Радзiма Iвана Мележа прыме да свята новае аблiчча

Неабыякавых людзей просяць прыняць удзел у падрыхтоўцы Дня пiсьменства

Паважаныя сябры!

Штогод у першую нядзелю верасня наша краiна адзначае нацыянальнае свята – Дзень беларускага пiсьменства. У гэты дзень мы аддаём данiну павагi нашым продкам, якiя стварылi фундамент адукацыi i пiсьменства, усiм, хто на працягу стагоддзяў шанаваў i нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто ўпрыгожыў айчынную i сусветную культуру сваiмi бессмяротнымi творамi. Сталiцай XVII Дня беларускага пiсьменства ў 2010 годзе стануць Хойнiкi. Гэты непаўторны край узгадаваў не толькi народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, якi на ўвесь свет праславiў родную зямлю сваёй “Палескай хронiкай”, тут таксама нарадзiлiся i выраслi празаiк Барыс Сачанка, паэт Мiкола Мятлiцкi, паэтэса Ала Канапелька i iншыя, якiя сваёй творчасцю ўслаўлялi Хойнiкшчыну i яе працавiтых жыхароў.

Каб Дзень беларускага пiсьменства прайшоў на самым высокiм узроўнi, запрашаем усiх неабыякавых людзей прыняць удзел у яго падрыхтоўцы. Вялiкiх затрат патрабуе добраўпарадкаванне Хойнiкаў: неабходна рэканструяваць дзiцячую бiблiятэку, Дом культуры, гарадскi парк, былую панскую сядзiбу, дзе неўзабаве будзе адкрыты краязнаўчы музей. У горадзе з’явяцца скульптурныя кампазiцыi герояў твораў Iвана Мележа. Асабiста мы запрашаем прыняць удзел у дабрачыннай акцыi тых жыхароў Хойнiкшчыны, якiх лёс раскiдаў па розных кутках нашай краiны.

У вас ёсць шанс пакiнуць сваё iмя ў сучаснай гiсторыi нашага краю. Свае грашовыя ахвяраваннi можна дасылаць на разлiковы рахунак 3641430000057 у фiлiяле 326 ААБ «Беларусбанк», МФО 151501685, г. Хойнiкi, вул. К. Маркса, 4, УНН 400057081, ОКПО 04063463. Створым свята разам!

Нацыянальны арганiзацыйны камiтэт па падрыхтоўцы i правядзеннi Дня беларускага пiсьменства ў г. Хойнiкi

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter