"Царскiя вароты" адчыняюцца

Нацыянальны музей гісторыі і культуры хоча зрабіць свае фонды адкрытымі для наведвальнікаў. Да свайго сённяшняга прафесійнага свята (18 мая ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень музеяў) супрацоўнікі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі рыхтаваліся з асаблівым хваляваннем. Новую экспазіцыю “Праз далячынь стагоддзяў”, прымеркаваную спецыяльна да гэтага дня, яны адкрываюць у новым памяшканні. Вось ужо год, як музей мае два адрасы: ранейшы — па вуліцы Карла Маркса, 12 і новы – па Фрунзе, 19.
Перадача новага будынка стала вынікам наведвання ў маі 2002-га Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. На той час яны размяшчаліся ў падвалах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і ўмовы іх захавання зусім не адпавядалі неабходным нормам. Адразу пасля візіту кіраўніком дзяржавы быў падпісаны пратакол даручэння, а роўна праз год распараджэннем Прэзідэнта Беларусі музею прадастаўлены дадатковыя плошчы. Ды яшчэ якія! Для музей-шчыкаў будынак па Фрунзе, 19 стаў сапраўдным падарункам: знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, да таго ж яшчэ і гістарычны помнік! У першай палове ХIХ стагоддзя ён быў узведзены па праекце архітэктара Казіміра Хршчановіча як ваенны шпіталь. На працягу наступнага стагоддзя выгляд будынка змяняўся, у пачатку 40-х яго вырашана было зрабіць больш манументальным, але здзейсніцца задуманаму наканавана было толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1946-м адбылося другое нараджэнне – будынак быў рэканструяваны архітэктарам Валянцінам Гусевым і з той пары захаваў свой выгляд. Да апошняга часу ў ім, па вуліцы Фрунзе, 19, размяшчаўся штаб тылу. Нягледзячы на “шпітальна-вайсковае” мінулае, архітэктурнае рашэнне будынка, вытрыманае ў класічных традыцыях, з амфіладнай пла-ніроўкай, выдатна падыходзіць для такой установы культуры, як музей. Да таго ж у ім дастаткова плошчы для належнага захавання фондаў – ажно 6 тысяч квадратных метраў. Дарэчы, сёння Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі з’яўляецца буйнейшай у краіне скарбніцай каштоўных рэчавых помнікаў, матэрыялаў і дакументаў. У яго зборы налічваецца звыш 300 тысяч адзінак захавання, і штогод колькасць іх папаўняецца 2—3 тысячамі новых паступленняў. У музеі сфарміраваны 43 багацейшыя калекцыі, сярод якіх археалагічная, этнаграфічная, старадрукаваных кніг, нумізматычная. У апошняй, напрыклад, сабраны манеты з часоў Старажытнага Рыма і да нашых дзён. Як вядома, ва ўсім свеце буйныя музеі паказваюць наведвальнікам не ўсе свае каштоўнасці, а толькі вельмі невялікую іх частку. Большасць экспанатаў застаецца ў фондасховішчах. Не з’яўляецца выключэннем і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Але праз колькі часу ён збіраецца паказаць наведвальнікам як мага больш і плануе ці не першым сярод музеяў краіны зрабіць свае фонды адкрытымі для наведвальнікаў. Паказаць, напрыклад, нават “залатую кладоўку” з яе багаццем каштоўных металаў, камянёў, а таксама знойдзеных у розныя часы грашова-рэчавых скарбаў, якіх у музеі захоўваецца сёння больш за сотню. Канечне, стварэнне падобнага комплексу адкрытага захавання — гэта справа будучага. Пакуль жа будынак па Фрунзе, 19 рыхтуецца да паэтапнай рэстаўрацыі і паступова рамантуецца. За год пасля перадачы яго музею пэўная частка работ ужо зроблена і ў некаторых залах ужо створаны спрыяльныя ўмовы для пераводу ў новае памяшканне асобных калекцый са збору музея, скарбонак беларускага іканапісу, этнаграфіі, традыцыйнага народнага мастацтва. Гэтыя экспанаты размесцяцца на выстаўцы “Праз далячынь стагоддзяў”. Сярод прадметаў, многія з якіх будуць выстаўлены ўпершыню, наведвальнікі змогуць убачыць і адну з каштоўнасцей, якой асабліва ганарыцца музей, – “Царскія вароты” Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка, вырабленыя беларускімі разьбярамі па дрэве ў пачатку ХIХ стагоддзя. У 2002-м дзякуючы 8 мільёнам рублёў, якія атрымаў музей у якасці прэзідэнцкага гранта, “Царскія вароты” былі адрэстаўрыраваны, але дасюль заставаліся ў фондасховішчы. Цяпер яны адчыняцца для наведваль-нікаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter