Раман + Юлія = каханне!

Беларускі адказ шэкспіраўскай “Рамэо і Джульеце” дае мюзікл “Раман + Юлія”, прэм’ерай якога Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі днямі завяршыў сезон М юзікл “Раман + Юлія” першапачаткова быў заяўлены як спроба загаварыць з маладым гледачом на яго мове. Моладзь і сапраўды апошнім часам пацягнулася ў РТБД. І гэта было відаць па колькасці тынейджэраў, што прыйшлі на прэм’еру музычнага спектакля. Ставіць самыя смелыя эксперыменты, разглядаць часам вар’яцкія сцэнарыі, словам, быць у пастаянным творчым пошуку РТБД дапамагае Цэнтр беларускай драматургіі, які тэатр узрошчвае на сваіх плячах. Так, створаная Малая сцэна нараджае маладых сцэнографаў, акцёраў, рэжысёраў. Акцёраў на галоўныя ролі ў мюзікл (яны, дарэчы, яшчэ студэнты) адкрылі дзякуючы цэнтру. “Раман + Юлія” стаў экзаменам і для дырэктара тэатра, яго мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенкі, які паставіў спектакль сумесна з маладым рэжысёрам Кацяй Тарасавай. Пра ўдачу дэбюту гаварыць пакуль што рана — ад прэм’ер заўсёды трохі павявае сырасцю. Але зразумела адно: тэатр беларускай драматургіі на правільным шляху, а мюзіклу ўдалося закрануць душы сучаснай моладзі. Авацыі пасля спектакля не сціхалі.

Нехта з прадстаўнікоў старэйшага пакалення скажа: “Якая душа? Мабільнікі ды камп’ютэрныя гульні ў іх у галаве!” І нават калі гэта так, сучасныя васемнаццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты ўмеюць кахаць, сябраваць, думаць. Ва ўсякім разе, такімі іх убачыла драматург Дзіяна Балыка.
...Раман і Юлія знаёмяцца на дыскатэцы. Даведваюцца імёны адзін аднаго пасля таго, як ён заступіўся за яе, трапіўшы ў бойку. Зірнуўшы адзін аднаму ў вочы, разумеюць, што гэта сустрэча “абудзіла душу ад летаргіі зімы”. Бацькі сучасных Рамэо і Джульеты, як і іх прабацькі Мантэкі і Капулецці, таксама не могуць знайсці паразумення. Адносіны каханых ускладняюць невылечная хвароба Юліі — цукровы дыябет і трохмесячная стажыроўка Рамана ў Лондане (ён — музыкант). Раман гатовы адмовіцца ад светлай перспектывы ў кар’еры дзеля Юліі, аднак яна не прымае ад яго такой ахвяры. Расстанне герояў намаганнямі бацькоў магло разлучыць каханых назаўжды, але на дапамогу ім прыходзяць сябры.
Каб даведацца, наколькі вобразы сучасных Рамэо і Джульеты супадаюць з характарамі выканаўцаў галоўных роляў мюзікла — Андрэя Бібікава і Надзеі Цвятковай, звярнулася да іх саміх.
— На якія ахвяры вы маглі б пайсці дзеля кахання?
— На ўсе, — прызнаецца Надзея. — Гэта такое пачуццё, якое дастойна любых ахвяр.
— А я не ведаю, не магу адказаць на гэта пытанне, — гаворыць Андрэй, нарэшце адышоўшы ад сваёй дзяўчыны (як потым ён прызнаўся сам, гэта яго нявеста і ў верасні яны згуляюць вяселле).
— Якім было ваша першае каханне?
Надзея: — Першае каханне — гэта першыя слёзы. Адчула яго ў школьныя гады, калі была ў дзевятым класе. Гэта пачуццё мне нагадвае вялікі шар агніста-жоўтага колеру.
Андрэй: — Яно здарылася са мной, калі я паступіў вучыцца ў акадэмію мастацтваў. Ой, якія пачуцці былі! Як успомню, дык сорамна робіцца! Перажыўшы першае каханне, я стаў больш дарослым, асцярожным, паразумнеў, за што вельмі ўдзячны лёсу.
— Як вы пазнаёміліся са сваёй суджанай? — цікаўлюся ў маладога акцёра.
— Вельмі проста. Яна прыйшла на спектакль “Яма” па маёй п’есе.
— Вы яшчэ і драматург?
— На жаль, так. Мае п’есы ўжо адзначаліся на міжнародных фестывалях, аднак пісаць іх — настолькі пакутлівы працэс.
— Бацькі не ўмешваліся ў вашы першыя пачуцці?
Надзея: — Не. Яны ні пра што нават не здагадваліся.
Андрэй: — Мае ўмешваліся. І гэта зразумела. Усе бацькі клапоцяцца аб лепшай будучыні сваіх дзяцей. Мы і зараз з маім любімым татам можам паспрачацца, хто з нас лепшы, хто з нас мае рацыю (усміхаецца). Бацькі і дзеці — гэта адвечная тэма.
— У вашых сем’ях ёсць людзі акцёрскай прафесіі?
Надзея: — У мяне няма.
Андрэй: — У мяне таксама. Мае бацькі не маюць ніякіх адносін да тэатра. Гэта і добра, яны глядзяць маю работу на вялікай сцэне, і ім усё пада-
баецца!
— Як сталася, што абралі менавіта тэатральную дарогу ў жыцці?
Надзея: — Мне як быццам нешта падказвала, што патрэбна ісці вучыцца ў тэатральны. Хоць я вырасла ў вёсцы і тэатра ніколі ў сваім жыцці не бачыла, пакуль не прыехала вучыцца ў Мінск. Родам я з вёскі Майсееўшчына Барысаўскага раёна. Паверыць у свае сілы мне дапамагла мая старэйшая сястра. Яна заўсёды была за мяне. У нашай сям’і тры дачкі, я — самая малодшая. І, канешне, дзякую сваім педагогам Валерыю Анісенку, Марыі Захарэвіч, Іллю Львовічу Кургану, Людміле Сідаркевіч, Ігару Сігаву, Вераніцы Буслаевай... Прыйшла ў тэатр год таму.
Андрэй: — У РТБД вельмі добразычлівая атмасфера сярод калег. Я вельмі ўдзячны Валерыю Данілавічу Анісенку і іншым майстрам, якія мяне вучаць, не даюць сысці на няправільную дарогу. У мяне было больш як дваццаць роляў у Цэнтры беларускай драматургіі, але Раман — першая галоўная.
— Што ў рабоце над мюзіклам для вас было самым складаным?
Надзея: — Зводзіць у адно і тэкст, і песні, і харэаграфію. Гэта ў мяне пакуль што атрымліваецца не на “выдатна”. Але я працую над гэтым.
Андрэй: — Іграць у ім было складана фізічна. Я ў ім не толькі спяваю “ўжывую”, але і танцую, раблю акрабатычныя трукі. Трэба трымаць сябе, каб не збіць дыханне. Дарэчы, да спектакля ніколі не заўважаў за сабой вакальных здольнасцей. Я ўдзячны педагогам, якія за тры месяцы змаглі з майго голасу нешта выцягнуць. А ў харэаграфічным плане было не так складана. Я вучыўся ў 201-й мінскай школе ў класе з харэаграфічным ухілам. Цяпер вучуся на рэжысёра ў акадэміі мастацтваў.
— Наколькі вы падобныя на сваіх герояў Рамана і Юлію і чым адрозніваецеся?
Надзея: — Я таксама магла б пайсці супраць волі бацькоў дзеля кахання.
Андрэй: — Нас з Раманам аб’ядноўвае тое, што абодва любім музыку. Я — гітарыст. У мяне ёсць два калектывы — гурт “Прайд”, дзе граем добры метал, і “Пленэр”. А яшчэ наша агульная рыса — такія ж інфантыльныя па жыцці.
— Наколькі праблемы, узнятыя ў мюзікле, адпавядаюць праблемам сучаснай моладзі? З чым вы не можаце пагадзіцца з аўтарам сцэнарыя?
Надзея: — Мне здаецца, што твор не адлюстроўвае поўнай палітры тых перажыванняў, якімі жывуць сёння маладыя людзі. У ім многа гаворыцца пра цукровы дыябет, а на самай справе спектакль не пра невылечную хваробу, а пра нешта большае...
Андрэй: — Я да гэтай пары падводжу пад сумнеў створаны маёй ігрой вобраз Рамана. Хоць мне ўсяго 22 гады, не магу сказаць, як сёння жыве моладзь. Не паспеў з-за вучобы больш дасканала паназіраць за ёй. Працуючы ў тэатры, ты неяк па-іншаму ўспрымаеш жыццё, робішся нашмат сталейшым за сваіх аднагодкаў.
— Дзякуй за інтэрв’ю. Поспехаў вам!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter