Картины Константина Качана вдохновляют на путешествия по родной стране

Пясняр беларускіх мястэчак

У Нацыянальным мастацкім музеі на днях адкрылася выстава твораў, якія прымушаюць аддацца дзіцячым успамінам і выклікаюць жаданне наведаць сваю малую радзіму. Лірычныя пейзажы з відамі прыроды і архітэктуры невялікіх гарадоў належаць пэндзлю Кастуся Качана. Мастак верны тэме правінцыяльнага жыцця з самага пачатку творчасці. Бадай, няма беларускага мястэчка, якое б ён не адлюстраваў на палатне. Серыя жывапісу Кастуся Качана «Радзімаю зачараваны», якая зараз экспануецца ў сталічным музеі, вылучана на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2020 года.



Кастуся Качана даўно ахрысцілі «песняром беларускіх мястэчак». Яго карціны — не проста выява палёў, лясоў, рэчак. У кожным творы адчуваецца атмасфера канкрэтнага малога горада, непаўторны каларыт правінцыяльнага жыцця, зачараванне архітэктурных помнікаў.

— Мне недастаткова, як натуралісту, перадаць прыгажосць прыроды. Я шукаю нешта большае. Прырода ў маіх карцінах — як дэкарацыі ў тэатры. На пярэднім плане заўсёды чалавек, — тлумачыць мастак. — Мая тэма — правінцыяльнае местачковае жыццё. Жыццё, якое фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў. Самабытнае, прыцягальнае, сапраўднае... Мне падаецца, гэта вечная тэма. Калі б у мяне было не адно жыццё, а некалькі, я б іх таксама прысвяціў ёй.



Сам мастак нарадзіўся і вырас у вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна — гістарычным месцы, дзе ў XIII стагоддзі быў пабудаваны адзін з першых праваслаўных манастыроў у Беларусі. Там хлопчык Кастусь і пачаў адкрываць для сябе непаўторны свет правінцыяльнага жыцця:

— Памятаю, як упершыню адчуў пах ладану ў царкве. Як упершыню прыехаў з сям’ёй у Навагрудак і ўбачыў разваліны замка, гарадскую архітэктуру, пачуў стук жалезных абадоў коннага воза па брукаванцы... Усе гэтыя дзіцячыя ўспаміны дагэтуль жывуць ува мне, бударажаць душу, нараджаюць непаўторныя вобразы, — расказвае творца.

Пейзажы роднай Навагрудчыны зай­маюць асаблівае месца ў творчасці мастака. Аднак Качан упэўнены, што ўвагі заслугоўвае кожны куток беларускай зямлі. Ён ведае гэта напэўна, бо за некалькі дзесяцігоддзяў пабываў, мабыць, ва ўсіх нашых малых гарадах:

— Стварэнне карціны не адбываецца проста так: сеў у майстэрні, падумаў і пачаў маляваць. Гэта доўгі працэс. Трэба ад чагосьці адштурхнуцца. Мне дапама­гаюць дзіцячыя ўспаміны, але гэтага ма­ла. Неабходна пабываць на месцы, пажыць там дзень-два, прачуць атма­сферу. Таму сядаю ў аўтамабіль, а ён у мяне і майстэрня на колах, і еду — туды, дзе яшчэ не быў ці быў, але мяне туды ­цягне. Занатоўваю першыя эмоцыі алоўкам. Увечары праглядаю эскізы, адзначаю для сябе: з гэтага можа нешта атрымацца. Пішу эцюд. А па вяртанні, не спяшаючыся, мадэлірую нейкі сюжэт, уводжу фігуры людзей, змяняю кампазіцыю. Галоўнае, каб нарадзіўся вобраз.



Толькі такія — «пражытыя» — творы сапраўды кранаюць.

— Мастака можна навучыць капіраваць прыроду, ствараць партрэты ­адзін у адзін. Але гэтага мала, — упэўнены Кастусь Качан. — Такія карціны звычайна пустыя, ты нічога не адчуваеш побач з імі. Акрамя майстэрства, у мастака павінны быць пачуцці.

Вузкія прасёлачныя дарогі, драўляныя хлявы, мураваныя касцёлы і цэрквы, што ўзвышаюцца над вясковымі хатамі... Сваімі карцінамі мастак нібы запавольвае час:

— Мы ўступаем у эпоху глабалізацыі. Традыцыі, якія фарміраваліся стагоддзямі, парушаюцца. Мы ўжо жывём па нейкіх іншых законах. Драўляныя хаты абшываюць сайдынгам, брукаванку замяняюць на асфальт... Гэта зручна. Але губляецца аўтэнтычнасць.

За яе захаванне мастак змагаецца не толькі на палотнах, але і ў жыцці. Неаднойчы яму прыходзілася выступаць супраць неабдуманых новабудоўляў, у прыватнасці ў гістарычным Навагрудку.

— Душа баліць, калі бачу, як вакол руін замка асучасніваюцца будынкі і знікае былая атмасфера. Між іншым нават новыя дамы можна ўзводзіць у стылі мінулых стагоддзяў, — лічыць Кастусь Качан. — Як прыклад, мая карцінная галерэя ў Навагрудку. Я выкупіў аварыйны будынак, разабраў і склаў новы па ўсіх законах аўтэнтычнасці. Няма нічога немагчымага. Але каб усё атрымалася, трэба не быць абыякавым да сваёй гісторыі, моцна любіць і адчуваць свет, які змяняецца на вачах.

Людзі сумуюць па атмасферы малых гарадоў. Таму і ў галерэі Качана ў Наваградку, і на выставах яго работ, якія актыўна вандруюць па краіне, асабліва ў Год малой ра­дзімы, заўсёды поўна наведвальнікаў.



— Часта заўважаю: паглядзяць лю­дзі карціны, і слёзы наварочваюцца на іх вачах. Самі кажуць, што не разумеюць чаму, але творы іх кранаюць. Чалавечая душа хоча таго, што сапраўднае і натуральнае, — упэўнены мастак.

Творы Кастуся Качана захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастац­тваў, Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаў­най Траццякоўскай галерэі, фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама ў прыватных калекцыях многіх краін. Ча­ста карціны, на якіх адлюстравана жыццё правінцыяльных беларускіх гарадоў, купляюць нашы суайчыннікі за мяжой. Яны прызнаюцца, што работы Качана дапамагаюць ім адчуваць сувязь з радзімай.

І фізік, і лірык

Ёсць у біяграфіі Кастуся Качана цікавы факт: ён скончыў фізічны факультэт БДУ. Праўда, па атрыманай спецыяльнасці амаль не працаваў — у ім перамог творца.

— Я нарадзіўся мастаком. Мяне заўсёды цягнула да прыгожага, яскравага. Памятаю, як мама шыла для вясковых модніц сукенкі, а я, малы, гуляў з абрэзкамі каляровых тканін. Так яны мяне прыцягвалі! — успамінае творца. — Дагэтуль памятаю іх адценні, узоры... Кожны шматок нараджаў нейкія неверагодныя пачуцці. Гарошкі радавалі, іншыя арнаменты выклікалі трывогу. Любіў маляваць. Напэўна, мог бы адразу пасля школы развівацца прафесійна. Але не знайшлося чалавека, які б убачыў мой талент і падказаў правільны кірунак. А сам я не быў упэўнены ў сабе. Таму, паколькі добра вучыўся, паступіў на фізфак. Але ўжо на другім курсе ўва мне канчаткова прачнуўся мастак. І вось які выпадак яго разбудзіў. На адной з лекцый заўважыў, што сусед замест таго, каб пісаць канспект, захоплена чытаў кнігу. Запытаў, што за яна. Паказаў вокладку — «Смага жыцця» Ірвінга Стоўна. Гэта быў біяграфічны раман пра Ван Гога. Даў мне пачытаць — кніга ўсё перавярнула ўва мне. Сам сабе сказаў — ды гэта ж усё пра мяне! Фізфак я скончыў, але дакладна ведаў, што фізік з мяне не атрымаецца.
На выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі «Радзімаю зачараваны» прадстаўлена каля 60 жывапісных работ Кастуся Качана розных гадоў. Усе іх мастак стварыў падчас паездак па Беларусі. А таму наведвальнікі экспазіцыі змогуць не толькі скласці ўласнае меркаванне пра намінанта на Дзяржаўную прэмію, але і, магчыма, адшукаць на карцінах сваю малую радзіму. Выстава будзе працаваць да 15 сакавіка.
МЕРКАВАННЕ

Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея, куратар выставы «Радзiмаю зачараваны»:

— Мастак Кастусь Качан спалучае ў сваіх лірычных пейзажах цішыню і спакой правінцыяльнага жыцця, прыгажосць прыроды, рамантыку старадаўніх помнікаў. Ствараецца такі арганічны сплаў мінулага і сучаснага жыцця. Яго працы прыцягваюць асаблівай атмасферай. Многія пазнаюць у іх гарады і мястэчкі, у якіх нарадзіліся. Манеру мастака адрознівае пластычнасць жывапіснай фактуры, сюжэт­насць, кампазіцыйная стройнасць, закончанасць вобразаў, каларыстычная цэльнасць.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter