"Два ў адным..."

Усё добрае калі-небудзь канчаецца. Вось і я, пражыўшы амаль паўстагоддзя з цвёрдым перакананнем, што “ў бальніцы дактары вынуць душу без пары”, паспяхова абыходзіў рознага кшталту медыкусаў за сем вёрст, але аднойчы раптам зразумеў: пара здавацца. Бо хворы зуб, я вам скажу, гэта не сала ў вагоне з сенам есці. Можна, разумееце, трываць, калі дае аб сабе знаць пячонка, напалову ад’едзеная жонкай. Можна мірна суіснаваць з “панскай” хваробай, якая іншы раз б’е доўбняй па спіне. Можна... Многа чаго можна, але калі зуб – хавайся, братка, у бульбу. Я, бо амаль трачу прытомнасць ад аднаго выгляду розных там бліскучых абцугоў і вар’яцкага свісту працуючай бормашыны, трымаўся да апошняга. Даваў таму паскуднаму зубу сала свежае і салёнае, паіў шалфеем і, быў грэх, чысцюткай медыцынскай вадкасцю. Карацей, я да яго па-людску, а ён мне – дулю з макам. Хiстаецца, бач ты яго, у роце, як п’яны Вася ў горадзе, нервы тузае, есці не дае. “Вырву мярзотніка”, – лопнула аднаго разу ў мяне цярпенне, і я рашуча пацягнуў яго са сківіцы. Мярзотнік утрымаўся і пачаў за знявагу помсціць страшнай помстай – спаць я перастаў, вока заплюшчылася, пысу разнясло... Пайшоў здавацца. Дакторка з прыватнай зубадзёрні, з нагой, што, як той казаў, ад вуха расце, так усміхнулася, так ласкава вуркатнула, што праблему маю ў момант вырашыць усяго за нейкіх дзесяць тысяч беларускіх рублёў, што дзеля таго каб яшчэ раз пачуць гэты голас, убачыць адрасаваную мне і толькі мне ўсмешку, я гатоў быў аддаць ёй не толькі апошнія зубы, але і самога сябе. Зуб-паганец маю рашучасць, няйначай, адчуў і асцярожна варухнуўся – я, маўляў, больш не буду. — Рваць! — уладкаваўшыся ў крэсле, рашуча выгукнуў я і, убачыўшы, што гэты цуд прыроды ў бялюткім паўпразрыстым халаціку, які рэльефна абцягваў і высвечваў усе тыя рэчы, на якія мужыкі клююць, як дурны ёрш на голы кручок, наплывае на мяне ў воблаку вытанчанай парфумы і з нейкай блішчастай жалезкай у руцэ, немаведама чаму дадаў: — Без замарозкі! — О, як прыемна хоць зрэдку бачыць сапраўднага мужчыну, — прыхільна ўсміхнулася тая і спрытна палезла ў маю паслужліва разяўленую зяпу. – Зараз мы каменьчыкі, а іх тут у вас на добрую лазню хопіць, пачысцім, падрыхтуемся і... “Х-р-р-р-усь” – прадмет майго галаўнога болю і бяссонных начэй у імгненне вока быў выцягнуты на свет божы, а я (вось яна, чароўная сіла жаночага гіпнозу, якая лепей за патэнтаваныя лекі) не толькі нічога не адчуў, але і спужацца не паспеў. — Прыходзьце, калі патрэба надарыцца, яшчэ, мы вам заўсёды будзем рады, — праспявала зубачараўніца і ўручыла мне на развітанне прыгожую блішчастую візітоўку. Я хацеў быў сказаць, што лепей вы да нас, у сэнсе — спытацца, што шаноўнейшая дактарыца робіць сёння вечарам, але ў роце было поўна рознай там ваты, і далікатнага захаду наконт далейшага развіцця і замацавання прыемнага знаёмства не адбылося. Прыйшлося ўсцешыць сябе тым, што абавязкова зазiрну сюды бліжэйшым часам. Праз паўгадзіны, калі закарцела прыпаліць цыгарэтку, я падаставаў тыя непатрэбныя ўжо тампоны, правёў, каб пераканацца ў тым, што жыццё наладзілася, языком па нешматлікіх ужо зубах і... ледзьве не спруцянеў. Зуб, які мне толькі што выдзерлі, сядзеў сабе, дзе сядзеў і (во, гадасць якая!) ужо зноў пачаў пакрысе тузаць нервы... Дакторка, у якой я лагодненька так спытаўся, што і, галоўнае, навошта яна мне выдзерла, спрабавала была давесці, што мяне тут... не сядзела – я вас, мужчынка, маўляў, першы раз бачу. Толькі ў маім позірку было, відаць, нешта такое, што нягеглы нашчадак Гіпакрата збавіла тон і ветлiва пачала даводзіць, што, наадварот, ласку мне зрабіла, бо вырваны ёй зуб быў ужо і не зуб, а так, назва адна, і што яна зараз, і абсалютна бясплатна (ага, як у той рэкламе – “два ў адным”), выправіць сваю памылку. Што, скажыце, было рабіць? Зноў палез у тое зубадзёрнае крэсла, насцярожана пры гэтым зыркнуўшы на сумніўную асобу ў белым халаце. Божачкі, божачкі, дзе ж былі мае вочы, як я мог гэтую істоту з доўгім носам, скрыпучым, бы ў вароны, голасам, якой да пенсіі гадоў мо з пяць засталося, прыняць за... ну самі ведаеце, за каго. Карацей кажучы, яна зноў рванула. Зноў без замарозкі, пра якую абое забыліся. Мне, калі шчыра, хацелася прытомнасць страціць, але раскошы сабе такой не дазволіў – падняўся, глянуў у люстэрка, пастукаў нейкай жалезкай па зубах, языком іх абмацаў – усё, здаецца, нармальна. Дома, уладкаваўшыся на канапе і падгробшы пад бок ката, каб здымаў стрэс, тыцнуў пультам у тэлевізар. “Як страшна жыць!” — данеслася ў той жа момант з экрана,на якім Максім Галкін дражніў Рэнату Літвінаву. “Добра таму Максімку блюзнерыць, калі ў яго зубоў, можа, сорак восем, а тут...” – скрушна падумаў я і выключыў тэлевізар. P.S. Дзесьці праз тыдзень са страшнай сілай забалела ў мяне вока. Жонка, вось добрая душа, параіла тэрмінова схадзіць да акуліста... Як страшна жыць...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter