"Хрусталiк" i капуснiк

Сёння, у Міжнародны дзень тэатра, у Купалаўскім адбудзецца традыцыйная цырымонія ўручэння прэмій, заснаваных Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, якімі штогод узнагароджваюцца лепшыя майстры айчыннай сцэны. Галоўнай з іх — “Хрустальнай Паўлінкай” — за яркае жыццё ў тэатры на гэты раз адзначана народная артыстка Беларусі, актрыса Купалаўскага Марыя Захарэвіч. Уладальніцай “Хрустальнай кветкі” за лепшы дэбют (роля Карлы ў спектаклі “Ноч Гельвера”) стала артыстка Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Яўгенія Белацаркоўская. “Хрустальную зорку” як прызнанне плённай шматгадовай творчай дзейнасці ў тэатральным свеце атрымае кампазітар Леанід Еранькоў. Адданасць айчыннаму лялечнаму тэатру заслужанага артыста рэспублікі, акцёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Уладзіслава Уласава пацвердзіць прысуджаная яму прэмія “Хрустальны анёлак”. Стыпендыю “Тэатральная дынастыя” (дынастыя Сідаравых) і прыз “Хрустальны агмень” атрымае ветэран сцэны, заслужаная артыстка Беларусі Зоя Асмалоўская. Пачэсныя награды будуць уручаны і шэрагу іншых акцёраў і тэатральных дзеячаў. Завершыцца святочны вечар вясёлым капуснікам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter