Рабiце ўсё, але не курыце!

Сусветная арганізацыя аховы здароўя афіцыйна ўнесла нікацін разам з алкаголем у разрад наркатычных сродкаў... Цэнтр здароўя правёў у Мінску ананімнае апытанне школьнікаў 8—11 класаў і навучэнцаў ПТВ. 49 працэнтаў апытаных – курыльшчыкі. Палова з іх – дзяўчаты... Першую цыгарэту 18 працэнтаў апытаных узялі ў рукі ў 12, 29 – у 13 і 28 працэнтаў — у 14 гадоў.
Сцвярджаюць, што на тэрыторыю нашай краіны тытунь прыйшоў у ХVII стагоддзі. А на працягу ХIХ і пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі ўсталявалася і свая тытунёвая прамысловасць. За год да Першай сусветнай вайны наша краiна вырабляла 48 мільёнаў штук цыгарэт і папярос і давала больш за 6 працэнтаў валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці. Працэнт курцоў у нас тады быў адносна невысокі – 2—3 працэнты ад ўсёй колькасці насельніцтва. Сёння ў Беларусі вырабляецца ўжо больш за 10 мільярдаў штук цыгарэт і папярос, і так ці інакш маюць адносіны да курэння каля 20% нашых грамадзян і грамадзянак. Тытунь, нібы прагная і пачварная істота, няўхільна паглынае ўсё больш жыццёвай прасторы на нашай зямлі. Калі такія тэмпы захаваюцца, то праз гадоў 15 курыць будуць усе грамадзяне Беларусі, уключаючы і немаўлят!.. Наўрад ці з курэннем магчыма змагацца банальнымі дэкларацыямі накшталт: “Курыць – здароўю шкодзіць!” і г.д. Яны толькі аскоміну набіваюць. Сёння як паветра патрэбна новая, нетрывіяльная стратэгія барацьбы з курэннем. І зусім недарма на адной са сваіх прэс-канферэнцый Прэзідэнт Беларусі, закранаючы тэму здароўя нацыі, назваў курэнне ў шэрагу найбольш шкодных звычак. Па выніках апошніх экспертных даследаванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яно стала самай масавай шкоднай звычкай жыхароў планеты. З шасцімільярднага яе насельніцтва сёння больш за мільярд пакутуюць ад тытунёвай залежнасці! Сёння ў нашым заканадаўстве, па сутнасці, няма і намёку на абарону тых, хто не курыць тытуню, за выключэннем, мажліва, якіх-небудзь мясцовых інструкцый. А між тым нейкія пазіцыі тут даўно ўжо было б варта выверыць, бо праблема дачынення курыльшчыкаў і іх візаві на бытавым узроўні часам бывае зусім не жартоўнай. Да прыкладу, мая суседка па пад’ездзе проста ў роспачы ад таго, што яе ўжо не адзін год абкурвае сусед з ніжняга паверха, які аблюбаваў для “хобі” лоджыю сваёй кватэры. Другі мой сусед нічога не можа зрабіць з суседкай, якая выбрала для курэння калідорчык між іхнімі кватэрамі. У ЖЭСе, куды сусед звярнуўся, небараку сказалі, што юрыдычных падстаў спыніць экспансію курыльшчыцы няма. Дарэчы, на Захадзе (у ЗША, напрык- лад) вышэйпрыведзеныя прыклады бытавой тытунёвай экспансіі проста немагчымыя, бо суседзі-курцы атрымалі б за гэта вялікі штраф. Голас барацьбітоў з нікацінам там набывае сёння ўсё большую сілу – “антынікаціншчыкі” ў ЗША сталі своеасаблівай “пятай калонай” барацьбы з тытунёвымі імперыямі-карпарацыямі і ў літаральным сэнсе затэрарызавалі іх іскамі ў суды. Курэнне ў ЗША становіцца ўсё больш і больш непрэстыжным, а значыць, і нявыгадным. Сёння ўжо не навіна, што пры прыёме на працу там пры ўсіх іншых сходных умовах перавагу аддаюць суіскальніку, які не курыць. Больш таго, звычка да курэння выяўляе ў гэтай краіне прыналежнасць курца да нізкіх сацыяльных слаёў грамадства – малаадукаваных рабацяг ці нават увогуле бамжоў... Для барацьбы з табакакурэннем у ЗША выкарыстоўваюць усю сілу СМІ. Там не рэдкасць сюжэты накшталт вышэйпрыведзенага... Пасля смерці вядомага і любімага ў Штатах кінаакцёра Юла Брынера амерыканскае тэлебачанне бясконцую колькасць разоў круціла ролік з ягоным развітальным словам. “Мяне ўжо няма ў жывых, — кажа акцёр, гледзячы ў аб’ектыў камеры. — І я хачу сказаць вам: не курыце! Рабіце ўсё, але не курыце!..” Яўны імпэт у сваіх тытунёвых прыхільнікаў у апошнія гады выяўляе слабы пол. Сёння прыгажунь з цыгарэтай у грамадскіх месцах ужо ніхто не затрымае за “парушэнне грамадскага парадку”, як было ў часы маёй маладосці. Яны рашуча “легалізаваліся” ў гэтай няўдзячнай справе. Між іншым яшчэ да сярэдзіны ХIХ стагоддзя курэнне на вуліцах і ў грамадскіх месцах увогуле лічылася непрыстойным і было забаронена амаль ва ўсіх краінах свету. Але скажам шчыра, вельмі ўжо нешта ненатуральнае і дэманстратыўнае ў такім вось іміджы прадстаўніцы слабага полу. Асабліва, калі ў яе яшчэ, як кажуць, і малако на губах не абсохла. Спалучэнне таго “малака” з цыгарэтным дымам, на мой погляд, увогуле сумесь даволі “грымучая”. Яна не толькі не дае жаданай эфектнай “круцізны”, але і робіць “дэманстрантку” ў лепшым выпадку смешнай. Неяк адвольна пачынаеш спачуваць яе гіпатэтычнаму кавалеру, які так і не адчуе побач з ёю цудоўнага, ні з чым не параўнальнага водару юнацтва і чысціні, якія яшчэ пашчасціла заспець нашаму пакаленню. Спачуваем і будучым яе дзеткам, якіх яна народзіць. Не лепей выглядаюць у падобнай сітуацыі і прадстаўнікі мужчынскай паловы чалавецтва. Не ведаюць яны, што, па меркаваннях медыкаў, нейтралізуюць найперш мужчынскую сексуальную сілу... Насупраць, большасць мужчын, ведаючы пра шкоду цыгарэтнага дыму для сэрца і лёгкіх, і не падазрае, што цыгарэты – адзін з самых моцных антыафрадыякаў – сродкаў цалкам супрацьлеглых “Віагры”! Курцы займаюцца разбурэннем саміх сябе з нейкай настойлівай мазахісцкай апантанасцю на працягу многіх дзесяткаў гадоў. Многія з іх прыводзяць часта як прыклад якога-небудзь сваяка ці знаёмага, якi ўсё жыццё курыў, а памёр аж у сто гадоў! Можа, і так, але і жыць, і паміраць можна па-рознаму... Да таго ж, хто ведае, колькі б пражыў той легендарны курэц, калі б не курыў?! Сёння шмат пішуць пра розныя прычыны курэння, але асноўныя, як нам здаецца, хутчэй за ўсё трэба шукаць у самых патаемных глыбінях чалавечага “еgo”, у яго няпростых адносінах з маці-прыродай, а яшчэ дакладней, у пэўным дысбалансе некаторых людзей з ёю. Хто ведае, ці не такім вось чынам (тут побач і алкаголь, і наркотыкі!) яна, гэтая мудрая прырода, зводзіць з некаторымі сваімі дзецьмі нейкія свае, адной ёй вядомыя, рахункі?.. Цяжка сказаць, па якіх крытэрыях і прыкметах гэта робіцца. Можа, такім чынам і ажыццяўляе яна свой, вядомы толькі нам, паводле Дарвіна, натуральны адбор? Праўда, занадта ўжо экстравагантны і клапатлівы спосаб яна выбрала! Зрэшты, мне не вельмі імпануе слова “адбор”. Хутчэй за ўсё, і ў гэтым выпадку размова ідзе пра наш уласны выбар. Мусіць, якраз пра гэта і даводзіць адна старая як свет ісціна: выратаванне тапельцаў – найперш справа рук саміх тапельцаў...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter