"Хаджэнне" ў народ

Якія праблемы сёння хвалююць вяскоўцаў і насельніцтва гарадоў Гомельшчыны? Якое практычнае ўвасабленне набыла на месцах Дырэктыва № 1, накіраваная на ўмацаванне дысцыпліны і грамадскай бяспекі? Адказы на гэтыя і іншыя надзённыя пытанні спрабуюць даць удзельнікі калектыўнага дыялогу, што адбываецца ў рамках дзён інфармавання.
Развіццё сельгасвытворчасці, адраджэнне беларускай вёскі – адна са стратэгічных задач дзяржаўнай палітыкі, натуральна, з’яўляецца і адной са стрыжнёвых тэм абмеркавання. З аднаго боку, сельгасвытворцам вобласці не сорамна за вынікі сваёй працы: у мінулым годзе ў вобласці забяспечаны прырост валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі 7,3 працэнта пры прагнозе 6—7. Нядрэнны зачын для выхаду на больш высокія рубяжы ствараецца тут сёлета. І разам з тым менавіта аграрны сектар вобласці – гэта тая галіна, дзе накоплены цэлы “букет” сур’ёзных праблем. Адна з такіх – кадравая. За апошнія 12 гадоў колькасць працуючых у сельгасвытворчасці вобласці зменшылася ў два з паловай разы. Недахоп кваліфікаваных кадраў, асабліва ў найбольш забруджаных раёнах, з’яўляецца не апошняй прычынай стратнасці сельгаспрадпрыемстваў – у мінулым годзе стратна спрацавалі каля 70 працэнтаў з іх. Або яшчэ прыклад. Меліяраваныя землі на Гомельшчыне складаюць каля 42 працэнтаў грамадскіх сельгасугоддзяў. І адной з прычын таго, што аддача мелі-яраванага гектара за апошняе дзесяцігоддзе тут знізілася ўдвая, з’яўляецца занядбалы стан меліярацыйных сетак. Асноўная большасць з іх эксплуатуецца 30—40 гадоў і мае патрэбу ў сур’ёзнай рэканструкцыі. Перад земляробамі і жывёлаводамі вобласці сёлета пастаўлена адказная задача – давесці рост вытворчасці прадукцыі палёў і ферм да 110—111 працэнтаў! Задача не з простых. І відавочна, што адным з рэзерваў у яе ажыццяўленні з’яўляецца павышэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, навядзенне паўсюдна грамадскага парадку. Прынамсі, гэтаму аспекту ўдзяляла немалую ўвагу на сустрэчах у Акцябрскім раёне інфармацыйная група аблвыканкома ў складзе начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзіміра Міхасёва, старшыні абласнога камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Эдуарда Фралова і намесніка старшыні Акцябрскага райвыканкома Уладзіміра Пупышава. А сустрэчы гэтыя адбыліся з працаўнікамі малочнатаварнай фермы вёскі Рэпін КСУП “Чырванаслабодскі”, жыхарамі вёскі Чырвоная Слабада і гарпасёлка Акцябрскі. Выразныя перамены адбыліся за апошні час у добраўпарадкаванні самога гарпасёлка. Апрача прадугледжаных на добраўпарадкаванне мясцовых сродкаў, тут асвоена на рэканструкцыі і пракладцы новых водаправодных і цеплавых сетак каля 300 мільёнаў рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту. Вада стварае акцябрцам нямала праблем, многія з якіх і ўзнімаюцца на сустрэчах з інфармацыйнымі групамі. Гэтай вясной, напрыклад, паводкавымі водамі аказаліся падтопленыя некаторыя падвор’і жыхароў пасёлка. Паводле слоў Эдуарда Фралова, ідучы насустрач просьбам грамадзян, у Акцябрскі будзе накіравана кампетэнтная камі-сія, якая правядзе дэталёвае абследаванне і ўнясе прапановы па правядзенні работ, накіраваных на водапаніжэнне. Хаця праблема жыхароў гарпасёлка створана часткова ... і пры іх дапамозе. Значная частка падтапляемых домаўладанняў узведзена тут у свой час без праектаў і ўліку асаблівасцей мясцовасці. Думаюць сёння ў раёне i над тым, як разнастаіць вольны час вяскоўцаў, умацаваць іх здароўе, што супрацьпаставіць асобным праявам правапарушэнняў і злачыннасці. Адзін з відавочных контраргументаў – аднаўленне будаўніцтва ў гарпасёлку доўгі час “замарожанага” аб’екта – фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Праграма-мінімум у гэтым накірунку – у бліжэйшы час увесці ў дзеянне басейн. З разуменнем падыходзяць да гэтага пытання i ўлады вобласцi: на будаўніцтва аздараўленчага комплексу ў Акцябрскім абласны бюджэт выдаткоўвае 350 мільёнаў рублёў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter