Актывісты Мiнскага абласнога аб’яднання «Белая Русь» прыдумалi, як захаваць памяць пра вайну на стагоддзi

Раўненне на мемарыял

Час ляціць хутка. Год змяняецца годам. Мінулае незаўважна знікае ў тумане. І ў кожнага з нас узнікае пытанне: як маладому пакаленню данесці ўсе тыя пакуты, якія давялося перажыць людзям у ваенныя часы. Актывісты Мiнскага абласнога аб’яднання «Белая Русь» прыдумалi, як гэта зрабiць.

Было

Кожны год яны разам са школьнікамі наведваюць памятныя мясціны. Сярод іх і вёска Сакаўшчына. Яе называюць сястрой Хатыні. У гады Вялікай Айчыннай вайны, 11 лістапада 1943 года, тут адбылася страшная трагедыя: фашысцкія карнікі спалілі вёску і суседні хутар разам з жыхарамі. Мала каму ўдалося выратавацца. А пасля вайны вёска так і не адрадзілася.

Стало

Пярвічныя арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» дзяржаўных устаноў адукацыі «Маладзік», «Маладзечанская санаторная школа-інтэрнат», «Сярэдняя школа № 9», «Выверская сярэдняя школа» ўзялі шэфства над мемарыяльным помнікам «Сакаўшчына». Штогод яны ўключаюць у праграму майскага аўтапрабегу па памятных мясцінах гэты помнік. Вядуць неабходныя работы па навядзенні парадку каля мемарыяла, праводзячы акцыю «Дапаможам ачысціць памяць ад пылу». Дарэчы, першапачаткова, каб упарадкаваць памятныя месцы, трэба было шмат папрацаваць. У лістападзе збіраюцца каля кастра памяці «Горкае рэха вайны» з удзелам жывых сведкаў трагедыі, прымаючы новых членаў у рады РГА «Белая Русь», БРСМ, БРПА.

Здавалася б, такія мерапрыемствы не выклiкаюць цікавасці ў сучасных дзяцей. Але Алена Прывалава, член «Белай Русі», педагог-арганізатар Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната, катэгарычна не згодна з гэткай пастаноўкай пытання:

— Вы што, некаторыя дзеці да гэтага часу ўспамінаюць мітынг ля памятнага знака ў 2014 годзе. На гэтае мерапрыемства мы запрасілі адзіную сведку тых падзей — Алену Міхайлаўну Гоўзбіт. У той дзень, калі спалілі яе вёску, яна страціла не толькі родны кут, але і самага дарагога чалавека — маму. Яна пагутарыла з дзецьмі, распавяла пра тое, што адбылося. Потым мы са школьнікамі распалілі вогнішча, спявалі ваенныя песні. У такім месцы ўсё пачынаеш адчуваць востра і яскрава.

Згодны з гэтым таксама старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Анатоль Асманаў:

— Такія месцы, як Сакаўшчына, з’яўляюцца часцінкай гісторыі нашай краіны. Няхай прыклад нашых валанцёраў заахвоціць іншых на добрыя і важныя справы. Усё роўна якія: уборка тэрыторыі або дапамога ветэрану, — галоўнае, каб яны былі ад душы.

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter