Радзіма шматгранных талентаў. У кожнага краю ёсць свая адметнасць.

У Клімаўшчыны іх нават некалькі. Славіцца гэты рэгіён тым, што аж 46 мясцовых жанчын удастоены ганаровага звання “Маці-гераіня”. Тутэйшыя і дзевяць генералаў, якія ў розны час займалі высокія пасады ў Савецкай Арміі. А яшчэ клімавіцкая зямля ўзгадавала і дала пуцёўку ў свет 17 вядомым грамадскім дзеячам Беларусі і вучоным у розных галінах навукі. Нямала таленавітых пісьменнікаў, педагогаў лічылі і лічаць тутэйшыя краявіды роднымі і блізкімі. Пра ўсё гэта, а таксама пра іншыя гістарычныя цуды, славутасці — наш аповед.

У Клімаўшчыны іх нават некалькі. Славіцца гэты рэгіён тым, што аж 46 мясцовых жанчын удастоены ганаровага звання “Маці-гераіня”. Тутэйшыя і дзевяць генералаў, якія ў розны час займалі высокія пасады ў Савецкай Арміі. А яшчэ клімавіцкая зямля ўзгадавала і дала пуцёўку ў свет 17 вядомым грамадскім дзеячам Беларусі і вучоным у розных галінах навукі. Нямала таленавітых пісьменнікаў, педагогаў лічылі і лічаць тутэйшыя краявіды роднымі і блізкімі. Пра ўсё гэта, а таксама пра іншыя гістарычныя цуды, славутасці — наш аповед.

Падарункі гісторыі

Менавіта так называюць скарбы, якія знаходзяць праз сотні гадоў. Бо яны вучоным і знаўцам даўніны даюць вельмі выразныя карціны эканамічнага стану, гандлёвых сувязей, узроўню дабрабыту нашых далёкіх продкаў. Два самыя значныя і вядомыя з такіх падарункаў зрабіла і клімавіцкая зямля. Больш за два стагоддзі таму на тэрыторыі сучаснага райцэнтра быў знойдзены скарб, які ўтрымліваў 1815 рымскіх сертэрцыяў і дынарыяў і быў закапаны, як вылічылі вучоныя, яшчэ ў другім стагоддзі нашай эры.
Гэтая знаходка не толькі лічыцца самым буйным скарбам антычных манет, знойдзеным на тэрыторыі Беларусі, але і дала магчымасць устанавіць, што яго ўладальнік быў чалавекам заможным і схаваў сваё багацце напярэдадні нейкіх грамадскіх катаклізмаў. Скарб пацвердзіў таксама той факт, што ўжо 1,5—2 тысячы гадоў назад насельнікі тутэйшых месцаў падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з тагачаснымі сусветнымі дзяржавамі. Гэта значыць, што і самыя якасныя тавары, вырабленыя ў іх, былі даступныя жыхарам Пасожжа.
Яшчэ адзін скарб у час ворыва на прысядзібным участку выкапаў у 1926 годзе селянін вёскі Стары Дзедзін Трафім Гудкоў. Пасля вывучэння манет, што знаходзіліся ў гліняным гаршку, было ўстаноўлена, што чаканіліся дзіхрэмы ў Анціохіі, Багдадзе, Хамадане, Ісфахане, Самаркандзе, Бухары. Візантыйскія міліярысіі — канстанцінопальскага паходжання, дынарыі — германскага. А скарб быў схаваны прыкладна ў 980—985 гадах.
Апошнюю знаходку падаравала клімавіцкая зямля зусім нядаўна — у мінулым годзе. Жыхарка вёскі Мілаславічы Вольга Карасёва на ўласным агародзе выкапала больш за паўтары сотні манет, якія датаваны ХVІІІ—ХІХ стагоддзямі. Відавочна, што скарб пабываў у пажары, бо некаторыя манеты паплавіліся ад агню.

Два прафесары з адной сям’і

Розніца ва ўзросце братоў Сяргея і Аляксандра Кавалёвых з сялянскай сям’і вёскі Мілаславічы — дзесяць гадоў. А вось жыццёвы шлях, які яны выбралі, амаль аднолькавы. Абодва прысвяцілі сябе грамадскай дзейнасці і вывучэнню грамадскіх навук. Старэйшы, Сяргей Мітрафанавіч, у 15 гадоў падаўся ў Маскву, стаў навучэнцам чыгуначнага тэхнікума. Але дзве вышэйшыя адукацыі атрымаў гуманітарныя. Працаваў на партыйных пасадах, на ніве журналістыкі. Апублікаваўшы больш як дзесятак кніг, стаў прафесарам Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, установы ў той час вельмі аўтарытэтнай.
Аляксандр Мітрафанавіч Кавалёў мае не горшы пслужны спіс. Доктар філасофскіх навук, прафесар, ён загадваў адной з гуманітарных кафедраў Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удастоены высокага звання “Заслужаны дзеяч навукі РСФСР”, лаўрэат Ламаносаўскай прэміі. За перыяд навуковай дзейнасці стаў аўтарам амаль ста навуковых прац.
Так простыя сялянскія хлопцы пакаралі вяршыні навукі.

Рудня — ад слова “руда”

Менавіта этымалогія назвы гэтай вёскі навяла на думку аб тым, што некалі, у вельмі далёкія часы, тут здабывалі руду, а значыць, выраблялі металічныя прадметы ўжытку і іншага прызначэння. І сапраўды, чаканні вучоных-археолагаў спраўдзіліся. Тое, што ўдалося знайсці ў зямлі, на думку дацэнта кафедры археалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Аляксандра Коласава, стала сапраўднай навуковай сенсацыяй у археалогіі Пасожжа. Было здабыта каля 40 тысяч артэфактаў, якія засведчылі, што людзі тут жылі 12—10 тысяч гадоў назад, пераважна паляўнічыя. Зрабіць такое заключэнне падставы даюць выбітыя на камянях малюнкі з выявамі птушак (качак), а таксама формы для адціскання ножападобных пласцін, што ішлі на выраб наканечнікаў стрэл і іншых завостраных прадметаў. Займаліся старажытныя насельнікі Рудні і земляробствам, жывёлагадоўляй, бо сярод знаходак трапіліся і серпападобныя прылады.
Засялялася вёска і ў больш познія часы. Пра гэта сведчаць знаходкі, якія адносяцца да перыяду Старажытнай Русі.

Царква ад... генерала

Літаральна ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Расіяй у вёсцы Звянчатка шэсць гадоў назад пабудавана прыгожая драўляная царква, якая атрымала імя Васіля Вялікага, святога чалавека, што жыў у ІV стагоддзі. Гэты храм за ўласныя сродкі ўзвёў тутэйшы ўраджэнец, а зараз расійскі генерал Васіль Чэмісаў і падараваў аднавяскоўцам.
Храм Васіля Вялікага — самы малады з чатырох цэркваў клімавіцкай зямлі. Куды больш багатую гісторыю маюць іншыя культавыя збудаванні. Свята-Міхайлаўская царква, скажам, узводзілася ў Клімавічах у пачатку другой паловы ХІХ стагоддзя па загаду начальніка Паўднёва-Заходняга краю графа Мураўёва. Зараз тут не толькі праходзяць богаслужэнні, але і працуе дзіцячая нядзельная школа.
Жыхары суседніх з Мілаславічамі вёсак маюць магчымасць наведваць Свята-Увазнясенскую царкву, якой некалі імператар Аляксандр ІІІ падараваў ікону Хрыста Збавіцеля. І толькі храм Святога Духа ў вёсцы Галічы пакуль што знаходзіцца ў стадыі аднаўлення. Але трэба верыць, што і тут праз пэўны час загучаць званы.

Рэспубліка ў... рэспубліцы

У жыхароў некаторых куткоў Клімавіцкага краю можна сустрэць яўна не беларускія прозвішчы. Здавалася б, нічога дзіўнага ў гэтым няма: у розныя часы людзі шукалі лепшай долі, вандравалі па белым свеце і атабарваліся там, дзе ім больш падабалася. Але ў клімавіцкіх “іншародцаў” гісторыя іншая. У другой палове ХІХ стагоддзя пасля адмены прыгоннага права мясцовы памешчык В.Я.Каміёнка ўгаварыў перасяліцца ў свае ўладанні 60 сем’яў латышоў. Зрабіў гэта наўмысна, бо лічыў, што латышскія сяляне валодаюць лепшай культурай земляробства, што адпавядала сапраўднасці, і сваё сялянскае ўменне распаўсюдзяць на мясцовых земляробаў. Так у клімавіцкіх вёсках з’явіліся прозвішчы Більдэр, Антусевіч, Разенштэйн...
У першыя гады Савецкай улады, а дакладней, у 1924 годзе, у вёсцы Галіцкая Мыза нават існаваў нацыянальны латышскі сельскі Савет, у якім справаводства вялося на латышскай мове. Працавала двухкамплектная нацыянальная школа. З Рыгі прыязджалі з выступленнямі прафесійныя артысты і музыканты. Тут жа арганізаваўся адзін з першых у раёне калгасаў.
Але працаваў латышскі сельсавет усяго 14 гадоў. Калі пачалося масавае выкрыццё “ворагаў народа”, рэпрэсіі закранулі і яго жыхароў. Каго расстралялі, каго выслалі ў Сібір. Пасля вайны нехта пажадаў вярнуцца на сваю этнічную радзіму, іншыя рассяліліся па ўсім Саюзе, той-сёй застаўся на клімавіцкай зямлі. Але ў вёсцы Мыза ўжо няма жыхароў. І пра былую латышскую “рэспубліку” напамінае толькі адметная гаворка тутэйшых жыхароў, у якой нярэдка трапляюцца латышскія словы, ствараючы своеасаблівы дыялект.

Ціхія воды крынічныя

Пра крыніцы Магілёўшчыны, з якіх бруіцца празрыстая, смачная і, як лічыцца, гаючая вада, існуе шмат паданняў і легендаў. Не менш іх перадаецца з вуснаў у вусны і на Клімаўшчыне. Бо гэтая зямля, бадай, як ніякая іншая, поіць сваіх жыхароў жывой вадой з мноства крыніц і ручаёў, сярод якіх Святая, Іржавая, Рагатун, Грымучая, Калакольная, Антанёнкава, Мадэстава, Бабічэнкава, Вішнеўская, Саўкіна. Як бачым, назвы многіх паходзяць ад імён уласных. Гісторыя захавала ў сваёй памяці тых, хто або адкапаў, або добраўпарадкаваў водныя крыніцы. Але ёсць і адметныя. Напрыклад, вада ў ручаі Рагатуне цячэ з такімі гукамі, нібы нехта залівіста смяецца. Грымучая, што ля вёскі Зімніца, утварае шум, які чуваць далёка наўкол. У Калакольнай свая легенда. Людзі распавядаюць пра ўкрадзеныя з царквы вёскі Родня званы, якія зладзеі пры пераправе праз раку Мурашку скінулі на бераг. Званы “патанулі” ў глебе, а з гэтага месца ўдарыла крыніца.
Ад крынічнай вады (тады крыніца называлася Іванаўскай) вярнуўся зрок да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Леанардавіча Елісеенкі. Потым гаючая крыніца аказалася ў заняпадзе. Але дачка Елісеенкі разам са старажыламі адшукала яе. Быў зроблены дубовы зруб, прасечана праз зараснік сцяжынка, пракладзены водаадвод. Людзі пацягнуліся сюды. Ды толькі за водаадводам, дзе ручаіна сцішвала хаду, пачала збірацца “іржа”. Таму і “перайменавалі” крыніцу ў Іржавую.

Русалачка

Амаль з кожных спаборніцтваў па плаванні 13-гадовая клімаўчанка Аляксандра Карніенка абавязкова вяртаецца з медалямі. І большасць з іх — вышэйшай спробы. У дванаццаць гадоў Шура стала майстрам спорту. На чэмпіянаце краіны славутыя брасісткі разглядаюць яе як сур’ёзную саперніцу. І трэнер таленавітай плыўчыхі Сяргей Зацюпа лічыць, што ў дзяўчынкі ўсё атрымаецца.
А Аляксандра пасля вяртання з кожнага спаборніцтва трапляе ў абдымкі бабулі Ніны Аляксандраўны, якая заўсёды сустракае ўнучку кветкамі і салодкімі прысмакамі. Менавіта ж яна прывіла дзяўчынцы любоў да плавання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter