Рамсарскі куток

Ці стане заказнік “Котра”, які ўваходзіць у сетку водна-балотных трансгранічных тэрыторый міжнароднага значэння, турыстычнай Мекай?Рэспубліканскі заказнік “Котра” быў створаны ўсяго пяць гадоў таму з мэтай захавання унікальных ландшафтных мясцін, па якіх прайшоўся вялікі ляднік. Ён знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці ў вярхоўі ракі Котра (басейн Нёмана), даўжыня якой у межах заказніка складае 35 кіламетраў, шырыня — 10—20 метраў. Плошча заказніка — 10,584 гектара. На балоцістых землях раскінуліся пераважна хвойныя лясы. Надзвычай важна зберагчы ў гэтым “зялёным музеі” і каштоўныя чырванакніжныя расліны, і рэдкія віды птушак.

— Наша “Котра” ўтварае сабой адзіны прыродны комплекс з літоўскім запаведнікам “Чапкяляй”, — распавядае дырэктар заказніка Іван Жывушка. — Дарэчы, мы — удзельнікі Рамсарскай канвенцыі. Гэта надае асобы статус і міжнароднае прызнанне. У шэрагу яшчэ сямі беларускіх прыродных терыторый заказнік “Котра” ўключаны ў Сусветны спіс найбольш каштоўных водна-балотных угоддзяў — так званых рамсарскіх.
Рамсарская канвенцыя, прынятая на міжнароднай канферэнцыі ў іранскім горадзе Рамсар, заклікае да захавання і разумнага выкарыстання водна-балотных угоддзяў шляхам нацыянальных дзеянняў і міжнароднага супрацоўніцтва. З’яўляючыся адным з ключавых тыпаў экасістэм планеты, водна-балотныя ўгоддзі ў многім вызначаюць кругаварот вады і фарміруюць глабальны клімат. Котраўскае балота таксама рэгулюе гэты працэс. Акрамя таго, тут яшчэ захаваліся рэдкія расліны і гняздуюцца чырванакніжныя птахі.
— Напрыклад, на Глушнёўскае возера сёлета прыляцелі тры белыя чаплі, — адзначае Іван Іванавіч. — У тутэйшых мясцінах можна сустрэць чорнага бусла, зялёнага дзятла, глушца, цецерука... Усяго ў заказніку гняздуецца каля 90 відаў птушак. З рэдкіх звяроў трапляюцца рысь і барсук.
Надзвычай багаты і тутэйшы раслінны свет. У квартале Першамайскага лясніцтва знойдзены адзін з самых рэдкіх і каштоўных, мала вывучаных і ўжо знікаючых відаў раслін — мякатніца адналістая. Належаць ахове зубніца клубняносная, купальнік горны, пальчатакарэннік балтыйскі... На тэрыторыі заказніка расце 14 раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. Два віды былі выяўлены сёлета. Яшчэ 17 відаў раслін патрабуюць прафілактычнай аховы і рацыянальнага выкарыстання. Усяго ж у складзе флоры заказніка адзначаны 633 віды вышэйшых сасудзістых раслін.
Пяпяровыя бар’еры
Усё, што мы пачулі і ўбачылі ў заказніку “Котра”, не можа не ўразіць. І не толькі нас, мясцовых журналістаў. Тут пабывалі шведы і галандцы, немцы і палякі. У бліжэйшы час маюць намер прыехаць літоўскія арнітолагі. Ды і не навукоўцам, а проста турыстам тут было б надзвычай цікава. Разам з дырэктарам і вядучым спецыялістам С.Вербалем мы праехалі амаль увесь заказнік. Бачылі Зубраўскую гару ледніковага паходжання і месцы стаянак старажытных людзей каменнага і бронзавага вякоў, унікальны комплекс дзюнна-бугрыстых градаў на ледніковай раўніне, аўтэнтычныя сялянскія забудовы ў вёсцы Зубрава, небывала шчодрыя на ўраджай бруснічныя плантацыі, фантастычныя відарысы абсалютна дзікай прыроды, археалагічныя помнікі, абеліскі часоў Вялікай Айчыннай вайны... Даведаліся таксама, што асноўнымі відамі дзейнасці мясцовага насельніцтва з’яўляюцца збор суніц і грыбоў, лоўля рыбы, пчалярства.
Супрацоўнікі заказніка сваімі сіламі змайстравалі і развесілі больш за сто домікаў для птушак, абгарадзілі дзесяткі мурашнікаў, абсталявалі шэсць месцаў адпачынку ў маляўнічых урочышчах Першамайскага лясніцтва.
А Жывушка і Вербаль распрацавалі надзвычай захапляючы турыстычны маршрут па тэрыторыі ўсяго заказніка. Як, дарэчы, і 6-кіламетровую экалагічную сцяжыну, што пачынаецца ад бору акурат за вёскай Рыскі і доўжыцца ажно да нашай дзяржаўнай граніцы. Паўсюдна абсталяваны і куточкі для прыемнага адпачынку падарожнікаў, прадумана, як пры гэтым не нанесці шкоды прыродзе.
— Вось толькі з турыстамі не ўсё так проста, — заўважае Іван Жывушка. — Самі не маем ліцэнзіі на арганізацыю экалагічных тураў, таму што ў штаце адсутнічае дыпламаваны спецыяліст па турызму. А турфірмы неахвотна ідуць на супрацоўніцтва, ледзь даведаўшыся, што наш заказнік знаходзіцца ў пагранзоне.
Парадаксальная сітуацыя атрымліваецца. З аднаго боку, рэгіён зацікаўлены ў прыцягненні турыстаў, якім ёсць што прапанаваць і што паказаць: ад “экстрымальнай” вандроўкі на джыпе і “прагулкі” па экалагічнай сцяжыне да рэгламентаванага палявання. З другога боку — яўныя “паперныя” бар’еры з афармленнем дакументацыі. Зразумела, вырашыць такія пытанні можна толькі на рэспубліканскім узроўні. Менавіта над гэтым зараз і працуюць два Іванавічы — Жывушка і Вербаль, якія аддана стаяць на ахове інтарэсаў заказніка, праводзяць шматлікія маніторынгі, сілай пераканання і сілай закона змагаюцца за некранутасць прыроды ў гэтым дзівосным куточку першамайскага краю. І дастойна выконваюць сваю рамсарскую місію.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter