"...I не трачу я надзеi, бо — вясёлы, гумарыст"

У адным са сваіх вершаў пра сябе вядомы беларускі сатырык Мікола Вяршынін піша: ...Мо такі ў мяне быў продак, Гены я яго нашу? Ёсць супроцьатрутны сродак, Бо сатыру я пішу. Маю светлыя ідэі, А душа – як чысты ліст. І не трачу я надзеі, Бо – вясёлы, гумарыст. Відаць, таму самы любімы літаратурны жанр Міколы Пятровіча — гумар і сатыра. Невыпадкова і найбольшы поспех ён займеў менавіта ў ім. З-пад вясёлага і вострага пяра пісьменніка выйшлі ў свет звыш дзесятка зборнікаў гумарыстычных твораў. А нядаўна пад назвай “Дакрытыкаваўся” Мікола Вяршынін выдаў і важкі томік выбранага, дзе сабраны лепшыя, напісаныя апошнім часам і на працягу дзесяцігоддзяў, байкі, фельетоны, гумарэскі, каламбуры, мініяцюры, сатырычныя паэмы і мемуары. Асобным раздзелам — “Пра тых, каго я паважаю і люблю” – выдзелены эпіграмы, прысвечаныя таварышам па пяру, беларускім пісьменнікам. Прапануем чытачам “Р” некалькі з іх. Уладзімір Гніламёдаў Уладзімір Гніламёдаў Не рабіў нікому шкоды. Ведае літаратуру, Сам спакойны па натуры. І разважлівы заўжды, Крытыкне, дык – “не бяды”. Алесь Пісьмянкоў Алесь вядомы Пісьмянкоў Напіша ўсё без лішніх слоў, Разважыць, што і да чаго, Усё атрымаецца ў яго. Іван Шамякін Наш настаўнік, слаўны мэтр, А раманаў – кіламетр. І аповесці, эсэ – Пра жыццё народа ўсе. Пладавіты – слоў няма! Быццам Аляксандр Дзюма. Уладзімір Ліпскі Арганізатар ён прыродны І не разгубіцца нідзе. Кіруе сам Дзіцячым фондам, “Вясёлку” доўга ён вядзе. Фальклор спазнаў з усіх бакоў І “нарадзіў” жа “Аўцюкоў”! Віктар Гардзей Паважаны наш Гардзей, Падаеш нам шмат надзей. Не адыдзеш ад падзей, Ну, другі, як ты, — дык дзе? Папулярны між людзей. Сам спакойны – не рахманы, І не церпіш ты падману, Так паэзіі адданы!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter