"Сувязь памiж выдаўцом i чытачом трэба ўзнаўляць"

Што новага ў кніжных крамах? Што вы з задавальненнем прачыталі ў апошні час? Што рыхтуюць да друку выдавецтвы? Якая праца на рабочым стале ў пісьменніка? Аб усім гэтым можна будзе пагаварыць у нашай новай рубрыцы “Літаратурны агляд”. Першы суразмоўца, які яе адкрывае, – намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Лапцёнак. Ён расказвае аб агульным стане беларускага кнігавыдавецтва.
— У мінулым годзе нашы выдавецтвы выпусцілі 9148 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 48,4 мільёна, — падводзіць вынікі субяседнік. — Рост за год па найменням склаў 18 працэнтаў, па тыражу – 9,4. Гэта значыць, што паліграфісты і прадаўцы атрымаюць болей работы, а чытачы – літаратуры. На аднаго жыхара Беларусі прыйшлося каля пяці кніг. Трэцяя частка з выпушчанага — загады і інструкцыі міністэрстваў і ведамстваў. А больш за шэсць тысяч найменняў – мастацкая, навуковая, вучэбная, даведачная літаратура. — Усё гэта трапіла на палі-цы беларускіх крам? — Найменні засталіся ўсе. А асноўная частка тыражоў пайшла на расійскі рынак. У сваю чаргу многае з таго, што выдадзена суседзямі, прадаецца ў нас. Чаму так адбываецца? Калі Беларусь выпускае дзевяць тысяч, Расія – больш за семдзесят тысяч найменняў. Дзякуючы выдавецтвам суседзяў наш чытач мае доступ да расійскай і сусветнай літаратуры. На нашых паліцах удвая-ўтрая болей выдадзенага за мяжой, чым у нашай рэспубліцы. У сваю чаргу шмат беларускіх кніг закупляюць нашы дыяспары ў Маскве, Калінінградзе, Цюмені, на Далёкім Усходзе. Гэта вельмі добра, бо паліграфічная база рэспублікі стваралася ў савецкія часы і была разлічана на неабсяжныя прасторы і моду на кнігу. Кнігі выходзілі накладам у сотні тысяч паасобнікаў. Зараз значнай падзеяй лічыцца тыраж у пяць тысяч. Звычайны наклад – адна-дзве тысячы, што павялічвае кошт экземпляра. Упала пакупная здольнасць, стала несучасным купляць вялікую “сценку” і абавязкова яе запаўняць кнігамі. З’явілiся камп’ютэр, Інтэрнет. — Што, і ў бібліятэках паменшала чытачоў? — Якраз пабольшала. Апошнія 10—12 гадоў разам з падзеннем тыражоў мы назіраем рост колькасці наведвальнікаў. Хаця магчымасць купіць кнігу зменшылася, патрэба ў чытанні засталася. Вучням, студэнтам трэба займацца. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца даведачная, энцыклапедычная, навуковая літаратура, і мы на гэты попыт стараемся адказваць. За кошт дзяржавы імкнёмся забяспечыць школьныя бібліятэкі кнігамі серыі “ШБ”, дапаможнікамі, падручнікамі. Іх выпускае дзяржаўнае выдавецтва “Народная асвета”. — А колькі ўсяго ў нас выдавецтваў, і сярод іх – дзяржаўных? — На 1 студзеня мінулага года зарэгістравана каля шасцісот выдавецтваў і прыватных асоб, якія хацелі б займацца выдавецкай дзейнасцю. Але рэальна на працягу года працавалі 170. Сёлета на пачатак года зарэгістравана пяцьсот з лішкам. А колькі пройдзе ліцэнзаванне, не ведаем. Дзяржаўных выдавецтваў, што ўваходзяць у рэспубліканскую сістэму інфармацыі, — шэсць. Флагман – выдавецтва “Беларусь”, якое выпускае літаратуру ўсіх накірункаў, альбомы, плакаты, за ім – “Мастацкая літаратура”, якая нядаўна аб’ядналася з “Юнацтвам”. Адпаведна назве выдае мастацкія кнігі. Пра “Народную асвету” я казаў, “Вышэйшая школа” забяспечвае літаратурай студэнтаў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, “Беларуская навука” даносіць да шырокага кола распрацоўкі вучоных, адносіцца як да Міністэрства інфармацыі, так і да Акадэміі навук. “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі завяршыла выпуск шасцітомнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, заканчвае выданне 18-томнай Беларускай энцыклапедыі. Усе шэсць выдавецтваў, разам узятых, за год выпусцілі 527 найменняў агульным тыражом у 4,5 мільёна экземпляраў. — Што адметнага ў дзейнасці гэтых выдавецтваў у параўнанні з іншымі? — Яны праводзяць дзяржаўную палітыку і выпускаюць сацыяльна значныя кнігі – тую частку вучэбнай, навукова-адукацыйнай, энцыклапедычнай, звязанай з культурай літаратуры, якая з-за малатыражнасці не дае прыбытку, таму не цікавіць прадпрымальніка, а ў асартыменце быць павінна. Таму дзяржава аказвае падтрымку. У гэтым пераліку — падручнікі для спецыялізаваных школ, дзе займаюцца дзеці з парушэннямі зроку, слыху, псіхікі. 18-томная Беларуская энцыклапедыя, выдадзеная цалкам за дзяржаўны кошт. Кнігі серыі “Памяць”, палову кошту якіх фінансуе дзяржава, а палову – мясцовыя бюджэты. Да 60-годдзя Перамогі запланавана выдаць усе 146 кніг. Ужо выйшла 128. Мяркуем, праца будзе завершана ў гэтым годзе. — А калі браць мастацкую літаратуру, то якім аўтарам удзяляецца асаблівая ўвага? — Нацыянальным. У нас каля пяцісот членаў Саюза пісьменнікаў. Для падтрымкі маладых у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ёсць серыі “Паэтычны дэбют”, “Дэбют у прозе”. Рэгулярна выпускаем і класіку – Багдановіча, Купалу, Коласа, Чыгрынава, Шамякіна, Гілевіча. Гэта наш нацыянальны гонар. Канешне, па-за канкурэнцыяй — Караткевіч, якога выдаюць і прыватныя выдавецтвы, бо ягоныя кнігі – самаакупныя. — Ігар Мікалаевіч, некалькі слоў пра нядаўні конкурс “Мастацтва кнігі-2004”, журы якога вы ўзначальвалі. — Ён быў прымеркаваны да міжнароднага кірмашу “Беларуская кніга-2004”, які штогод праходзіць у Мінску. Па мастацкім афармленні і паліграфічным выкананні лепшымі кнігамі мінулага года прызнаныя такія: “Жылі-былі паны Кульбіцкі ды Заблоцкі” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”); “Песня аб паходзе Ігара” (выдавецтва “Кавалер Паблішэрс”); слоўнік Анатоля Клышкі “Чую, бачу, гавару” (выдавецтва “Асар”). Акрамя таго, журы адзначыла выданні па пятнаццаці намінацыях, сярод якіх – высокая выдавецкая культура, высокая культура масавай кнігі, уклад у захаванне мастацкай спадчыны. Мы праводзім гэты конкурс, каб павялічыць долю канкурэнтаздольных кніг, працаваць на ўзроўні апошніх міжнародных дасягненняў, прыцягнуць да афармлення новых таленавітых мастакоў, аб’яднаць творчыя намаганні графікаў, дызайнераў, выдаўцоў і паліграфістаў. — Пажадаем, каб усё гэта ўдалося, і спадзяёмся, Ігар Мікалаевіч, бачыць вас пастаянным госцем нашай рубрыкі. — Дзякуй. Наша міністэрства прапануе ёй інфармацыйную падтрымку. Выдавецтвы сёння як бы варацца ва “ўласным соку”. Выйшла кніга – і добра, а наколькі яна даспадобы чытачу, невядома. Гэтую сувязь трэба ўзнаўляць. Добра, што “Рэспубліка” бярэцца за гэтую справу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter