Пякучка-крапіва

Крапіва. У народнай культуры крапіва лічылася надзейным абярэгам ад нячыстай сілы. Нездарма ў казках сястра выратоўвае сваіх братоў, ператвораных у лебедзяў, тым, што вырабляе ім кашулі з крапівы. Згодна з паданнем, у крапіву ператвараліся праклятыя кім-небудзь людзі, ці крапіва расла на тым месцы, дзе хто-небудзь загінуў. У народзе казалі, што крапіву пракляў Бог, і д’ябал у пакаранне людзям развеяў яе насенне па ўсёй зямлі.  
Калі крапіва вельмі буйна расце, гэта азначае заняпад, смерць. Пра хату, якую пабудавалі не ў тым месцы, казалі: “Крапіва там хутка прарасце”.
Пры першым выгане жывёлы ў поле ў дзень святога Георгія (6 мая) пажадана было, каб карова пераступіла праз маладую крапіву.
Лісце крапівы кідалі ў даёнку.
Калі карова хварэла, малако цадзілі праз крапіву, мылі крапівой вымя.
У некаторых рэгіёнах і сёння існуе звычай усю малочную пасуду (даёнку, маслабойку і інш.) мыць мачалкай, зробленай са сцяблін крапівы.
Каб хатняя жывёла не хварэла, каб яе не сурочылі, кра-піву сушылі і дадавалі ў ежу.
Напярэдадні Іванава дня (6 ліпеня) і ў Духаў дзень крапіву вешалі на вокнах, клалі на парозе хаты, неслі ў хлеў і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Лічылася, што такія дзеянні ахоўваюць хату ад ведзьмакоў, русалак.
На Купалле раніцай дзяўчаты і юнакі заходзілі ў ваду, у кожнага на шыі была павязана невялікая колькасць крапівы — абярэг ад вадзяніка і русалак.
Каб на цэлы год засцерагчы хатнюю жывёлу ад нячыстай сілы, трэба было ў дзень
Аграфены Купальніцы
(6 ліпеня) кароў і іншую жывёлу абавязкова перавесці праз невялікую кучу свежай крапівы. У іншых рэгіёнах з той жа мэтай на кароў вешалі вянок, сплецены з крапівы.
Калі дзіця аднімалі ад грудзей, маці павінна была некалькі дзён насіць пры сабе лісце крапівы.
Усходнія славяне добра ведалі пра лекавыя якасці крапівы, асабліва маладой. З ранняй вясны крапіву ўжывалі ў ежу: яе парылі, рабілі салаты і г.д.  Лічылася, што маладая крапіва чысціць кроў, дапамагае пры ўнутраных і вонкавых крывацёках і запаленнях, мужчынскім бяссіллі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter