакаленні павінны ведаць, хто аддаў сваё жыццё за сённяшні светлы дзень, за незалежную вольную нашу Радзіму — Беларусь.

І вось наша чарговая сутрэча.

Рамуальд Шукель, як заўсёды, рухавы, па-спартыўнаму падцягнуты. На жартаўлівае пытанне, ці не вынайшаў ён тут, у Пагошчы, які-небудзь «эліксір здароўя», зусім сур'ёзна адказвае:

— Увесь час у рабоце. Яна прыдае і моцы, і настрою, хаця ён па сёлетнім годзе не надта. Стараліся, каб атрымаць запланаваны ўраджай: і ўгнаенні далі, і ўсё па тэхналогіі зрабілі, аднак азімыя выцягнулі на 30 цэнтнераў з гектара, праўда, у першым аддзяленні за 37 узялі, а вось яравых намалацілі напалову менш. Колас не наліўся. Сабралі ўсяго збожжавых 10 тысяч тон. Для нашага свінагадоўчага комплексу, у якім 21 тысяча пагалоўя, плюс яшчэ 3 тысячы буйной рагатай жывёлы — недастаткова. Разлічваем браць крэдыт, і 2—3 тысячы тон зерня давядзецца дакупіць.

— А што з кукурузай? У вас жа, памятаю, і сарты былі адпаведныя пад зерне.

— З кукурузай іншая сітуацыя. Было яе 600 гектараў, намалацілі зерня ў чыстым выглядзе 800 тон, а маглі б ці не ўдвая больш. Ды 150 гектараў, або чвэрць пасеянага, здратавалі дзікі. Страты — паўтысячы тон зерня кукурузы. Каб купіць іх, неабходна аддаць не менш чым 300 тысяч рублёў.

Пераключаемся на тэму дзікоў, якія год сем таму маглі ўвогуле падкасіць эканоміку гаспадаркі: свінакомплекс быў на мяжы знішчэння, і толькі дзякуючы неймаверным намаганням удалося ўратаваць дзве трэці пагалоўя. А некаторыя ў аналагічнай сітуацыі страцілі б усё.

— Выратавала нас тады строгая тэхналагічная і вытворчая дысцып­ліна, — даводзіць як неабвяргальную ісціну Рамуальд Іванавіч. — Прынялі ўсе магчымыя і немагчымыя меры ў адносінах да работнікаў і па біялагічнай ахове комплексу і яго тэрыторыі.

Развіваючы тэму, Шукель сцвярджае, што дысцыпліна — аснова асноў фундамента «Маяка»:

— У нас даўно стала нормай, што перад выездам з майстэрні і пасля вяртання механізатары праходзяць алкатэст. Не праверыўся пасля работы — лічы, прагул. І крыўдаваць няма за што. Некаторыя, каб перастрахавацца, набылі ўласныя алкатэстары. Жонкі не нарадуюцца: ім вяртаюць з работы здаровых мужыкоў.

На мехдварах усіх трох аддзя­ленняў зманціравалі сістэмы відэанагляду. Гэта ўсё, вядома, каштуе грошай, але цалкам апраўдвае сябе.

Умацоўвае дысцыпліну ў гаспадарцы і рубель. Сярэднямесячная зарплата дасягнула тысячы рублёў.

Адметная, моцная каманда галоўных спецыялістаў і сярэдняга звяна ў Шукеля. Што ні чалавек — асоба. Тры дзясяткі год шчыруе на палетках «Маяка» галоўны аграном Валянціна Таўкінь: і новыя сарты культур уводзіць, і з вучонымі сябруе. Галоўны заатэхнік Леанід Барткевіч у курсе ўсіх навінак у жывёлагадоўлі, якія і ўкараняе ў сваёй галіне. Эканоміка і фінансы пад паўсядзённым кантролем галоўнага бухгалтара Ірыны Бейнар і галоўнага эканаміста Леаніды Радзіёнавай. На ўсе ўчасткі вытворчасці паспявае наведацца старшыня прафкама Надзея Сергун. Ну і, канечне, правая рука Рамуальда Шукеля — яго сын Андрэй, намеснік па ідэалогіі і вытворчасці.

Зазначу, спецыялісты мясцовыя. Пайшоў на пенсію заслужаны чалавек — галоўны інжынер Іван Шпак, яго месца Шукель не пабаяўся даверыць свайму выхаванцу Міхаілу Янулю, і той апраўдвае надзеі. І не толькі ён, але і загадчык майстэрань трэцяга аддзялення Уладзімір Рубанік, вядучы інжынер-тэхнолаг Віталь Ціунель, заатэхнік-селекцыянер Кацярына Пятрова і іншыя, якія вывучыліся з дапамогай гаспадаркі.

З канца лістапада пайшоў 33-і год старшынёўства Шукеля. Унікальны выпадак. Колькі ж чалавеку давялося перажыць, пакласці нерваў, здароўя, каб выбудаваць такую гаспадарку, зрабіць столькі дабра людзям, Браслаўшчыне ўвогуле! Цікаўлюся:

— Рамуальд Іванавіч, скажыце, які самы цяжкі момант за ўсе гэтыя гады вашага старшынёўства?

Трохі задумваецца і потым:

— Хапала ўсяго, але, бадай, самае цяжкае было год шэсць таму, калі наш сельгаскааператыў вырашылі зверху рэфармаваць: рэарганізаваць у адкрытае акцыянернае таварыства. Ціснулі з усіх бакоў. Ляжалі ў мяне на стале рэкамендацыі, рэзалюцыі з Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аблсельгасхарча. Нават дата пераходу была ўстаноўлена. Аднак мы не пайшлі на гэта. Выстаялі!.. Людзі не захацелі ісці ў акцыянернае таварыства. Сабралі адзін сход, другі... А тут і Прэзідэнт падтрымаў: маўляў, навошта ўсіх заганяць у гэта ААТ, калі гаспадарка моцная, прыбытковая. Вось і жывём, ніхто цяпер асабліва нам не перашка­джае. Ёсць прыбытак, рэнтабельнасць. Ёсць настрой на работу.

— Рамуальд Іванавіч, а памятаеце той першы сход, на якім 32 гады таму вас выбралі старшынёй? Ці думалі, што давядзецца несці гэту нялёгкую ношу амаль трэць веку?

— Ніколі. Думаў, дай бог год-два вытрымаць, хаця да сельскай работы мне не прывыкаць. Бацькі, Іван Казіміравіч і Соф'я Леанідаўна, былі паляводамі. Я ўжо з восьмага класа абворваў у калгасе бульбу, да паўтара гектара ў дзень, вазіў сена. Да свайго старшынёўства спакваля прывык, уцягнуўся — гэта ж як наркотык. Хоць узрост і пенсійны, але справе ён не перашкаджае. Ёсць шмат цікавых задумак, планаў... А што будзе далей — жыццё пакажа.

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter