"Разумею цяпер, чаму з выраю..."

Амерыка не стала яму другiм домам. Апошнім часам нямала нашых землякоў з’язджае за “кардон”: у Амерыку і іншыя краіны. Што ж, іх права. Насільна трымаць не будзеш. Але далёка не ўсе прыжываюцца на новым месцы. Ды і пупавіна, якую абрэзалі на радзіме, доўга смылець будзе. Таму іншым часам “уцекачы” і вяртаюцца назад. Як, да прыкладу, бабруйчанін Васіль Шавялевіч, з якім мы пра “бераг турэцкі” і гутарылі.
— Мы адляталі, — пачынае сваю гісторыю Шавялевіч, — з маскоўскага аэрапорта Шарамецьева. Я, жонка, дачка Ірына. Падняліся ў салон умяшчальнага “боінга”, уселіся шчыльненька так адзін да аднаго. Наш такі стан можна было зразумець: адпраўляліся ў іншы, нязведаны свет. Добрую палову дзевяцігадзіннага пералёту думалі пра тое, што пакідалі. Мы ж – карэнныя бабруйчане, у гэтым горадзе ўзыходзілі да жыцця. Здавалася, сам лёс нам спрыяў. Я скончыў тэхнікум, затым інстытут, у жонкі – вышэйшая адукацыя. Адкрылі сваю справу. Добрая кватэра, машына, дача – што яшчэ? Не, захацелася пабачыць, як там, дзе нас няма. А тут яшчэ сябры, якія раней “адляцелі” за акіян, пасадзейнічалі. Маўляў, унясём вашы даныя ў чарговы розыгрыш грын-карты, якая дае права на пастаяннае жыхарства ў Амерыцы. Нам грын-карта і выпала! Тут і закруцілася: медкамісіі, візы, білеты на самалёт... Тут пакідалі, а што там, у Амерыцы, нас чакала? Калі верыць сябрам, рай! Але нават калі рай, трэба і тут сваё месца знайсці. Дзе спыніцца, чым заняцца... Сябры абяцалі дапамогу, але ж у іх, відаць, і сваіх клопатаў вышэй галавы. Вось з такімі думкамі і прыляцелі ў аэрапорт імя Кенэдзі, дзе нас сустракаў сябар Сяргей. Яшчэ праз колькі часу наша машына, уліўшыся ў агульны аўтамабільны паток, імчала ў напрамку Нью-Йорка. Такім вось чынам мы апынуліся ў Брукліне. Аднапакаёвая кватэра, чыста, утульна – усе ўмовы, а ці ў нас было горш? Не было той пральнай машыны, электрахвалевай печкі ці модных цяпер жалюзі? Але ж гэта Амерыка! “А колькі плаціць за жыллё?” — адразу пацікавіліся ў Сяргея. “Семсот долараў у месяц. За ваду, электрычнасць, тэлефон – асобна”. — “Ого, — ледзь не прысвіснуў я, — дзе такія грошы ўзяць?” – “Зарабляць будзеце, мы для вас тое-сёе прыгледзелі!” Некалькі наступных дзён мы ўладкоўвалі жыллё, афармлялі дакументы. Дзякуй Сяргею, які дапамагаў, а то што б мы, ведаючы пару дзесяткаў англійскіх слоў, рабілі! Больш складана атрымалася з жонкай. Тое, што ёй прапаноўвалі, не магло задаволіць ні яе, ні мяне. Ну як ёй, маючы вышэйшую адукацыю, хадзіць з мяцёлкай у руках ці падмываць чужым дзецям самі ведаеце што. Хацелася нечага больш прыстойнага. Ды тут яшчэ не так выйшла з дачкой: каб паступіць у школу, дзе вучыліся рускія, патрэбны былі яшчэ нейкія дакументы, апрача тых, што прывезлі. Вырашылі ехаць па іх. Я яшчэ прасіў сваіх не спяшацца назад: сам пакрысе абжывуся, тады. Ну і пачалося працоўнае жыццё. Мы будавалі шматпавярховую гасцініцу. Быццам бы не так складана, але сёння ты цягаеш арматуру, заўтра – раствор, паслязаўтра... Драмаць табе ніхто не дазваляе. Рабочы час умеюць лічыць. І грошы таксама, якія, праўда, выдаюць кожны тыдзень. Атрымаў я за месяц 1250 долараў. Прыкiнуў: і туды трэба, і сюды, і немаведама куды. Адчуваю, што кватэру не пацягну. Хлопцы падказалі: вазьмі кватаранта, удвух лягчэй будзе плаціць. Узяў — жыць стала прасцей, весялей. Хаця, якая весялосць, калі ў цябе душа не на месцы: ты – тут, твае – там... Па тэлефоне толькі і размаўлялі. Але пасля кожнай размовы туга яшчэ больш брала за сэрца. Праўда, сябры, дзякуй ім, усяляк імкнуліся падбадзёрваць мяне. Наведвалі, паказвалі Нью-Йорк. Аднойчы нават на падарожжа падбухторылі. Канешне, уражанне засталося. Амерыка – магутная краіна, усё тут адладжана і... аднастайна. Бензакалонкі, матэлі, Мак- Доналдсы, зялёныя газоны, а за імі — цагляныя двухпавярховыя катэджы, дзе жывуць людзі, якім да цябе няма ніякай справы. Не, гэта не па мне! Я люблю ўдыхаць на поўныя грудзі, люблю адкрытасць, прастору і ніяк не магу прызвычаіцца да гэтага горада, гэтага кактэйлю эмігрантаў. Неяк былі на рыбалцы. Вывезлі нас у мора на спецыяльным катэры. Дваццаць пяць долараў – і тры гадзіны твае. Выдаюцца прылады лову. Я на спінінг нават рыбіну кілаграмаў на сем злавіў. Здавалася б, парадавацца! А як пагляджу ўдалячынь: недзе там, на другім баку акіяна, — Еўропа, мая Белая Русь. Аж душа заходзіцца... А тут яшчэ сябры ўключылі “маг”: “Я в весеннем лесу Пил березовый сок...” Мы яшчэ спрабавалі нешта склеіць. Прыязджала жонка з дачкой, толькі зноў якойсьці даведкі не хапіла. Бюракратыі, скажу, там больш, чым у нас. Калі тут яшчэ з кімсьці дамовішся, штосьці абмінеш, там – не! Зноў ехаць па гэтую даведку. Занадта будзе! Ісці ў негрыцянскую школу, куды прапаноўвалі, дачка наадрэз адмовілася. У жонкі з работай таксама не атрымлівалася. Утраіх на одной зарплаце не выжывеш. Мае паехалі адтуль. Назаўсёды. Я яшчэ пару месяцаў (а ўсяго прабыў пяць) трымаўся, невядома на што спадзеючыся, і здаўся. Добрая ты, Амерыка, краіна, ды не мая. А таму, калі ўжо самалёт наш уздымаўся ў неба, з чыстым сумленнем сказаў ёй на развітанне: “Гуд-бай, Амерыка, ты мне зусім не даспадобы”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter