Юбілею беларускага кнігадрукавання, да якога ўсяго два гады і два месяцы, прысвячаліся пасяджэнні круглага стала VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў

Пяць стагоддзяў годнасці

Юбілею беларускага кнігадрукавання, да якога ўсяго два гады і два месяцы, прысвячаліся пасяджэнні круглага стала VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў

Як вядома, 6 жніўня 1517 года ў Празе чэшскай пабачылі свет (сказалі б цяпер: былі падпісаны да друку) “Песни царя Давыда, еже словуть Псалтыр” — першая кніга на старабеларускай і — шырэй — усходнеславянскай мове. Услед за ёю быў там жа да 1520-га надрукаваны яшчэ 21 пераклад тэкстаў Бібліі.


Старажытныя беларускія кнігі — гэта каштоўная спадчына. Фота: Іван Ждановіч

На двух пасяджэннях круглага стала “Францыск Скарына і яго час” дэлегаты кангрэса з Бела­русі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Расіі агледзелі наробкі за апошнія пяць год, паміж кангрэсамі, па вывучэнні і выданні спадчыны Вялікага Палачаніна, ушанаванні памяці пра яго. Вялікія заслугі тут маюць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, дзе пабачылі ўжо свет пяць тамоў перакладаў першадрукара з каментарамі да іх, і Выдавецкі дом “Звязда”: намаганнямі яго перакладзены на 64 мовы і прывабна выдадзены патрыятычныя радкі пра святую любоў да сваёй Зямлі не толькі людзей, але і звяроў, птушак, рыб, пчол. Дарэчы, на заключным пасяджэнні было сказана, што на тыя радкі мінскі кампазітар Алег Чыркун напісаў музыку, і атрымаўся своеасаблівы гімн. Музыка аранжыруецца для харавога выканання.

Высокую ацэнку на пасяджэннях круглага стала атрымала 35-я кніга збору Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў “Беларусіка=Albaruthenica” пад назвай “Віленскія выданні Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння”: гэта матэрыялы IV Скары­наўскіх чытанняў, праведзеных у Мінску ў 2012 годзе — да 490-годдзя кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тады, дзякуючы знойдзенаму ў Капенгагене (Данія) экзэмпляру скарынаўскай “Малой подорожной книжки”, было навукова абгрунтавана сцвярджэнне: кні­га­друкаванне на літоўска- беларускіх землях пачалося не ў 1521-м, як лічылі раней, а на год пазней. Так што ў 2022-м будзем мець падставы адзначыць і 500-годдзе пачатку друкавання кніг на тэрыторыі тагачасных аб’яднаных, а сёння самастойных Беларусі і Літвы, а ў 2017-м правесці V Скарынаўскія чытанні.

Многія станоўчыя моманты па тэме выклалі старшыня пасяджэнняў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша (ён, дарэчы, абраны чарговым старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў), вядучыя мінскія скарыназнаўцы Аляксандр Бразгуноў, Георгій Галенчанка, маскоўскія Юры Лабынцаў, Ларыса Шчавінскай ды іншыя. Згадаем некаторыя праблемы, узнятыя ў дыскусіі, якія добра было б вырашыць да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Найперш прынцыпова важна было б знайсці архіў полацкага касцёла бернардзінцаў (яго падмуркі  нядаўна выявілі полацкія археолагі) у імя святога Францыска. Менавіта там, паводле пінскага гісторыка ордэна бернардзінцаў Яна Кантака, у 1498 годзе прыняла каталіцкі хрост уся сям’я Скарынаў (у адрозненне ад іншых ордэнаў, гэты пакідаў важным і дзейсным таксама і папярэдняе хрышчэнне). З розных крыніц відаць: такі важны збор дакументаў (ён дазволіў бы ўдакладніць дату нараджэння першадрукара і склад яго сям’і) мог апынуцца або ў Пецярбурзе, куды ў 1830-я вывозілі полацкія зборы, або ў польскім горадзе Інаўроцлаве, на бернардзінскі архіў якога спасылаўся Ян Кантак.

Яшчэ трэба было б праверыць спісы студэнтаў  Ягелонскага ўніверсітэта, прыкладна з 1528 да 1532 года, у Кракаве: ці няма сярод іх Івана (Яна) Фёдарава (Фёдаравіча, Хведаровіча, Рагоза), больш вядомага як маскоўскі і львоўскі першадрукар Іван Фёдараў. Артыкулы ж, у тым ліку ў “Звяздзе”, сведчаць: ён меў шляхецкі герб Рагоза ды, па ўсім відаць, паходзіць з роду Рагозаў (бацька — Фёдар Рагоза) і нарадзіўся ў былым Вілейскім павеце. Выяўленыя звесткі, магчыма, дапамаглі б устанавіць сувязі паміж беларускім і рускім першадрукарамі.

Урэшце, даўно пара ўстанавіць дакладную дату смерці і месца пахавання Францыска Скарыны. Па ўскосных звестках, гэта адбылося не пазней 1551 года ў паўднёвачэшскім горадзе Крумлаў, дзе працаваў пры двары яго старэйшы сын Сімяон (а бацька яму мог дапамагаць). Скаардынаваныя і аб’яднаныя намаганні некалькіх даследчыкаў (беларускіх, чэшскіх, нямецкіх) маглі б раскрыць гэтую ці не самую істотную таямніцу скарыназнаўства.

Закраналася на пасяджэннях і праблема кананізацыі (падобна святым Кірылу і Мяфодзію) Францыска Скарыны. Але быў зроблены вывад: справа гэтая не столькі свецкая, колькі духоўная, рэлігійная, і павінна вырашацца яна адначасова некалькімі або ўсімі хрысціянскімі канфесіямі. Бо сам першадрукар, адрасуючы выданні найперш праваслаўнаму “люду посполитому”, сам сябе не дзяліў — то і мы яго дзяліць не павінны.

Што ж да цудаў (пытанне наконт іх як пра неабходны складнік кананізацыі паступіла ад аднаго з пісьменнікаў), то адказ на яго прыкладна такі: усё жыццё і дзейнасць Скарыны былі цудам, незвычайным для таго часу. Гісторыя не ведае іншых фактаў, каб хтосьці нават у эпоху Адраджэння змог у “русінскім” Полацку ледзь не самастойна вывучыць лацінскую мову, каб усяго за два гады паспяхова закончыць Ягелонскі ўніверсітэт, у якім тады на ёй вяліся выкладанні і нават паўсядзённыя размовы, за кароткі час вывучыць для выкарыстання ўсе мовы, на якія да таго часу было перакладзена Святое пісанне. А каб пісаць прадмовы і пасляслоўі — трэба было ведаць духоўныя тэксты вядучых айцоў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. А Скарына ж ведаў яшчэ друкарскую справу, медыцыну, батаніку. Падобных дзівосных фактаў, здаецца, не ведае культура не толькі славянская, не толькі еўрапейская, але і сусветная.

Варта спадзявацца: 500-годдзе беларускага кнігадру­кавання стане святам не толькі для Беларусі.

Галіна Івуць, Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter