На мінскай сцэне паставілі спектакль, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну

Пясняр між небам і зямлёю

Іван Ждановіч

На мінскай сцэне паставілі спектакль, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну


“Заснавальніку і нязменнаму кіраўніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну прысвячаецца,” — чытаем на праграмцы. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага спектакль паставіла Валянціна Еранькова. А тэатральную версію дзеі паводле п’есы Васіля Дранько-Майсюка зрабіў Аляксей Еранькоў, загадчык музычнай часткі тэатра. Яму ж належыць і музычная канцэпцыя спектакля, ён і на авансцэне збоку ўвесь час — грае на гітары, вядзе клавішныя і часам вакальныя партыі ў музычных кампазіцыях, на якія багатая пастаноўка. Выконваюцца ж пераважна вядомыя песні з рэпертуару “Песняроў”.

Сяргей-Жбанкоў-(у-цэнтры)-у-ролі-Песняра.png
Сяргей Жбанкоў (у цэнтры) у ролі Песняра. Фота Дар’і Андрэевай

Гэта хвалюючы, часам да спазмаў у горле, аповед не толькі пра Уладзіміра Мулявіна — пра лёс Бацькаўшчыны, лёсы іншых творцаў, найперш беларускіх песняроў. Таму на сцэне разам з Песняром, ролю якога выконвае Сяргей Жбанкоў, з’яўляюцца Янка Купала (Аляксандр Ждановіч), Якуб Колас (Андрэй Захарэвіч), Максім Багдановіч (Іван Стральцоў) і Цётка (Анастасія Шпакоўская). У спектаклі ёсць і прамыя паралелі з фактамі біяграфіі ўраджэнца Свярдлоўска, рускага па нацыянальнасці, які з 1963 года жыў у Беларусі і вельмі шмат зрабіў для пашырэння ў свеце беларускай песні, найперш фальклорнай спадчыны. Аднак стваральнікі спектакля ўзнімаюцца над фактамі да высокіх абагульненняў. Стасункі народа і песняра, творцы і музы, зберажэнне духоўнай спадчыны, любоў высокая і цынічная “гульня ў любоў” да “сінявокай Беларусі” (моцны вобраз Чорнага стварае Сяргей Чэкерэс), пакуты ад раскрыжавання душы творцы паміж зямнымі рэаліямі ды ягоным памкненнем да нябесных ідэалаў… Тонкія адценні ідэй, светапоглядаў пранізваюць жывую, насычаную цудоўнай музыкай і спевамі тканку нацыянальнага па духу і змесце спектакля. Акцёры Рускага тэатра, дарэчы, цудоўна працуюць на беларускай і рускай мовах: яны гарманічна суіснуюць на сцэне. Яшчэ я часам лавіў сябе на думцы: у тэмбры голаса Сяргея Жбанкова, які шмат спявае па ходзе спектакля, чуецца нешта мулявінскае. Ды і яго сябры-спевакі Уладзімір Глотаў, Андрэй Сенькін, Павел Еўтушэнка, Васіль Грачухін, Раман Дзерваед прыгожыя ў сваіх ролях. Нездарма ж, дарэчы, трупу Рускага тэатра называюць адной з найбольш пявучых у краіне.

Якуб Колас (Андрэй Захарэвіч) і Янка Купала (Аляксандр Ждановіч)
Якуб Колас (Андрэй Захарэвіч) і Янка Купала (Аляксандр Ждановіч). Фота Дар’і Андрэевай

Спектакль стаў важнай падзеяй у жыцці не толькі Рускага тэатра. Ва ўсёй Беларусі з вялікай пашанай ставяцца да Уладзіміра Мулявіна, ягонай творчасці, да “Песняроў”. Пры Беларускай дзяржкансерваторыі ў гонар музыкі, спевака, кампазітара, народнага артыста БССР і СССР названы бульвар. У стварэнні спектакля ўдзельнічалі супрацоўнікі Музея У. Г. Мулявіна. У бліжэйшы час у Мінску плануецца ўстанавіць помнік Мулявіну — дакладную копію таго, што гэтай восенню адкрыты на яго радзіме ў Екацерынбурзе.

Асобнай увагі заслугоўвае і сама п’еса “Пясняр” Васіля Дранько-Майсюка, які нарадзіўся на Палессі, у Давыд-Гарадку, а цяпер жыве ў Маскве. Васіль атрымаў у Мінску адукацыю мастака-графіка, культуролага і рэжысёра драмы, друкаваўся ў шэрагу выданняў. Працуе цяпер акцёрам, да таго ж “піша сцэнары ды п’есы” — чытаем у 5-м нумары альманаху “Тэксты”, дзе цалкам змешчаны твор “Пясняр”. Яго жанр аўтар вызначае так: “Фантазія ў 2-х дзеях з Пралогам ды Эпілогам”. Вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк глядзеў прэм’ерны паказ спектакля і, было бачна, за сына яму вельмі прыемна. “У Васіля ж яшчэ тры п’есы надрукаваны ў часопісе “Верасень”, — сказаў мне Леанід. — Гэта “Жывая казка пад Новы год”, “Мара жанчыны” і “Цуда-малпа”. Спадзяюся, на іх таксама звернуць увагу тэатральныя рэжысёры”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter