Готовность дорог, зимняя резина, габаритная техника: из-за сезонных рисков ГАИ усиливает контроль за ситуацией на трассах

Пытанне на абочыне

Першы снег выклiкаў усплёск ДТЗ з на­ступ­ствамі рознага цяжару. У самым страшным з іх загінулі шэсць чалавек. Ёсць і іншыя фактары, якія ўскладняюць абстаноўку на дарогах. Таму ДАІ ўзмац­няе кантроль. У адным з рэйдаў паўдзельнічаў карэспандэнт «Р».

Фота аўтара

Ад упраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама ад’язджаем зранку. Па шляху за горад абмяркоўваем карціну папярэдніх сутак. У рэгіёне зарэгістравана больш за 90 ДТЗ. Прытым што днём раней было ўсяго 18. Прычына такога росту ляжыць на праезнай частцы — у выглядзе ўжо расталага снегу. Для многіх аўтамабілістаў зіма, як звычайна, падкралася нечакана. «Пераабуць» транспарт яны не паспелі. Гэта стала адной з прычын трагедыі ў Калінкавіцкім раёне. На трасе М-10 мяжа РФ — Гомель — Кобрын мікрааўтобус на летняй гуме сутыкнуўся з малакавозам. Адразу загінулі пяць пасажырак — жыхарак Петрыкава, якія ехалі на кірмаш. Кіроўца памёр у рэанімацыі...

— Больш чым упэўнены, у пунктах шынамантажу зараз ажыятаж, — не сумняваецца інспектар Сяргей Пятрэнка. — Пасля ўчарашняга, вядома, усе адразу кінуліся гуму мяняць. А раней што перашкаджала?

Зараз паспрабуем атрымаць адказ. Праўда, пакуль праверка носіць прафілактычны характар. Караць кіроўцаў за перамяшчэнне на летняй гуме інспектары яшчэ не могуць, бо афіцыйна зімовы сезон пачнецца толькі 1 снежня. Аднак, акрамя таго, што сказана ў ПДР, ёсць здаровы сэнс і проста надвор’е за акном. Нябесная канцылярыя жыве па сваіх законах, і рэагаваць на яе капрызы трэба незалежна ад таго, якая дата на календары.

Інспектары спыняюць аўтамабілі адзін за адным. Правяраючы наяўнасць пасведчанняў, тэхпашпарта і страхоўкі, звяртаюць увагу і на колы. Зімовая гума ёсць далёка не на ўсіх. Кіроўца Уладзімір у адказ на рэкамендацыю не зацягваць да апошняга ахвотна згаджаецца:

— Сёння ж памяняю. Вось клянуся! Учора на павароце так крутанула, што не дай божа… 

А вось пенсіянер Васіль Міхайлавіч мяняць гуму не будзе. Зрэшты, і ездзіць зімой на сваіх «Жыгулях» таксама. У нядзелю ён мае намер загнаць аўто ў гараж — да самай вясны:

— На працу мне спяшацца не трэба. Я, як кажуць, «падснежнiк».

Кіроўца адказвае за стан транспартнага сродку, нават не з’яўляючыся яго ўладальнікам.

На заўвагу аб тым, што трапіць у ДТЗ можна нават па дарозе на «зімоўку», пенсіянер махае рукой. Маўляў, чаму быць — таго не абмінуць. Распаўсюджаны, але нічым не апраўданы фаталізм.

Другая тэма нашага рэйду таксама звязана з гучным ДТЗ, якое здарылася некалькі тыдняў таму ў Чэрыкаўскім раёне. У вячэрні час аўтамабіль урэзаўся ў трактар з прычапным плугам. Чатыры жанчыны, якія знаходзіліся ў салоне, загінулі адразу. А самая юная — 19-гадовая пасажырка пазней памерла ў бальніцы. Як высветлілася, той самы плуг не меў светлавога абазначэння. З-за чаго цалкам «растварыўся» ў цемры.

Па ўсёй краіне ДАІ ўзмац­ніла праверку аўтатранспарту прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі. Асаблівы акцэнт зроблены на аснашчанасці тэхнікі пробліскавымі маяч­камі, габарытнымі агнямі і святлоадбівальнікамі. Хоць і іншыя парушэнні выяўляюцца дзясяткамі.

Узмах паласатага жазла спыняе трактар МТЗ, які перавозіць цыстэрну. Трактарыст вязе ваду на малочнатаварную ферму — паіць жывёл. Справа, вядома, патрэбная, але робіцца, на жаль, з парушэннямі. Па-першае, сама цыстэрна не зарэгістравана ў ДАІ. І, адпаведна, не праходзіла дзяржтэхагляду. Па-другое, адсутнічаюць габарытныя сігнальныя агні.

Інспектар ДПС Віктар Халімоненка складае пратакол. Кіроўца шчыра здзіўляецца: чаму за стан транспарту, які належыць гаспадарцы, караюць яго?

— Ну, вы ж не першы год за рулём — правілы ведаеце, — тлумачыць інспектар, працягваючы запоўнены бланк. — Вы вадзіцель, таму і адказваеце.

— Ды ведаю, — уздыхае той, пакідаючы аўтограф у пратаколе. — Яшчэ б начальству растлумачыў хто...

Службовыя асобы, якія дапускаюць да дарожнага руху няспраўны транспарт, таксама прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. За дзесяць месяцаў па гэтых парушэннях толькі ў Гомельскай вобласці складзена 1124 пратаколы.

Паказальны нядаўні рэйд, праведзены на аўтадарозе Гомель — Ветка — Чачэрск. За пару гадзін інспектары спынілі тры трактары МТЗ-82.1 з паўпрычэпамі. Усе яны не мелі задніх габарытных агнёў, прычым перамяшчаліся ў густым тумане. У дадатак адзін з трактароў перавозіў драўніну. Нескладана здагадацца, да чаго магла б прывесці такая паездка...

Вяртаемся ў Гомель. Насустрач трапляецца снегаўборачная тэхніка. Дарожныя службы, як могуць, спрабуюць прывесці праезную частку ў прыстойны выгляд. Адсутнасць снегападу дарожнікам спрыяе, але што будзе заўтра — ніхто не ведае.

proleskovskiy77@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter