Рабочае слова Рыгора Федарцова

Рыгор Федарцоў — поўны кавалер ордэнаў Працоўнай Славы

Поўны кавалер ордэнаў Працоўнай Славы больш за сорак гадоў свайго 52-гадовага працоўнага стажу прысвяціў аднаму прадпрыемству — Гомельскаму заводу гандлёвага абсталявання

На адным з мінулых тыдняў тэлефон у сціплай гомельскай кватэры Федарцовых, што на вуліцы 2-й Калгаснай, вобразна кажучы, расплаўляўся ад пастаянных званкоў. І не дзіва: гаспадар яе Рыгор Іванавіч Федарцоў з жонкай Вольгай Цімафееўнай у гэты перыяд з розніцай у тры дні адзначалі свае 80-гадовыя юбілеі.

Нямала цёплых віншаванняў і пажаданняў адрасавалі «залатой» сямейнай пары (Федарцовы пражылі разам у ладзе ды згодзе паўстагоддзя. — Аўт.) іх родныя, знаёмыя, вучні і былыя калегі. А кіраўнікі гарадскіх улад, Белкаапсаюза, прафсаюзных органаў Гомельшчыны ўвогуле палічылі неабходным наладзіць шырокае ўшанаванне аднаго з нямногіх у сённяшняй Беларусі поўных кавалераў ордэнаў Працоўнай Славы ў абласным савеце ветэранаў і на сходзе калектыву роднага яму Гомельскага завода гандлёвага абсталявання. Пад шчырыя апладысменты завадчан Федарцову ўручылі ганаровы нагрудны знак «40 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажыўкааперацыі Беларусі»... Паказальна, што вядомасць і грамадскае прызнанне Рыгору Іванавічу прынесла не нейкая высокая кіраўніцкая пасада. І нават не талент артыста ці адметныя навуковыя адкрыцці. А сціплая, але патрэбная людзям рабочая прафесія.

...Свайго бацьку, настаўніка матэматыкі мясцовай школкі, Рыгор страціў у самым пачатку Вялікай Айчыннай. Тэрмінова мабілізаваны ў дзеючую армію, той бясследна згінуў на адным з абаронных рубяжоў недалёка ад роднай вёскі Сямёнаўка, што на Рагачоўшчыне. Значная частка мужчынскіх клопатаў легла на хударлявыя плечы васьмігадовага хлопчыка. Бяда адна не ходзіць: пры адступленні фашысты спалілі хату Федарцовых. Да таго, як купілі з маці іншы дом, выпускніку сямігодкі давялося пазнаць сапраўдную цану кавалка хлеба на мясцовым торфапрадпрыемстве «Беліцкае». Пачаткам свайго прафесійнага станаўлення сённяшні ветэран працы лічыць пасляваенны 1950-ы, калі яго прынялі вучнем фрэзероўшчыка на «Гомсельмаш». Выпрабаванні для «зялёнага» па тым часе работніка былі няпростыя. «Прыносяць, напрыклад, мадэль «адфрэзераваць» і ўмову ставяць: сапсуеш — два месяцы будзеш бязвыплатна працаваць», — вяртаецца памяццю ў тыя дні Федарцоў. Спраўляцца з заданнямі — калі парадай, а калі практычна — дапамагалі вопытныя калегі-настаўнікі. Аднаго з такіх — Валянціна Герасімава — Федарцоў згадвае з асаблівай цеплынёй:

— Майстар ад Бога быў. Працуючы за станком, нярэдка і на прыхопленую з дому ссабойку забываўся...

...Вучоба, якая спалучалася з упартасцю і прыроднай кемлівасцю Рыгора, не прайшла дарма: паступова маладога фрэзероўшчыка пачалі ставіць у прыклад заводскай моладзі. А сам ён усё болей уцягваўся ў грамадскую дзейнасць на прадпрыемстве. Як перадавіка і маладзёжнага актывіста, яго аднойчы запрасілі ў райкам камсамола і прапанавалі пуцёўку на асваенне цаліны. Тады, у 1954-м, удзел у «раскручанай» савецкімі ідэолагамі кампаніі з’яўляўся для кожнага з маладых грамадзян вялікай краіны гонарам.

— Праўда, умовы, у якіх даводзілася жыць цаліннікам, былі часам экстрэмальнымі: ля «буржуек», што сагравалі людзей у прамерзлых палатках, не было магчымасці нават пасушыць мокрыя боты і ватоўкі, — аднаўляе перажытае Федарцоў.

...З цаліны сельмашавец вярнуўся не толькі з граматамі і падзякамі за сумленную працу, але і абвостранай хваробай тазасцегнавых суставаў. Крыху падлячыўся — і зноў у родны цэх. Заказы нядаўняму цалінніку сталі прапаноўваць больш сур’ёзныя, часткова іх размяшчалі на машынабудаўнічым флагмане пабочныя арганізацыі. У ліку такіх быў і толькі створаны Гомельскі завод гандлёвага абсталявання Цэнтрасаюза. А паколькі Федарцоў не меў звычкі падзяляць заданні на «свае» і «чужыя», усе дэталі фрэзераваў з уласцівай яму руплівасцю, заказы кааператараў усё часцей станавіліся «адраснымі»: іх выкананне прасілі даручыць Рыгору Іванавічу. І аднойчы, сустрэўшыся з фрэзероўшчыкам, адзін з кіраўнікоў гэтага прадпрыемства прапанаваў: пераходзь на наш завод.

...Так з 1963 года ў працоўнай біяграфіі Федарцова пачаўся новы адлік.

— Вядома, пры прыняцці рашэння не апошняе месца займала прывабная зарплата і абяцанне кіраўніцтва завода гандлёвага абсталявання прадаставіць мне жыллё, — кажа ветэран. — Хацелася ж дапамагчы маці і малодшым братам...

У адказ на клопат аб сабе працаваць маладому рабочаму давялося напружана. І не толькі за фрэзерным, даўбёжным або стругальным станкамі. Частка абсталявання яшчэ стаяла на заводзе ва ўпакоўцы. Устаноўкай і наладкай яго займаліся заводскія прафесіяналы, у ліку якіх аказаўся Федарцоў. Нямала сіл па-ранейшаму адбірала грамадская работа: завадчане ахвотна давяралі ініцыятыўнаму сатаварышу права прадстаўляць іх інтарэсы ў выбарных органах. Яго неаднаразова выбіралі старшынёй цэхкама, членам заводскага прафсаюзнага камітэта, уключалі ў склад аблсавпрафа, Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі другога склікання... Верылі: не падвядзе.

На цяжкасці Федарцоў не наракаў, хоць, прызнаецца, часам неўпрыкмет зайздросціў мернаму жыццю калег:

— Многія, адпрацаваўшы змену, прыбіралі станок — і дахаты. Мне ж пасля працы патрэбна было спяшацца на пасяджэнне прафкама або гарадскі сход. Ці як старшыні жыллёвай камісіі ехаць на абследаванне ўмоў пражывання завадчан. Часам прадастаўлялі для гэтага аўто, але так шчасціла зрэдку...

Сярод шматлікіх грамат, дыпломаў ды падзяк (іх, жартуе Федарцоў, ужо два чамаданы набралася) значнае месца займаюць узнагароды, уручаныя за рацыяналізатарства. Займаўся ім рабочы, што называецца, не адыходзячы ад станка. Аб афармленні патэнтаў і пасведчанняў на вынаходніцтвы і «рацухі» тады Рыгор Іванавіч клапаціўся менш за ўсё. Наадварот, ахвотна дзяліўся сваімі «адкрыццямі» з калегамі. Шчыра радаваўся, калі гэта дапамагала камусьці прафесійна ўдасканальвацца, служыла людзям. Помніцца, вельмі працаёмкім для станочнікаў быў працэс вырабу перамычак трубных злучэнняў маслаправодаў шляхам вертыкальнага фрэзеравання. Таму і выконваць такую працу ахвотнікаў было няшмат. Як спрасціць задачу, забяспечваць «даводку» 45-градуснага вугла дэталі з найменшымі намаганнямі? Роздум над гэтымі пытаннямі аднойчы прывёў Федарцова да «прарыўнога» рашэння: а што калі выконваць гэту аперацыю на гарызантальным станку, з прымяненнем адразных фрэз замест канцавых? Поспех быў рэальны. Цяпер фрэзероўшчык мог без страты якасці адначасова апрацоўваць не адну, а дзесяць дэталяў. Да таго ж адразныя кавалкі металу можна было адпраўляць на пераплаўку, а не страчваць у выглядзе стружкі...

Разам з вопытам да Рыгора Федарцова прыходзіла грамадскае прызнанне. Яго прозвішча не аднойчы заносілася на раённую і абласную дошкі гонару, перадавік быў узнагароджаны медалём «За добрасумленную працу», знакам «Выдатнік спажывецкай кааперацыі», сярэбраным медалём і лаўрэацкім знакам ВДНГ СССР, адзначаўся ён і як ударнік пяцігодак. А ў сакавіку 1976 года на грудзях Рыгора Іванавіча зазіхацеў першы ордэн Працоўнай Славы. Спачываць «на лаўрах» ардэнаносец не збіраўся: натхнёны, ён працаваў з падвоенай энергіяй. Праз пяць гадоў да першага ордэна дадаўся другі. Апошняя «Працоўная Слава» — ордэн першай ступені — знайшла фрэзероўшчыка ГЗГА ў першыя месяцы пасля сумна памятнага красавіка 1986 года. Многія сцвярджаюць: каб у пачатку 90-х не разваліўся Саюз, быць бы Федарцову Героем Сацыялістычнай Працы... Так ці не — варажыць не станем. Важней, што нават пасля афіцыйнага выхаду на пенсію ў студзені 2004 года Рыгор Федарцоў працягваў прыносіць карысць роднаму калектыву. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён і сёння як член гарадскога і раённага саветаў ветэранаў, удзельнік розных акцый дэманструе ранейшую грамадскую актыўнасць і зайздросную ўнутраную энергію.

— Некаторыя з маіх знаёмых кажуць: ты не ўмееш жыць, — разважае ўслых ветэран. — Маўляў, пры тваіх заслугах і аўтарытэце сёння б мог, па меншай меры, мець добраўпарадкаваны асабняк, шыкоўную дачу. А ты толькі і зрабіў за жыццё, што «хрушчоўку» на «хрушчоўку» размяняў...

Сапраўды, у наш ахоплены агульным імкненнем да матэрыяльнага дабрабыту час такая бескарыслівасць Федарцова падаецца дзівацтвам. І тым не менш гэта так: матэрыяльныя даброты ніколі не былі сярод першарадных прыярытэтаў гэтага чалавека. «Жыццё трэба пражыць так, каб не было пакутліва балюча... » — любіць Рыгор Іванавіч паўтараць карчагінскае. Гэта не пазёрства: у поўнага кавалера ордэнаў Працоўнай Славы ў цане каштоўнасці іншага кшталту. Сапраўдныя шчырыя пачуцці і цёплыя адносіны ў сям’і, сярод блізкіх. Поспехі шматлікіх вучняў, для якіх ён некалі адкрываў прафесіянальныя сакрэты. Ён клапоціцца і аб тым, каб любімыя ўнукі — васьмігадовы Павел і чатырохгадовы Антон не памыліліся ў сваім прафесіянальным і жыццёвым выбары. Каб набіраў сілу і папулярнасць названы яго імем турнір па міні-футболе сярод каманд арганізацый спажывецкай кааперацыі краіны. Дарэчы, у лютым аспрэчваць званне пераможцы яго ў шосты раз збяруцца ў спартзале Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта мацнейшыя каманды кааператыўнай галіны. Адрасаваць удзельнікам лепшыя пажаданні на адкрыцці спаборніцтваў паважаны ветэран па традыцыі мае намер асабіста...

На здымку: 80-гадовы юбіляр Рыгор ФЕДАРЦОЎ.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter