Радавыя Перамогі.  “Мой бацька Аляксандр Мікітавіч ЖОЛУДЗЕЎ жыў у вёсцы Клётчына Шумілінскага раёна.

На фронт быў накіраваны ў 1941 годзе. Прапаў без вестак. Ларыса Аляксандраўна Каваленка, Ушацкі раён”.

“Мой брат Іван Іванавіч ФЁДАРАЎ у снежні 1940 года быў прызваны на службу ў армію. Апошні ліст ад яго атрымалі ў сакавіку 1941-га, вучыўся на вадзіцеля танка. Больш пі-сем не было, і дадому пасля вайны ён не вярнуўся. Лідзія Іванаўна Кужалева, Віцебск”.

“Шукаем звесткі пра братоў маці Уладзіміра Сільвестравіча і Івана Сільвестравіча ЖУКОЎСКІХ. Уладзімір Жукоўскі быў прызваны на ваенныя зборы, там і застала яго вайна. Іван Жукоўскі служыў на граніцы. Дадому пасля вайны браты Жукоўскія не вярнуліся. Ад імя ўсіх пляменнікаў Ніна Вікенцьеўна Шыбко, Пухавіцкі раён”.

“Дапамажыце ў пошуку звестак пра дзядзьку Мікалая Фёдаравіча БЕГУНОВА, 1923 года нараджэння, ураджэнца вёскі Калічэнка Клічаўскага раёна. З першых дзён вайны быў у 61-й партызанскай брыгадзе. Пасля вызвалення Беларусі яго прызвалі ў Чырвоную Армію, ваяваў на Другім Беларускім фронце, палявая пошта 01981. Юрый Лявонавіч Шагаў, Мінск”.

“Мой бацька Фёдар Сямёнавіч ПАЎЛОВІЧ працаваў у Мінску шафёрам. У першыя дні вайны быў накіраваны на фронт. Прапаў без вестак. Любоў Фёдараўна Рунцо, Мінск”. “Брат нашай маці Іван Іосіфавіч ДАМАШЭВІЧ, 1923 года нараджэння, жыў на хутары Чмелішча ў Ганцавіцкім раёне былой Пінскай вобласці. У сям’і яго звалі Янакам. У 1942 годзе разам з іншымі маладымі людзьмі фашысты забралі Янака на прымусовыя работы ў Германію. Усе, хто быў разам з ім у лагеры Вэдэль, пасля вайны вярнуліся дадому, а наш дзядзька прапаў без вестак. Фелікс Паўлавіч Варвашэвіч, Ганцавіцкі раён”.

“Мой бацька Міхаіл Юльянавіч БАРКОЎСКІ, ураджэнец Лагойскага раёна, быў брыгадзірам, арганізоўваў калгас. Незадаволеныя людзі напісалі на яго заяву, і ў 1937 годзе бацьку арыштавалі. Ён быў асуджаны і на 10 гадоў пазбаўлены волі. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобласці. У апошнім пісьме, якое атрымалі ў 1941-м, бацька паведамляў, што хутка вернецца дадому, бо стараннай працай адбывае год за два. Але потым была вайна. Дадому ён не вярнуўся, і мы не ведаем пра яго лёс. Антон Міхайлавіч Баркоўскі, Мінск”.

“Шукаю магілу брата Мікалая Клімавіча КУЗНЕЧЫКА, ураджэнца вёскі Чухвары Віцебскага раёна. Служыў у ваенна-паветраных войсках у Паставах. Загінуў у час вайны. Ганна Клімаўна Паплёўка, Барысаў”.

“Шукаю звесткі пра стрыечнага брата Васіля Фёдаравіча ПАДДУБЕЦКАГА, ураджэнца вёскі Турэц Карэліцкага раёна, які ў час вайны апынуўся ў Арміі Краёвай. Іван Апанасавіч Забаўскі, Мінск”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter