Акадэмія навук: з-за спякоты вялікага ўраджаю грыбоў і ягад не чакаецца

Пытанне на дне кошыка

Грыбны сезон не за гарамі, і многія з нас ужо плануюць свае «паляўнічыя» маршруты. Вось толькі запозненая вясна і дэфіцыт вільгаці ў глебе ўнеслі свае карэктывы для ягаднікаў і грыбнікоў. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, якога ўраджаю дароў лесу чакаць у гэтым годзе?

Зараз грыбнікі ў асноўным здавольваюцца лісічкамі і маслякамі.
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Перш за ўсё адпраўляюся на Камароўскі рынак у Мінску. Сюды свой тавар вязуць прадаўцы з розных рэгіёнаў краіны. Грыбоў пакуль няшмат. Па-першае, яшчэ не пік сезона. Па-другое, засуха і спякота моцна паўплывалі на грыбніцу. На прылаўках пераважаюць лісічкі. Гэта адны з самых ранніх летніх грыбоў. За літр іх просяць пяць рублёў. У цане ўступаюць вельмі неахвотна.

— Грыбоў у гэтым годзе мала будзе. Таму дарагавата, — свой прагноз на ўраджайнасць агучвае Міхаіл, які гандлюе лісічкамі з Асіповіцкага раёна.

З ім пагаджаецца і навуковы супрацоўнік Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Маісеева:

— Прагнозы сіноптыкаў на другую дэкаду чэрвеня несуцяшальныя. Істотнага папаўнення запасаў глебавай вільгаці не чакаецца, яе дэфіцыт захаваецца. Таму пра высокі ўраджай грыбоў і ягад сёлета казаць не прыходзіцца. Калі ў ліпені—верасні пойдуць дажджы, то па Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях можна будзе разлічваць на сярэднюю ўраджайнасць белых грыбоў, лісічак, падбярозавікаў, чырвонагаловікаў і апенек асенніх. А вось у Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях склалася вельмі неспрыяльнае становішча. Нават пры наяўнасці ападкаў ураджайнасць ядомых відаў грыбоў там будзе нізкай. Толькі па апеньках асенніх можна чакаць сярэдняга ўраджаю.

У нашых лясах назіраецца тры хвалі плоданашэння грыбоў. Першая выпадае на пачатак лета. У гэты перыяд грыбнікі ў асноўным здавольваюцца лісічкамі і маслякамі. Асноўны ж збор дароў лесу прыходзіцца на жнівень (36 працэнтаў) і верасень (50 працэнтаў ад сезоннага ўраджаю грыбоў). Умовы надвор'я могуць змяняць колькасць перыядаў, працягласць росту грыбоў і іх багацце. У гэтым годзе, напрыклад, з-за спякоты грыбы з'явіліся, як, зрэшты, і ў папярэднія гады, раней тэрмінаў. Смаржкі, страчкі і лісічкі можна было знайсці ў лясах ужо ў канцы красавіка — пачатку мая.

На ўраджайнасць грыбоў уплываюць фактары надвор’я не толькі гэтага, але і папярэдніх гадоў. Перш за ўсё, гэта колькасць ападкаў, асабліва перад пачаткам і ў перыяд плоданашэння грыбоў. Ураджай іх залежыць і ад віду. Пласціністыя грыбы лягчэй пераносяць дэфіцыт вільгаці — гэта сыраежкі, лісічкі, грузды, падгруздкі, ваўнянкі. Трубчастым жа — баравікі, падбярозавікі, чырвонагаловікі, махавікі — вільгаць неабходная ў большай ступені. Таццяна Маісеева адзначыла тэндэнцыю:

— У сувязі з перавагай у апошнія гады спякоты і засухі летам месцы з'яўлення пладовых цел грыбоў могуць мяняцца. У засушлівую пару большая верагоднасць знайсці іх пад полагам лесу, у балоцістай мясцовасці. У дажджлівыя перыяды яны, наадварот, аддаюць перавагу адкрытым схілам яраў і пагоркаў.

Для кантролю за станам грыбных угоддзяў і дзікарослых ягаднікаў у лясах краіны з 2006 года створана сетка з 24 пастаянных пунктаў маніторынгу. Штогод закладваюцца і часовыя пробныя плошчы — ад 60 да 100 з колькасцю ўліковых пляцовак на кожнай да 20—30. Плюс звесткі лесагаспадарчых устаноў аб сітуацыі з дарункамі лесу. Аналізуючы ўсе атрыманыя даныя, навукоўцы прагназуюць ураджай рэсурсаўтваральных відаў ягад і грыбоў на бягучы год, а таксама ўстанаўліваюць тэрміны збору ягад. Па грыбах існуе тры балы ўраджайнасці, па ягадах — пяць балаў.

А што з ляснымі ягадамі? На рынку ўжо ідзе гандаль суніцамі і нават чарніцамі. За літр чарніц, напрыклад, просяць 7 рублёў.

Чэрвеньскія замаразкі на Віцебшчыне ягаднікам адчувальнай шкоды не нанеслі.
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Плоданашэнне ягад таксама залежыць ад умоў надвор'я як гэтага, так і папярэдняга года, калі летам закладваюцца кветкавыя пупышкі.

Таццяна Маісеева:

— Чэрвеньскія замаразкі да мінус трох градусаў на Віцебшчыне ягаднікам адчувальнай шкоды не нанеслі. Толькі ў паўднёвых і заходніх рэгіёнах да 5—15 працэнтаў бутонаў і кветак журавін было пашкоджана. Затое з-за засухі на Гомельшчыне драбнеюць ягады чарніц, а ў журавін жоўкнуць і адпадаюць кветкі. Але мацней за ўсё на паўднёвым усходзе краіны пакутуюць брусніцы. Месцамі назіраецца адпаданне да 50—80 працэнтаў іх бутонаў і кветак. Калі засушлівыя перыяды будуць пераважаць, а ўзровень грунтавых вод зніжацца, то гэты ягаднік хутка знікне з мясцовых лясоў.

Іншая паўночная ягада — буякі тваністыя — таксама слаба пладаносіць у паўднёвых рэгіёнах. Толькі ў асобных раёнах Віцебшчыны і Міншчыны іх ураджай, як і іншых лясных ягад, можа быць сярэднім і вышэй за сярэдні (3—4 балы). У Магілёўскай вобласці па ўсіх відах ягаднікаў, акрамя журавін — іх будзе мала, ураджайнасць чакаецца сярэдняя. У Гомельскай вобласці ўраджай чарніц таксама чакаецца на ўзроўні 3 балаў, буякоў і журавін — 2 балаў. На Брэстчыне плоданашэнне ўсіх ягаднікаў прагназуецца ніжэй сярэдняга. У Гродзенскай вобласці ўраджайнасць брусніц і буякоў можа быць сярэдняй.

Зараз у Інстытуце лесу занятыя ўстанаўленнем тэрмінаў збору ягад. Яны будуць вар'іравацца па рэгіёнах. Раней за ўсё пачнецца збор чарніц. На Гомельшчыне і Брэстчыне ён стартуе арыенціровачна на гэтым тыдні. Пазней за іншых — у канцы чэрвеня — на Віцебшчыне і Міншчыне.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter