Пять событий недели глазами директора издательства «Мастацкая лiтаратура» Алеся Бадака

Кнiжная выстава


Для мяне кнiжны кiрмаш — гэта тое, да чаго нiколi нельга прывыкнуць i што нiколi не перастане ўражваць. Ну як можна не ўразiцца таму, што галоўны рэдактар легендарнай «Литературной газеты» Максiм Замшаў падыходзiць да мiкрафона i пачынае чытаць свае пераклады на рускую мову вершаў Янкi Купалы? А ўвогуле, замежных пiсьменнiкаў сёлета на выставе вельмi шмат, геаграфiя iх пастаяннага жыхарства надзвычай вялiкая — i краiны СНД, i ЗША, i Iталiя, i Францыя, i Германiя... I сама праграма настолькi насычаная, што толькi па сваiм аб’ёме, калi яго раздрукаваць, цягне на добрую аповесць.

Золата на чэмпiянаце свету па фрыстайле

Вестку пра тое, што беларуска Аляксандра Раманоўская выйграла залаты медаль чемпiянату свету па фрыстайле ў амерыканскiм Парк-Сiцi, да мяне прыйшла якраз падчас мiжнароднага пiсьменнiцкага сiмпозiума, якi праходзiў на кнiжнай выставе. Я быў адным з мадэратараў, i, думаю, той, хто сядзеў у гэты час у зале, змог заўважыць, як змянiўся мой настрой i захацелася ўсмiхацца i пляскаць у ладкi. I стрымлiвала толькi тое, што праблемы на сiмпозiуме падымалiся вельмi сур’ёзныя.

«Мiнская лыжня»

Не магу ўявiць марозныя зiмы свайго дзяцiнства без лыжаў! Таму ўсе вiды спорту, усе святы, звязаныя з iмi, для мяне i сёння вельмi цiкавыя i прыцягальныя. Ну а тое, што сёлета «Мiнская лыжня» будзе адначасова i бiятлоннай — гэта ўвогуле здорава. Жадаю супрацоўнiкам газеты «СБ. Беларусь сегодня», якiя штогод удзельнiчаюць у «Мiнскай лыжнi», перамогi!

Балбасава — буйнейшы лагiстычны цэнтр

Яшчэ некалькi гадоў таму я нават уявiць сабе не мог нешта падобнае: пасёлак Балбасава ў Аршанскiм раёне становiцца буйнейшым мультымадальным прамыслова-лагiстычным цэнтрам Беларусi. Я цудоўна ведаю, што такое пасёлкi i невялiкiя гарады. Ведаю, як iм цяжка канкурыраваць з буйнымi гарадамi, якiя, як магнiтам, прыцягваюць да сябе лепшых спецыялiстаў. Таму такi накiрунак развiцця нашых рэгiёнаў — гэта само па сабе цудоўна. Але ж тым самым мы гаворым i пра развiццё краiны ў цэлым.

Хваляваннi ў Венесуэле

Я вучыўся ў савецкай школе i цудоўна памятаю, як пафасна ў падручнiках па гiсторыi пiсалася пра ролю рэвалюцый у сусветнай гiсторыi. I непараўнальна менш пiсалася пра грамадзянскiя войны, якiмi нярэдка суправаджалiся гэтыя рэвалюцыi. А мiж тым у вынiку грамадзянскай вайны ў Расii на пачатку мiнулага стагоддзя загiнула, прынамсi, больш за 10 мiльёнаў насельнiцтва! Ды яшчэ некалькi мiльёнаў пакiнулi Расiю. Таму, калi сёння Венесуэлу пачаць расхiстваць з розных бакоў, як тую лодку, гэта можа вылiцца ў велiзарныя людскiя страты. Народ заўсёды сам знойдзе правiльнае рашэнне з любой сiтуацыi, калi яго не пiхаць у спiну.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter