"У варожым гарнiзоне вы ў нас адны"

Нядаўна мы адзначылі стогадовы юбілей Обальскай мемарыяльнай школы, якая ўжо не адно дзесяцігоддзе носіць слаўнае імя Героя Савецкага Саюза Зіны Партновай. Сярод нас, выпускнікоў розных гадоў, здаецца, прысутнічалі і тыя колішнія вучні, многія з якіх не паспелі яе скончыць. Яны пазіралі на нас з партрэтаў, нават засталіся такімі ж юнымі, якімі іх напаткала вайна. Мы паклалі кветкі да помніка, што непадалёк ад школы, і разам слухалі ўспаміны пра іх у школьным музеі.
Мне ў свой час пашчасціла сабраць шмат звестак пра нашу школу і яе выхаванцаў. Афіцыйна лічыцца, што падпольная камсамольская арганізацыя тут пачала стварацца на пачатку 1942 года. Першае ўзрушэнне ад вераломнага нападу фашыстаў на нашу зямлю прайшло даволі хутка, асабліва ў моладзі. Пачалі наведвацца адзін да аднаго, прыглядвацца і прыслухоўвацца да ўсяго, што адбывалася навокал. Дазналіся, што ў Жэні Езавітавай ужо некалькі дзён гасцюе Юрка Цярэня, колішні вучань тутэйшай школы. У хуткім часе ён узначаліць падпольны райком камсамола. Але тады ўсе ведалі толькі, што ягоны бацька працаваў тут урачом, а як перавялі яго галоўным у раённую бальніцу, то і Юркава сям’я пераехала ў Сіроціна, цяпер гэта Шуміліна. Няўжо проста так прыйшоў сяброўку праведаць? І вось на табе! У Клетчыне аб’явіўся Барыс Маркіянаў... Былы камсамольскі важак школы. Ваяваў на фронце ды дзесьці пад Вязьмай быў паранены і трапіў у палон, але неяк вырваўся і з перабінтаванай нагой дабраўся да роднай вёскі. Прыйдзе час, і той жа Барыс Маркіянаў, ужо як камісар партызанскага атрада, сустрэнецца з обальскімі падполь-шчыкамі, каб прыняць у іх прысягу на вернасць Айчыне. Але як хацелася праявіць гэту вернасць ужо тады, калі фашысты нахабна крычалі на ўвесь свет, што вось-вось возьмуць Маскву! Менавіта ў той самы час ў каз’янскіх лясах і з’явіліся сакратар Сіроцінскага райкома партыі В.Фралоў, старшыня райвыканкома А.Сіпко, яго сакратар А.Эрдман. Настрой у людзей прыўзняўся... Недалёка той час, калі тут будзе дзейнічаць не адзін партызанскі атрад і нават не адна брыгада. А пакуль што обальскія юнакі і дзяўчаты ўжо збіраюць зброю, каб ісці ў партызаны. Жыхары з вуснаў у вусны перадаюць навіну: нібыта з’явіліся нейкія “афішкі”. Хто на торфазаводзе штосьці такое бачыў, хто — на цагельным ці нават на станцыі. Напісана быццам бы ад рукі, але аб падзеях на фронце. Хто ж мог падумаць, што гэта ўчарашні дзесяцікласнік, сын новаспечанага бургамістра Валодзя Езавітаў карыстаецца радыёпрыёмнікам, схаваным на гарышчы бацькавай хаты, і самую свежую інфармацыю перадае Марыйцы Лузгіной у Масцішча. Яна яшчэ толькі перайшла ў дзесяты. Здаецца, зусім нядаўна ўсе чыталі яе вершы, надрукаваныя ў газеце. А цяпер вось – “афішкі”... Учарашнія школьнікі ўсё часцей пачалі сустракацца на вясковых вечарынках – то ў Масцішчы, то ў Зуях ці ў Ляўшах. Акупанты думалі, што моладзь не нарадуецца “новаму парадку”, а для юных патрыётаў — гэта была хоць якая магчымасць сустрэцца, пагаварыць. Бывала, пакуль гарманіст адпачывае, сяброўкі зноў — да Марыйкі Лузгіной: “Што робiцца на свеце?” Гэта ўсё больш стала цікавіць і Зіну Партнову, якая не адыходзіла ад Мані Дзяменцевай. Побач з імі такія ж юныя і прыгожыя дзве Ніны – Азоліна і Антонік. Вунь адчыніліся дзверы – і на парозе Фруза Зянькова з Валей Шашковай, а за імі ледзь не ўсе ўшалоўскія хлопцы. На такую ж вечарынку завітаў аднойчы з каз’янскіх лясоў Юрка Цярэня. І неаднойчы бываў на іх Барыс Маркіянаў. Кажуць, што ён і ў партызаны пайшоў з такой жа вечарынкі. О, як жа хацелася обальскім хлопцам пайсці разам з Барысам! Але ў партызанскіх камандзіраў была іншая думка. Юных патрыётаў папрасілі перадаць зброю партызанам, а самім заставацца на месцы. І пераканаўча растлумачылі: “Лясных байцоў ужо шмат, а вось у варожым гарнізоне вы ў нас адны... Глядзіце, сачыце і дзейнічайце. Толькі асцярожна...” І яны дзейнічалі... Прывяду ўсяго некалькі выпісак з даведкі Барыса Маркіянава, камісара партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Леніна: “Фруза Зянькова, Марыя Дзяменцева, Марыя Лузгіна, Валя Шашкова, Зіна Лузгіна, Валодзя Езавітаў, Федзя Слышанкоў пішуць лістоўкі ад рукі і расклейваюць у гарнізоне...”. “Сабралі сем вінтовак, скрыню патронаў, дзевяць гранат...”. “Марыя Лузгіна перадала схаваны ёю ручны кулямёт...”. “Валодзя і Жэня Езавітавы рассеклі тэлефонны кабель, закапаны ў зямлю. Немцы не маглі знайсці, дзе пашкоджана лінія, павесілі дрот на слупах. А праз некалькі дзён Ілья Езавітаў узлез ноччу на слуп і абарваў яго...”. “Спалены мост каля Ляўшоў на шашы Віцебск—Полацк...”. “Спалены два масты...”. Ціхая і непрыкметная станцыя Обаль знаходзілася на важным стратэгічным шляху. З Рыгі — прамая дарога праз Смаленск на Маскву, а калі праз Арол, то і на Сталінград. Обальскія падпольшчыкі пастаянна паведамлялі партызанам, колькі і якіх цягнікоў праходзіць праз станцыю. Ды і не толькі паведамлялі. Барыс Маркіянаў зрабіў і такі запіс: “Здейснена буйная дыверсія на станцыі Обаль. З дапамогай міны ўзарваны і спалены эшалон з боепрыпасамі і гаручым. Выканаўца – Мікалай Аляксееў...”. Здаецца, усё ішло як мае быць. І раптам – як стрэл у спіну. Арыштавалі бясстрашную Марыю Лузгіну і яе сястру Таццяну... Сёстры да канца трымаліся мужна і смерць прынялі годна... Яшчэ не прайшла жалоба па іх, як паплацілася жыццём Ганна Абраменка. Высачылі, дзе хавала пісталет і гранаты, вынесеныя з таго ж гарнізона... І зноў разнеслася, як рэха, – павялі пад канвоем Ірыну Езавітаву, Ніну Давыдаву, самых блізкіх сваячак Зіны Партновай... А на шашанскія і каз’янскія лясы ўжо насоўвалася карная экспедыцыя. Падпольшчыкі паспелі папярэдзіць партызан, але як самім вытрымаць?.. Наперадзе быў цяжкі асенне-зімовы перыяд, калі наша армія насмерць стаяла пад Сталінградам. І суцешыць магло хіба толькі тое, што шмат варожай сілы лясное войска прымае на сябе... Як самую дарагую рэліквію я трымала ў руках дзённік былога начальніка штаба партызанскага атрада імя Варашылава Пятра Дзімітрыевіча Пузікава, які выпрасіла на некалькі дзён у яго ўдавы Таццяны Барысаўны. “31.07.43. Дадзена вельмі адказнае дыверсійнае заданне Ф.З., Е.І., Е.В., С.Ф., Е.Е., Д.М. (ініцыялы падпольшчыкаў. – Аўт.). 2.08.43. Атрыманы звесткі аб руху паяздоў з цюкамі “сена” і “саломы” (гэта стрэлачнік Мікалай Аляксееў угледзеў пад імі танкі і паспеў паведаміць партызанам. – Аўт.). 3.08.43. Пасля радыравання за фронт сёння ўдзень выдатная бамбёжка чыгуначных станцый Обаль, Лоўша, Сіроціна, Гараны. Усюды разбіты эшалоны з “сенам” і “саломай”... 5.09.43. Прыйшла ў атрад Фруза Зянькова. Здаецца, там правал усёй арганізацыі. Маці Зяньковай таксама схапіла СД. 20.09.43. Устаноўлена, што 28.08.43 па заданнi штаба атрада знішчана рацыя палявога тыпу ў вёсцы Зуі. Дом, у якім знаходзілася рацыя, падпаліў Езавітаў”. Бачыце, у штаб яшчэ ішлі данясенні аб здзейсненым, а выканаўцы ўжо трэці тыдзень вялі самы цяжкі бой на допытах у СД. Іх арыштавалі амаль адначасова – Уладзіміра Езавітава, Фёдара Слышанкова, Яўгена Езавітава, Ніну Азоліну, Зінаіду Лузгіну, Мікалая Аляксеева, Зою Сафончык, Марыю Храбценка, Мікалая Храбценку... І адразу ж павезлі ў Сіроціна. Здаецца, зусім нядаўна Валодзя ехаў на веласіпедзе ці ішоў пешкі на чарговае спатканне з Нінай Антонік – аж з ушацкіх лясоў хадзіла яна з разведчыкамі, каб перадаць тыя самыя міны-маламагніткі. Ці даўно Ніна Азоліна чакала ў Зуях за могілкамі другога разведчыка – шаснаццацігадовага Вальку Дзямідава з такім жа партызанскім “гасцінцам”. А колькі тых “гасцінцаў” перанесла Марыя Дзяменцева ад Фрузы Зяньковай! Дзякаваць богу, іх лёс пакуль яшчэ мілаваў. Тая ж Зіна Азоліна, якая працавала ў камендатуры, паспела папярэдзіць: Дзяменцева на падазрэнні. Раздумвалі нядоўга. Галоўнае, каб хутчэй прыйшлі Зіна Партнова з Галачкай ды і Лёню Езавітава пакідаць нельга. Яны паспелі і паспяшаліся ў партызаны... А барацьба працягвалася. Зноў і зноў ішла на заданні Ніна Антонік – разведчыца партызанскага атрада імя Суворава, ўдзельнічала ў адзінаццаці дыверсіях. Дні і ночы праводзіла ў шпіталі Фруза Зянькова, ратуючы параненых і хворых на сыпны тыф партызан. Зноў і зноў ішлі ў разведку Марыя Дзяменцева, Зіна Партнова, Ілья Езавітаў... Я прагна чытала кароткія запісы ў дзённіку аб тым, якую бясцэнную інфармацыю яны прыносілі ў партызанскі атрад, але прывяду яшчэ толькі два з іх: “17.12.43. Разведка ў раёне Обалі. Разведчыкі здабылі шмат каштоўных звестак аб становішчы ў гарнізонах... Разведчыца Зінаіда Мартынаўна не вярнулася. Яе схапілі ў Масцішчы пры выкананні задання... 1.02.44. ...Разведчыцы Дзямідава К. і Дзямідава Н. устанавілі: Партнова на допыце ў Гаранах нічога не сказала пра партызанскі атрад, спрабавала ўцячы, застрэліўшы двух афіцэраў з іх жа пісталета. Але нарвалася на вартавога, хацела стрэліць, ды атрымалася асечка. Партнову яны схапілі...”. І ўжо ў полацкай турме сустрэлася з ёю Ядвіга Ярыга, арыштаваная за сувязь з партызанамі. Сустрэлася і ледзь пазнала Зіну: “Як толькі ні катавалі яе на допытах ў гестапа, але нічога не дабіліся”. Нязломнай і на шыбініцу пайшла... Пайшла, не дажыўшы ўсяго тыдні два да сваіх васемнаццаці”. Такой жа юнай пайшла ў вечнасць і Марыя Дзяменцева. Пасля жудаснай блакады ва ўшацкіх лясах, дзе навек засталіся яе маці, старэйшая сястра Надзя, Валя Машкова, Марыя рашуча далучылася да групы смельчакоў, якія сталі прабівацца да фронту. З ёй былі Ілья і Лёня Езавітавы. А ў разгары быў чэрвень сорак чацвёртага. Да вызвалення зямлі беларускай заставалася ўсяго некалькі дзён. ...І вось ужо шэсцьдзесят гадоў прайшло. Ведаю, што ўсе вучні і настаўнікі нашай стогадовай школы ды і многія землякі мае зноў прыйдуць да сціплага помніка, што стаіць на перакрыжаванні дарог паміж Зуямі і Масцішчам. Будуць кветкі, гірлянды. Будуць слёзы радасці і смутку. Як і заўсёды пры ўшанаванні Вялікай Перамогі і памяці тых, хто паклаў на яе алтар самае дарагое. Памяці Героя Савецкага Саюза Зіны Партновай. Памяці Героя Савецкага Саюза Фрузы Зяньковай, якая ўжо таксама пайшла ад нас. Памяці іх слаўных баявых сяброў і сябровак. Іх было трыццаць восем, а ў жывых засталіся адзінкі. Засталіся, каб помніць. Вось і мы жывём, каб помніць...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter