Пяць падзей тыдня вачыма пiсьменнiцы Людмiлы Рублеўскай


Кнiжная выстава

Вядома, для чалавека кнiжнага самая яркая падзея мiнулага тыдня — XXVII Мiнская мiжнародная кнiжная выстава-кiрмаш. Гэта кожны раз магчымасць знайсцi новае ўнiкальнае выданне, сустрэцца з аўтарамi, з якiмi была знаёмая толькi завочна. Тым больш у гэтым годзе выстава прапануе каля 500 мерапрыемстваў, да нас прыехалi госцi з 31 краiны. Кожны год на выставе адбываецца нейкае адкрыццё, незвычайная сустрэча. Адбылiся i ў мяне хвалюючыя моманты.

Смерць Барыса Луцэнкi

Гэта трагедыя, калi сыходзяць вялiкiя. I ў сваёй журналiсцкай, i ў пiсьменнiцкай творчасцi я стараюся захаваць памяць пра такiх людзей, вядомых дзеячаў беларускай культуры. Постаць Барыса Луцэнкi, знакавая для нашага тэатра, заслугоўвае i артыкулаў, i мастацкiх твораў. Усхвалявала мяне супадзенне: Луцэнка памёр у дзень нараджэння яшчэ аднаго вялiкага дзеяча беларускага тэатра Расцiслава Янкоўскага.

Прапанова аб’яднаць выпускны экзамен з ЦТ

У мяне ў самой нядаўна дзецi былi абiтурыентамi. Я добра ведаю, якое гэта напружанне для сям’i — выпускны i ўступныя экзамены. Таму толькi падтрымлiваю iдэю спрасцiць гэтыя выпрабаваннi i аб’яднаць iх. Думаю, што за 11 гадоў навучання ў школе можна вызначыць узровень дзiцяцi i якаcць яго ведаў.

Каронавiрус

Трывожна. Такiя трагедыi ў прынцыпе не могуць быць лакальнымi — з iмi трэба спраўляцца, аб’ядноўваючыся ўсiм светам. У гэтыя моманты мы вельмi добра ўсведамляем, што насамрэч для нас самае важнае, а гэта жыццё людзей, iх бяспека i здароўе.

Прэзентацыя сагi пра Вырвiча

Учора на выстаўцы я прэзентавала серыю авантурна-прыгоднiцкай сагi «Авантуры Пранцiша Вырвiча». Апошняя кнiга называецца «Авантуры Вырвiча з банды Чорнага Доктара», частка якой была тэкстам нацыянальнага дыктанта год таму. Мне вельмi прыемна, што на прэзентацыю прыйшлi мае чытачы, неабыякавыя да лёсу герояў. Многiя пыталiся, цi буде працяг сагi. Адразу кажу: будзе. Учора на выстаўцы я змагла прэзентаваць рэкламны ролiк экранiзацыi першай часткi гэтай серыi «Авантуры Пранцiша Вырвiча». Лента знята на кiнастудыi «Беларусьфiльм». 19 сакавiка адбудзецца яе прем’ера, якую я i, як высветлiлася, мае чытачы чакаем з хваляваннем.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter