"Я павяду цябе ў музей"

— Наш музей, — расказвае ягоны стваральнік, дырэктар гарадской бібліятэкі Святлана Калюта, — цалкам прысвечаны Бабруйскай крэпасці, якая была вядома яшчэ з вайны 1812 года. У ёй спыняўся са сваёй арміяй Багратыён. Абараняць горад і крэпасць пакінулі невялікі, пяцітысячны, гарнізон. Але ён устаяў перад колькасна перавышаючымі французскімі войскамі. “Ніводная крэпасць у Расіі, — будуць адзначаць сучаснікі, — не была такой карыснай, як Бабруйская”.
Затым мы прайшліся па экспазіцыях музея – ад эскізных накідаў крэпасці да інфармацыйнага цэнтра. Пра яе шмат напісана, а сярод аўтараў – Валянцін Пікуль, Міхась Герчык, Адам Мальдзіс, Аляксей Ненадавец, ваенны гісторык Міхайлоўскі і іншыя. Міжволі адзначаеш, як усё з любоўю аформлена. Вечны агонь і той запальваецца! З крэпасцю звязана не толькі гераічнае, але і трагічнае: у яе казематах катавалі салдат рэвалюцыі. У 1941-м гэта ж рабілі фашысцкія захопнікі. А калі ўспомніць, што тут адбывалі зняволенне дзекабрысты на чале з Мураўёвым-Апосталам і Бястужавым-Руміным, то і ўвогуле яе гісторыя расквеціцца легендамі... — А як узнікла ідэя стварыць музей? — спыталі ў Святланы Калюты. – Усё пачалося, — гаворыць Святлана Віктараўна, — з паходаў членаў гуртка “Шукальнікі”, што пры гарадскім аддзеле адукацыі, у крэпасць. Там яны не толькі займаліся яе аглядам, але і дакраналіся да самой гісторыі. Вось тады і макет абарончага збудавання з бастыёнамі і рэдутамі з’явіўся. Канешне, не без дапамогі дарослых, але гэта толькі падахвочвала збіраць экспанаты! І неўзабаве іх столькі набралася, што давялося выдзяляць спецыяльнае памяшканне для захоўвання. А затым – і музей. Ты прыходзіш па кнігі і знаёмішся з гісторыяй. Няштатныя музейныя работнікі ў асобе навучэнцаў мясцовых школ ахвотна раскажуць і пакажуць галоўнае. Праходзячы па музеі, нельга не звярнуць увагі на экспазіцыю пад назвай “Не шкодзь гісторыі, сучаснік!”. Пра што гаворка — няцяжка здагадацца. Бо за свой амаль двухвекавы перыяд крэпасці даставалася... І ад надвор’я, і ад людзей. Вось і ў пачатку семідзесятых мінулага стагоддзя знайшоўся разумнік, які загадаў зруйнаваць крэпасць: узарвалі форт Фрыдрыха Вільгельма, яшчэ тое-сёе з пабудоў. Але ў цэлым яна ўстаяла. Ды ўрэшце і сам той чалавек зразумеў, што нельга так абыходзіцца з помнікамі гісторыі. — І што засталося з крапасных збудаванняў? – пытаемся ў Святланы Віктараўны. — А вось глядзіце, — падыходзіць яна да макета, — ва-дзяныя вароты, вежа Апермана, равеліны, берагавы люнет, яшчэ сёе-тое з пазнейшых пабудоў, нават езуіцкі касцёл, які цяпер, канешне, выкарыстоўваецца ў іншых мэтах. Крэпасць – своеасаблівая візітная картка горада, і трэба ўсё зрабіць, каб захаваць яе для нашчадкаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter