Известные песни, стихи и детские книги — писатель Владимир Мозго стал любимым творцом для народа

Радзімы вялікай няма без малой

Уладальнік дзяржаўных узнагарод Уладзімір МАЗГО вядомы беларусам. Яго кніжкі яшчэ дваццаць з лішнім гадоў таму дзеці зачытвалі ўздоўж і ўпоперак. Кажу пра гэта, бо дакладна ведаю. Калі была невялікай дзяўчынкай, у мясцовай раённай бібліятэцы прыезд пісьменніка лічыўся святам для юных чытачоў. Прымалі за вялізную ўдачу ўбачыць на свае вочы сапраўднага аўтара кніг, госця ўважліва слухалі. Мінуў час, але не мінула народная любоў. Ізноў сама стала сведкай. На сёлетнім Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі выхаванцы творчай майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» выпадкова сустрэлі свайго героя, збегліся да яго на вуліцы, нібыта пчолкі на нектар. Малыя спяваюць песню на словы Уладзіміра Мазго «Несцерка», а кнігі гэтага аўтара стаяць у іх класе на самым пачэсным месцы. Пісьменнік вучыць дзятву патрыятызму, выхаванасці, густу:



— У кожным маім вершы, якая б тэма ў ім ні закраналася, гучыць выразная грамадзянская пазіцыя. Для мяне любімая краіна пачынаецца з малой радзімы, затым вытокі сягаюць далей: «Я памяць паклікаў, і кажа былое: // Радзімы вялікай няма без малое».
Ганаруся міралюбнасцю Беларусі, хараством яе прыроды, мовай. Хачу, каб наша краіна заставалася магутнай і незалежнай. Хай ва ўсім свеце ведаюць, як мы ўмеем будаваць эканоміку, зберагаць і развіваць культуру і літаратуру. Пра гэта і мае творы.

Ганаровы жыхар Зэльвеншчыны

Нарадзіўся пясняр у гарпасёлку Зэльва, дзе разліваецца рака Зальвянка. Мясцовыя аўтары абралі яе сімвалам сваёй творчасці, уключылі ў назву літаб'яднання, літаратурнай старонкі ў райгазеце. А Уладзімір Мазго прыдумаў для малой радзімы свой брэнд, што вядзе адлік з 1997 года, — свята паэзіі і музыкі «Зэльвенскія сакавіны»:

— Аднойчы запрасілі мяне землякі ў Зэльвенскую сярэднюю школу, якую скончыў. Прыехаў туды з радасцю. Цёплая сустрэча адбылася ў праграме тыдня дзіцяча-юнацкай кнігі. Тагачасны дырэктар СШ Юрый Лізуноў і загадчыца бібліятэкі Яніна Шматко прапанавалі пашырыць фармат і запрашаць у госці мастакоў, кампазітараў, паэтаў. Ідэя падалася мне цікавай. Чаму б і не? Свята стала абрастаць творчымі людзьмі. Спачатку запрашаў сяброў, хто лёгка пагаджаўся адправіцца ў няблізкую дарогу. У ліку першых гасцей — Уладзімір Марук, Міхась Пазнякоў, Алег Елісеенкаў…

З часам свята стала яшчэ больш маштабным і перамясцілася ў раённы Дом культуры. А паколькі пісьменнік нарадзіўся ў сакавіку, апроч таго месяц сімвалізуе пачатак вясны, абуджэнне прыроды, новыя сокі зямлі, імпрэзу назвалі «Зэльвенскімі сакавінамі». 

Прыязджае незлічона славутых гасцей. Напрыклад, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, фотамастак Уладзіслаў Цыдзік, народны артыст Эдуард Ханок, заслужаны артыст Дзмітрый Качароўскі, прафесар Іван Саверчанка, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Саламаха і Генадзь Пашкоў. Выдавецкі дом «Звязда» прэзентуе свае кнігі. Школьнікі з усяго раёна збіраюцца тут, развучваюць і выконваюць са сцэны вершы аўтараў-гасцей, а самадзейныя артысты спяваюць песні.

Раённая бібліятэка ўзяла на сябе арганізацыйныя абавязкі, а тутэйшыя жыхары ў захапленні, што могуць на свае вочы ўбачыць столькі творчых людзей. Невыпадкова завадатар свята Уладзімір Мазго ўдастоены звання «Ганаровы грамадзянін Зэльвеншчыны». Кажа, што для яго гэта адна з самых высокіх узнагарод, бо яна ад землякоў.

Сачыненні пісаў вершамі

Са школьных гадоў кемлівы Валодзя любіў чытаць, асабліва прыгодніцкія творы Васіля Віткі, Янкі Маўра. Пра апошняга аўтара асобная гісторыя:

— Вычытаў у часопісе «Бярозка» пра конкурс «Маё захапленне» і даслаў туды ліст, дзе расказаў, за што люблю «Палескіх рабінзонаў». Хоць і быў малы, але перамог. Як зараз помню сваё шчасце: атрымаў па пошце ганаровую грамату і кніжкі з подпісамі пісьменнікаў.

У газетах і часопісах для дзяцей і падлеткаў хлопчык чытаў творы аднагодкаў і дзівіўся, што тыя ўжо пішуць, а ён не. Падзеі разгарнуліся нечакана: дзесьці ў шостым класе пасля летніх канікул настаўніца загадала напісаць сачыненне пра восень. Думкі не ішлі, а да канца ўрока заставалася 15 хвілін. І раптам нахлынулі вершы.

— Ледзь паспеў іх занатаваць, — усміхаецца Уладзімір Мазго. — Настаўніца, праверыўшы сачыненні, паклікала мяне і спытала: «Валодзя, ты гэта сам напісаў?» — «Сам». Такой аказалася першая рыфмаваная спроба. Па беларускай мове і літаратуры ў мяне быў цудоўны настаўнік Аляксандр Міхайлавіч Голуб. Даваў мне чытаць шмат кніг, параіў вывучыць рытмічныя памеры. І я, каб не блытацца, будаваў для сябе схему з націскнымі і ненаціскнымі складамі. А потым пайшло! Як сэрца б'ецца, так і вершы сталі пісацца.

З часоў першай публікацыі Уладзіміра Мазго мінула 50 гадоў: верш «Дары восені» апублікавалі на літаратурнай старонцы зэльвенскай райгазеты «Праца», а побач творы мэтра Уладзіміра Ягоўдзіка. Дэбют акрыліў маладога творцу, і ён неўзабаве даслаў ліст у абласную «Гродзенскую праўду». Тагачасны літкансультант Васіль Быкаў пахваліў вершы і параіў накіраваць у дзіцячае выданне.


— Параду палічыў слушнай, склаў творы ў канверт і адправіў у газету «Піянер Беларусі» і часопіс «Бярозка», — прызнаецца пісьменнік. — Шмат чакаць не прыйшлося. На працягу месяца ў газеце надрукавалі адзін верш, а ў часопісе — другі. Ад аднагодкаў атрымліваў стосы лістоў з прапановамі перапісвацца, гэта таксама паслужыла для мяне вялікім стымулам. Першае пісьмо было з Буда-Кашалёўскага раёна ад Лены Рэпчанка, творчай дзяўчынкі, — доўга з ёй перапісваліся.

У такіх салідных тоўстых літаратурных часопісах, як «Маладосць», школьніку надрукавацца складана. Між тым таленавіты хлопчык з Зэльвеншчыны дэбютаваў у гэтым выданні дзесяцікласнікам, атрымаўшы цёплы водгук ад тагачаснага рэдактара аддзела паэзіі Міколы Аўрамчыка. У школу на імя Валодзі Мазго прыходзіла многа грамат. Як толькі пачыналася лінейка — ледзь паспяваў за імі выходзіць.

Рамантык, ён збіраўся паступаць у мараходнае вучылішча, але мудрыя настаўнікі своечасова скіравалі. Пераканалі: пішаш, друкуешся, пацвярджаеш літаратурныя здольнасці — значыць, не шукай жорава ў небе, а паступай на філфак БДУ. Прафесар Алег Лойка заадно запрасіў яго ва ўніверсітэцкае літаб'яднанне «Узлёт». Будучы пісьменнік прыслухаўся. Не так што і будучы… Ужо на заканчэнне сярэдняй школы ў яго склалася цэлая аўтарская кніжка, прынамсі большая яе частка.

Акуліст лечыць акул?

Уладзімір Мазго падаў дакументы на філфак БДУ. Лёгка паступіў, паспяхова вучыўся. І ўжо на першым курсе ў сяброў «Узлёту» выйшаў калектыўны зборнік «Вёска», які яшчэ больш акрыліў юнага Валодзю. А далей чакала служба ў войску. Калегі па творчым цэху Рыгор Барадулін, Мікола Мятліцкі падтрымлівалі салдата, каб не кідаў пяро. Урэшце ў паэтычную скарбніцу дадаліся вайсковыя вершы, і рукапіс сваёй першай аўтарскай кнігі Уладзімір Мазго прапанаваў у выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Рэцэнзентам стаў патрабавальны крытык Фёдар Яфімаў. Хоць мне тады і быў 21 год, рукапіс ён не зарэзаў, а ўхваліў. Так выйшла кніжка «Пад спеў крыніц». Праз год падаў заяву на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў БССР. У адзін дзень разам са мной туды прынялі Алеся Пісьмянкова, Уладзіміра Марука, Віктара Шніпа і іншых выбітных аўтараў.

Спачатку Уладзімір Мазго, за невялікім выключэннем, пісаў толькі для дарослых. На першым курсе даслаў дзіцячы верш у часопіс «Вясёлка», і галоўны рэдактар Еўдакія Лось паабяцала надрукаваць у вераснёўскім нумары. 

— А нас, студэнтаў, якраз адправілі на бульбу ў Бярэзінскі раён, — расказвае пісьменнік. — Так хацеў убачыць свой верш, што адпрасіўся і паехаў у райцэнтр у газетны кіёск за «Вясёлкай». Стаў пісаць для дзяцей больш актыўна, калі нарадзіўся сын Андрэй: у аснову ляглі назіранні за ім. Так выйшла першая кніжка для малечы.

Самі назвы кніг цёплыя, незвычайныя: «Казкі ката-марахода», «Вавёркі лушчаць зоркі», «Слоны с Луны», «Цуда-вуда». Кот-мараход, напрыклад, і ў кругасветнае падарожжа збіраецца, і марскіх піратаў перамагае, танцуе ў Антарктыдзе з вясёлымі пінгвінамі, сябруе з кітом-веліканам. Гэта толькі частка цудаў. Шмат жартоўных сюжэтаў падказваюць самі дзеці. Кажа неяк суседскі хлопчык: «Дзядзька Валодзя, баюся ісці ў паліклініку да акуліста, бо ён лечыць акул». Або аднойчы сын распавёў: «Тата, у бабулі такі круты певень, задзіраецца заўсёды, лезе біцца» — урэшце атрымаўся казачны верш. «З італьянскага альбома: у сяброў — нібыта дома» — такі цыкл твораў выйшаў ва Уладзіміра Мазго, калі яму сын ва ўсіх фарбах расказаў пра гасцяванне ў італьянскай сям'і. Фантазія таксама найлепшы спадарожнік для дзіцячых твораў.

Песні — асобная старонка паэта. Далёка не кожны аўтар складзе словы, якія б загучалі на музыку. Ва Уладзіміра Мазго гэта атрымліваецца. «Святло вачэй», «Косы твае», «Вечарынка», «Вербніца» і многія іншыя песні на яго тэксты выконваюць Анатоль Ярмоленка, Алеся, Ірына Дарафеева, спявалі Валерый Дайнека і Якаў Навуменка.

— Прычасціўся да песень, калі быў старшакласнікам, — канкрэтызуе Уладзімір Мазго. — У Зэльве дзейнічаў славуты ансамбль «Русічы», а вучні нашай школы стварылі яго маладзёжны спадарожнік і папрасілі мяне напісаць словы да некалькіх музычных твораў. Так і пайшло. Пазней са мной звязаліся кампазітары, якія супрацоўнічалі з Дзяржаўным канцэртным аркестрам Міхаіла Фінберга. З часам пазнаёміўся з Алегам Елісеенкавым, Эдуардам Ханком, Леанідам Захлеўным, Якавам Навуменкам. Песні ліліся самі сабой, і гэта мяне яшчэ больш акрыляла.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter