У свеце тэатра мінчанка Таццяна Лісавенка вядомая як таленавіты мастак па касцюмах

Раман з прафесіяй

У свеце тэатра мінчанка Таццяна Лісавенка вядомая як таленавіты мастак па касцюмах. Запрасіўшы яе папрацаваць над касцюмамі для таго ці іншага спектакля, рэжысёр-пастаноўшчык заўсёды можа разлічваць на поспех.


Тое, у што Таццяна апранае герояў спектакля, як правіла, вылучаецца стыльнасцю. Яе касцюмы кідкія і запамінальныя. Ім уласцівы няўлоўны водар сучаснасці, якую б эпоху ні адлюстроўвалі. Таццяна абавязкова прыдумае такія дэталі ў касцюмах персанажа, якія будуць дакладна “працаваць” на яго характар і на цэлас­насць спектакля. Важна, гаворыць, не тое, якія яе касцюмы, а як яны ўпісваюцца ў спектакль. А ў багажы Лісавенкі каля 50 спектакляў у розных тэатрах Беларусі.

Мастак па касцюмах заўсёды за кулісамі. І хоць у праграмцы значыцца яго імя, далёка не многія цікавяцца, хто ж апранаў герояў той ці іншай пастаноўкі.

Летась у Таццяны Лісавенкі была юбілейная дата, таму ёй захацелася неяк суміраваць свой досвед, падвесці нейкую рысу, вынік, як бы паглядзеўшы на сябе збоку. Таму і арганізавала персанальную выставу сваіх работ. Яна праходзіла ў галерэі Саюза дызайнераў. Многія яе сябры-акцёры і рэжысёры прыйшлі на выставу. І галоўныя людзі, яе настаўнікі, якія сыгралі вялікую ролю ў станаўленні Таццяны як мастака па касцюмах, Яўген Волкаў і Веніамін Маршак — мастакі-сцэнографы, таксама былі. Вечар атрымаўся цёплым і дружалюбным. Ёй сапраўды ўдалося не толькі паглядзець на сябе збоку, але і пачуць у свой адрас добрыя словы, якія так патрэбныя творчаму чалавеку. Сёння Таццяна Лісавенка з задавальненнем успамінае той дзень.

— І што ж вы, Таццяна, убачылі збоку?

— Я сапраўды зведала пачуццё задавальнення. Было радасна чуць добрыя словы ў свой адрас. Але збянтэжанасці не было. Я цаню тое, што я раблю без ганарыстасці: мне проста падабаюцца мае эскізы. Яны радуюць мяне. Таму было вельмі здорава, што гэтую радасць падзялілі паважаныя і значныя для мяне людзі: народныя артысты Беларусі Барыс Луцэнка, Вольга Клебановіч, Бэла Масумян, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валянціна Еранькова і загадчык музычнай часткі Рускага тэатра (так яшчэ называюць Нацянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага. — Аўт.) Аляксей Еранькоў, і таксама іншыя любімыя рэжысёры, акцёры, мастакі, сябры і калегі.  

— Ці ўсе вашы эскізы былі прадстаўлены на выставе?


— Што вы! Усяго толькі палова. Кожны спектакль і касцюмы, з ім звязаныя, — гэта свая гісторыя. Час праходзіць, з’яўляюцца іншыя задачы. Адны эскізы адкладаеш, іншыя ствараеш. Тым часам яны назапашваюцца, і, калі ты іх перад сабою раскладваеш і вырашаеш, што ж выставіць, а што не варта, раптам усведамляеш: зроблена нямала! Я адчула нават узрушэнне, рыхтуючыся да выставы. Нарэшце, адабрала 60 эскізаў, але яшчэ столькі ж давялося адкласці.  


— Як вы прыйшлі ў свет касцюма і з чаго пачалася ваша дызайнерская гісторыя ў тэатрах Беларусі?

— У мяне не зусім стандартны шлях у гэтую прафесію. У тэатр я трапіла, як гаворыцца, па невыпадковай выпадковасці. Мая прафесія — дызайнер адзення, кім я і працавала ў фірме “Alesya” пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага інстытута і даволі добра ў ёй рэалізавалася. Прычым, хоць я спецыялізавалася ў інстытуце як мастак па тканіне, мне падабалася займацца інтэр’ерам, але на фабрыку пайшла як мадэльер: іншай вакансіі не было. Як цяпер разумею, рызыкнула дзякуючы сваёй цікаўнасці да жыцця. Яна, прызнаюся, часта мяне падштурхоўвае асвойваць нешта новае, набываць досвед. Тэатральная ж атмасфера не была для мяне чымсьці нязведаным. У Тэатры юнага гледача працавалі мае сябры — муж і жонка Шылавы. Дарэчы, Валодзя дагэтуль служыць у ТЮГу, ён адзін з лепшых тэатральных бутафораў. Натуральна, я там бывала і на прэм’ерах, ды і ў цэх заходзіла.

— Хочаце сказаць, што ведалі закуліссе?


— У нейкай меры. І такі тэатр мне падабаўся. Падабаліся людзі, якія працуюць у ім. А непасрэдная работа як мастака па касцюмах пачалася з Барыса Луцэнкі. Ён збіраўся паставіць спектакль “Амфітрыён” Мальера. І чамусьці яму хацелася для работы над касцюмамі запрасіць менавіта мадэльера. А галоўны ў той час мастак Рускага тэатра Яўген Волкаў, з якім мы былі добра знаёмыя, параіў Барысу Іванавічу мяне. Я рызыкнула, зноў-такі дзякуючы сваёй цікаўнасці. На той момант мне вельмі па душы была гэтая прапанова. Памятаю, што менш за ўсё думала: спраўлюся ці не. Працавалася лёгка. Апекаваў і курыраваў маю работу Яўген. Да таго ж Луцэнка дакладна паставіў задачу. Але я, хутчэй за ўсё, не зусім разумела, якія касцюмы яму патрэбныя, а проста рабіла калекцыю адзення на тэму. І, відаць патрапіла ў плынь думак і ўяўленняў рэжысёра. Так пачаўся мой раман з гэтай выдатнай прафесіяй.

— Як хутка зразумелі, што не памыліліся ў выбары?

— Ды адразу пасля “Амфітрыёна” і зразумела. Жыла ў той час з адчуваннем цуду, знаходзячыся ў ілюзіях. Людзі тэатра мне падаваліся багамі, і я, гэтыя пачуцці незабыўныя, з трапятаннем ставілася да ўсяго, з чым сутыкалася. А калі адбылася прэм’ера, яна была ўдалай, Барыс Іванавіч выклікаў на сцэну ўсю пастановачную групу, у тым ліку і мяне. І тады ўпершыню ў жыцці я зведала вялікае захапленне, адчуўшы энергію перапоўненай гля­дзельнай залы. Потым паўмесяца жыла ў стане эйфарыі: мне падавалася, што не па зямлі хаджу, а лётаю над ёй. І колькі пазней я ні спрабавала сябе настроіць на гэтую хвалю, нічога падобнага больш не адчувала. Відаць, у той першы свой выхад была настолькі адкрыта, што адчула тое, што адчуваюць акцёры, выходзячы на сцэну. Гэта быў такі магутны допінг, які, вобразна кажучы, павянчаў мяне з тэатрам і з   работай мастака па касцюмах. Мяне ў той час нават ганарар не цікавіў, настолькі моцна была захоплена сваім пачуццём: я ж атрымала магчымасць акунуцца ў такое чараўніцтва, як тэатр!

— Але містычныя пачуцці вы напэўна і на іншых прэм’ерах зведвалі, выходзячы на паклон?

— На жаль, не. Нічога падобнага, паўтаруся, я больш не адчула, хоць мае касцюмы да многіх спектакляў прызнавалі ўдалымі, ды і я была цалкам задаволена той ці іншай сваёй работай. З часам зразумела, што людзі тэатра такія ж, як і іншыя, зусім не боствы, ды і ў рабоце мастака ёсць свая штодзённасць, свае складанасці. І гэта нармальна.

— А як жа “Аlesya”?

— Да нядаўняга часу мне ўдавалася сумяшчаць работу мастака ў тэатры з распрацоўкай калекцый адзення для фірмы. Цяпер я “свабодны мастак”. Як сёння гавораць — фрылансер.


— Што трэба для поспеху ў рабоце над касцюмамі?

— Перш за ўсё, быць на адной, як гаворыцца, хвалі з рэжысёрам-пастаноўшчыкам і з мастаком-сцэнографам. Важна не толькі іх разумець, але і адчуваць. Калі гэта адбываецца, то тады ты ў іх камандзе. Найбольшая колькасць спектакляў з маім дызайнам касцюмаў у Рускім тэатры. У цяперашні час на сцэне ў яго рэпертуары — 8 пастановак, для якіх я распрацоўвала дызайн касцюмаў. Да прыкладу, спектаклю “Утаймаванне свавольніцы” ў 2016 годзе будзе 10 гадоў. А мой дэбютны спектакль “Амфітрыён” ішоў больш за 12 гадоў. Хтосьці з рэжысёраў нагаворваў, што ім трэба, хтосьці прадастаўляў мне поўную свабоду, потым выслухоўваў мае прапановы. Часам мы ў момант разумелі адзін аднаго, і працэс работы ішоў хутка. А іншы раз доўжыўся месяцы. Мне ў асноўным шанцавала, хоць з кімсьці і бывала складана. Але, магчыма, у выніку свайго характару, я ўсё-такі знаходзіла пункты судакранання з пастаноўшчыкамі.   

Ёсць яшчэ нюанс: нават у працэсе выканання адобраныя касцюмы могуць мяняцца. А то і акцёр можа супраціўляцца нейкім рэчам, якія не адпавядаюць яго ўяўленням пра персанажа. Здаралася і так: акцёр супраціўляецца, а потым паступова прыме маё бачанне, як яго герой павінен выглядаць. Калі вы памятаеце спектакль “Тата, тата, бедны тата…” Артура Копіта ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай, то ўспомніце і белую маску з шырокімі белымі палосамі з гліны на галаве Мадам Розпетл (Вольга Клебановіч). Яна пратэставала супраць яе, а потым сказала: “Калі ты будзеш прыходзіць на кожны спектакль і рабіць мне яе, пагаджуся”. Мне гэта было зусім не цяжка, хутчэй, у радасць.

— Якімі асабістымі якасцямі павінен валодаць мастак па касцюмах, каб удача яго не пакідала?  

— Безумоўна, прафесіяналізм, які прыходзіць з досведам, абавязковы. Але важна яшчэ пачуццё, інтуіцыя або яшчэ нешта звыш, што дапамагае часам насуперак усяму. Толькі тады ў мастака, як я гавару, кубік-рубік складзецца. Можна, вядома, граматна зрабіць касцюмы, іх прымуць на мастацкім савеце, адобраць. Але калі ты не ўкладзеш у іх душу і свае пачуцці, касцюмы не ажывуць так, як трэба. І ты сам не зведаеш пачуцця задавальнення.

— І п’еса павінна вас уразіць?


— Не абавязкова. У мяне былі выпадкі, калі п’еса не ўражвала, але я ўсё роўна працавала з захапленнем. Важна знайсці сваю ніць, якая цябе звяжа з драматургіяй, убачыць вобразы. Але, зразумела, калі атрымліваеш вялікае задавальненне ад тэксту п’есы, то і да эскізаў прыступаеш з азартам, калі вобразы прыходзяць самі. Так было з камедыяй Гогаля “Жаніхі”, якую ставіла Еранькова. Яшчэ назаву і спектакль “Палкоўнік і Птушкі” Хрыста Бойчавава ў Магілёўскім драматычным тэатры ў рэжысуры Уладзіміра Пятровіча.


— З якіх крыніц чэрпаеце ідэі для натхнення?

— Сёння сказала б, што крыніцай з’яўляецца ўвесь свет, Сусвет. Вядома ж, гэта і падарожжы, і кнігі, і зносіны. Інтэрнэт скарачае час атрымання інфармацыі. Усё, што я назвала, выклікае пачуцці, абуджае інтуіцыю. Здараецца, цалкам далёкія ад тэатра рэчы могуць падказаць, як павінен выглядаць персанаж. Мне неяк трэба было знайсці вобраз сляпога, галоўнага персанажа для спектакля “Альпійскае ззянне” Сяргея Кандрашова. Ехала я на работу і ў раёне Нямігі на прыпынку ўбачыла аднаго чалавека, магчыма, гэта быў бомж, які выглядаў каларытна. Вось ён і з’явіўся прататыпам. А часам касцюм нараджаецца з дызайнерскіх канструкцый.

— Гавораць, што асабістая сімпатыя паміж мастаком і акцёрам — рэч немалаважная. Што скажаце на гэты конт?  

— Раскажу ў сувязі з гэтым адзін эпізод з работы над “Амфітрыёнам”. Выклікае мяне неяк Барыс Луцэнка і гаворыць: ёсць у яго адна актрыса з буйнымі формамі, якую я павінна зрабіць прыгожай. Я, вядома, з трапятаннем чакаю сустрэчы з ёю, хвалююся, як на экзамене. А гэта была Вольга Клебановіч. Калі я яе ўбачыла, то збянтэ­жылася. Бог мой, падумала, 48 памер! І хіба гэта буйныя формы… Дарэчы, касцюм атрымаўся настолькі ўдалым, што выглядала Вольга Міхайлаўна ў ім асляпляльна. І, як гаварыла, ёй было ў ім камфортна. З тых часоў паміж намі зарадзіліся давер і сімпатыя. Вельмі важна, каб касцюм быў прыняты акцёрам. Павінна сказаць, што я любіла праектаваць адзенне для поўных людзей: мне падабаецца разбураць стэрэатыпы.  

— Як хутка вам сталі давяраць іншыя актрысы?


— Я даволі доўга заваёўвала аўтарытэт у іх: жанчыны — народ складаны і ўсе хочуць быць на сцэне прыгожымі. Я гэта разумею ды імкнуся апранаць іх так, каб яны сябе такімі адчувалі.

— А як вы ставіцеся да крытыкі?

— Ужо, напэўна, спакойна. Па маладосці моцна засмучалася. Мяне ж і ў безгустоўнасці папракалі, не прымаючы на сцэне спалучэння ярка-ружовага колеру з зялёным, што было неабходна для персанажа. Наогул я люблю парушаць правілы і выклікаць эмоцыі. Мне падабаецца рызыка, спалучэнне на першы погляд неспалучальных колераў. Мастакі, напрыклад, вельмі асцярожна ставяцца да залатога колеру. Я ж аднойчы выкарыстала ў касцюме залаты, зялёны і ружовыя колеры. Гэта быў эксперымент. Неадназначна выказваліся і пра касцюмы Вольгі Клебановіч у “Коле кахання” Маэма: маўляў, занадта экстравагантна. Але я ўпэўнена, гэта было правільнае рашэнне. І Кіці застанецца ў памяці надоўга, а некаторая неадпаведнасць яе касцюмаў сцэнаграфіі дае дадатковыя эмоцыі гледачу і штуршок да разважанняў. Не хаваю, меркаванне публікі “выканана смела” мне даспадобы. Для такой яркай індывідуальнасці, як Клебановіч і яе Кіці, і касцюмы павінны былі быць яркімі, кідкімі. Найвышэйшая пахвала для мяне і рэакцыя гледачоў, і ўдзячнасць самой Вольгі Міхайлаўны.

— А калі рэжысёр катэгарычна не прымае вашага рашэння касцюма?

— Ёсць рэчы чыста рэжы­сёрскія, і я, мастак, не павінна пераступаць рысу і ўваходзіць на яго тэрыторыю. Калі ён не прымае, я шукаю далей…

— Што для вас у працэсе работы дызайнера з’яўляецца самым цяжкім?

— Мне важна меркаванне рэжысёра на першай прымерцы. І я, як правіла, іх запрашаю, улічваючы, што вынік потым будзе лепшым. Здараецца, што акцёр можа капрызнічаць па розных прычынах, не таму, што ў касцюме нешта дрэнна. Усялякае бывае з чалавекам: галава баліць, пасварыўся з кімсьці, не паснедаў… Ці мала што. А мне трэба, каб ужо з першай прымеркі ўсе прынялі касцюм, каб пасля не давялося ўносіць змены. Таму яна і з’яўляецца цяжкім момантам. Вядома, без змен, як я ўжо гаварыла, не абыходзіцца, але гэта звычайны працэс. Але самае складанае для мяне, калі акцёры выходзяць у касцюмах на сцэну. Як правіла, там яшчэ няма асвятлення, цалкам выстаўленых дэкарацый… І касцюм можа “разваліцца” на вачах. У мяне быў спектакль “Суцяшальнік удоў” па п’есе італьянскіх драматургаў Джузэпэ Мароты і Белізарыа Ранданэ. Ставіў яго Вітас Грыгалюнас, а над дэкарацыямі працаваўВеніамін Маршак. Калі акцёры з’явіліся на сцэне, я ледзь не страціла прытомнасць: касцюмы не “працавалі”, глядзеліся жудасна. Дэкарацыі заглушылі мае касцюмы. Я была ў стане шоку. А Маршак на рэпетыцыю не прыходзіў. Тэлефаную яму, кажу: жах, няма адзінства дэкарацый і касцюмаў…  Ён мяне супакойвае, маўляў, усё будзе ў парадку. Так і здарылася. Паставілі святло, нейкія дэталі ў сцэ­награфіі прыглушыліся, і касцюмы зайгралі. Паціху я навучылася не панікаваць і спакойна пражываць гэтыя адказныя моманты ў сваёй прафесіі.

— Ці даводзілася вам у паскораным рытме рабіць касцюмы?

— Такіх сітуацый было шмат. Часам на сустрэчу з рэжысёрам я прыходзіла ўжо з гатовымі эскізамі, і яны прымаліся з ходу. Цікавы досвед быў над спектаклем “Дзядзечкаў сон”. Мне далі ўсяго месяц, а ў Дастаеўскага крыналіны, банты, карункі… ХІХ стагоддзе. Але я люблю экстрым. Сустракаюся з Аляксандрам Касцючэнкам, мастаком-пастаноўшчыкам, ён мне паказвае макет. Потым з рэжысёрам Мадэстам Абрамавым. Эскізы былі запушчаны ў работу пасля трэцяй нашай сустрэчы. Абрамаў дакладна сфармуляваў задачу, сказаўшы, што ў касцюмах павінна быць палітра мастака, гэта зна­чыць розныя колеры, вясёлка. А Маршак, вельмі яму ўдзячная, параіў пайграць фактурай тканіны, што я і зрабіла, зрушыўшы фокус зроку. Атрымалася цікава. З аднаго боку касцюмы адлюстроўвалі эпоху, а эфект прысутнасці рознай фактуры тканіны іх ажывіў, зрабіў лёгкімі.

— Якія вобразы прывабліваюць вас? І якая натхняе эпоха?

— Гэта мінулае, гісторыя. Рабіць касцюміраваныя спектаклі лягчэй. І стылізацыя мне падабаецца. Сучасныя ж спектаклі даюцца няпроста. Для іх і касцюмы нараджаюцца цяжка. Яны не павінны быць бытавымі, скажам, надзеў акцёр джынсы і майку. Калі гэта добра для кіно, то дрэнна ў тэатры. Так у мяне было з касцюмамі для спектакля “Ніначка”. Барыс Луцэнка, калі ўбачыў мае эскізы, сказаў, што гэта нікуды не гадзіцца. Я была раздаўлена, растлумачыла, што яго сурэжысёрам Уладзімірам Арловым, які мае вялікі досвед работы ў кіно, была пастаўлена такая задача. Потым мне давялося каля сотні эскізаў зрабіць, каб мы маглі на чым-небудзь спыніцца і апрануць герояў “Ніначкі”.

— Ці абавязкова для мастака па касцюмах шыць і ці шыеце вы самі?

— Такая практыка ў мяне была. Цяпер не шыю. І лічу, што можна дызайнеру і не шыць, але абавязкова разумець тэхніку крою і ўсе тонкасці, якія ведае швачка.

— Як бы вы апісалі свой асабісты стыль?

— Ува мне, напэўна, праяўляецца дызайнер адзен­ня. Многія касцюмы маіх герояў маглі б па-за сцэнай жыць самастойным жыццём. І выкарыстоўвацца для дэфіле. Магчыма, для наступнага юбілею я зраблю дэфіле са сваіх касцюмаў.

— Хто вашы любімыя дызайнеры?

— У свеце моды як асоба мне цікавы Джон Гальяна сваім тэатральным, гістарычным касцюмам. Яго дэфіле — заўсёды відовішча. Калі гэта вопратка, якую я хацела б купіць, то тады гэта Донна Каран.

Гутарыла Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter