Пушчанскі край, які паўстаў з Нёманскага мора.

Дзятлаўшчына, самабытны прынёманскі край, напэўна, найперш атаясамліваецца з Ліпічанскай пушчай, якая сама па сабе на цуды багата, з унікальнымі помнікамі архітэктуры, вядома, са знакамітымі землякамі і ўвогуле з цудоўнымі гасціннымі людзьмі.

Дзятлаўшчына, самабытны прынёманскі край, напэўна, найперш атаясамліваецца з Ліпічанскай пушчай, якая сама па сабе на цуды багата, з унікальнымі помнікамі архітэктуры, вядома, са знакамітымі землякамі і ўвогуле з цудоўнымі гасціннымі людзьмі.

Апошнім жа часам яшчэ гавораць: Дзятлава там, дзе цудоўны “Радон”.

“Грандэ Эдукатор” Дамейка

У Жыбуртоўшчыне, за кіламетр ад Дзятлава, стаіць мураваны дом, сцены якога помняць вялікага ўраджэнца Беларусі, нацыянальнага героя Чылі Iгната Дамейку.
Восенню 1823 года яго,  магістра філасофіі Віленскага ўніверсітэта, за ўдзел у патрыятычна-дэмакратычным руху арыштавалі царскія ўлады і пасля заканчэння следства выслалі з Вільні пад нагляд паліцыі і апеку дзядзькі  ў маёнтак Жыбуртоўшчына за вярсту ад Дзятлава. Выгнанніку назаўсёды забаранілі паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. У дзядзькавай гаспадарцы Ігнат распачаў селекцыю жывёлы на навуковай аснове. Дарэчы,  пазней універсітэцкі сябра Адам Міцкевіч спісаў з Дамейкі вобраз аканома Жэготы (універсітэцкая мянушка Дамейкі) для знакамітай паэмы “Дзяды”. Пасля актыўнага ўдзелу ў паўстанні 1830—1831 гадоў і яго паражэння Дамейка, ратуючыся, эмігрыраваў у Францыю, а ў 1838 годзе па прапанове чылійскага ўраду адплыў для навуковай працы за акіян. За наступныя 45 гадоў даследчыцкай і выкладчыцкай дзейнасці ў Чылі ім было зроблена так многа, што ў сталіцы краіны Сант’яга паставілі помнік “Грандэ Эдукатору” (“Вялікаму Асветніку”) Дамейку.
У 1884 годзе выгнанніку дазволілі наведаць родныя мясціны. У Жыбуртоўшчыне пры дачцэ і зяцю Дамейка пражыў па 1888 год, напрыканцы якога вярнуўся ў Чылі. Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень яго пахавання быў абвешчаны ў краіне днём нацыянальнай жалобы. Яго заслугі і памяць былі ўшанаваны наданнем тытула Нацыянальнага героя Чылі.

Радонавая Паніква

Нагодаю для будаўніцтва на Дзятлаўшчыне  знакамітай здраўніцы “Радон”стала адкрыццё мінеральных радонавых вод. Паспрыяў выпадак: абмялела свідравіна, з якой паілі жывёлу на ферме мясцовага сельгаспрадпрыемства. Тэрмінова пачалі шукаць новы падземны басейн. Знайшлі, адправілі ваду на аналіз і ...выявілі ў вадзе ўнікальны для Беларусі лекавы радон. Будаўніцтва санаторыя на беразе рэчкі Паніквы сярод сасновага бору завяршылі ў 1993 годзе. Пачаткова разлічаны на 430 месцаў (цяпер 450), санаторый прымае за год каля 8 тысяч чалавек. Здраўніца карыстаецца папулярнасцю: жадаючых паправіць здароўе тут больш, чым месцаў, даводзіцца чакаць у чарзе. Лечаць тут і радонавымі водамі, і сапрапелевай граззю з мясцовага возера Дзікае, і чыстым сасновым паветрам. А кожны, хто пажадае, можа ўволю напіцца гаючай радонавай вады з крынічкі пад хрысціянскай капліцай.

Наш Сусанін

У цэнтры Дзятлава стаіць помнік тутэйшаму Сусаніну —  партызанскаму сувязному Іосіфу Філідовічу. У 1942 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады арганізавалі блакаду  пушчы, дзе быў размешчаны стацыянарны партызанскі шпіталь. Карнікі спалілі разам з жыхарамі пушчанскія вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахімавічы, Гарадкі. Пад пагрозаю расправы з нявесткай і ўнукам змусілі Іосіфа Філідовіча паказаць праход да шпіталя. Стары на чале карнага атрада доўга блукаў па пушчанскіх нетрах і завёў карнікаў у дрыгвяное балота. Цела партызанскага сувязнога з прастрэленай галавой знайшлі наступнай вясной, як сышоў снег. Шпіталь ацалеў.

Самабытны куточак

Ацалелая да сённяшняга часу забудова ўсходняга боку колішняй Рынкавай, а цяпер плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве з’яўляецца архітэктурнай каштоўнасцю і ахоўваецца.
Два разы на год — у дзень святога Георгія і на Тройцу тут праходзілі буйныя кірмашы. Драўлянае, з цесна забудаваным цэнтрам Дзятлава не адзін раз гарэла. Пасля чарговага пажару ў 1874 годзе губернскія ўлады забаранілі драўляную забудову вакол цэнтральнай Рынкавай плошчы. Напрыканцы XIX стагоддзя тут узвялі адна- і двухпавярховыя мураванкі. Гэты самабытны куточак і сёння прыдае гораду непаўторны каларыт.

Рэнесанс Кастэлі

У цэнтры Дзятлава месціцца выдатны помнік архітэктуры віленскага барока і ракако — касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Касцёл збудаваны ў 1624—1646 гадах на месцы драўлянага храма з фундацыі  ўладальніка мястэчка падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Льва Сапегі. У 1751 годзе пасля вялікага пажару касцёл перабудаваны дойлідам Асікевічам з наданнем барочна-ракайльнай архітэктурна-стылёвай трактоўкі.

Палац, які помніць Радзівілаў

На месцы цяперашняга палаца ў Дзятлаве колісь стаяў сярэднявечны гатычна-рэнесансны замак князёў Астрожскіх. Падчас Паўночнай вайны шведскае войска разбурыла і спаліла пераважна драўляную крэпасць. У XVIII стагоддзі замкі ўжо страцілі стратэгічную абарончую значнасць, таму на месцы “здзіцельскай” цытадэлі ўладальнік Здзіцела (Дзятлавам горад-мястэчка названа ў канцы XIX стагоддзя праз памылковы пераклад наймення) князь Мікалай Радзівіл у 1751 годзе будуе буйнамаштабны рэпрэзентацыйны, на ўзор еўрапейскіх, палац-рэзідэнцыю.

Ліпічанскія краявіды

Каля палавіны тэрыторыі раёна займае Ліпічанская пушча. Геолагі сцвярджаюць, што ўзнікла яна так: расталыя воды старажытнага ледавіка запоўнілі Верхненёманскую даліну і нізоўі ракі Шчары, узнікла Нёманскае мора. Яго воды сцякалі на поўдзень, а потым, размыўшы марэнавую граду каля Гродна, пайшлі ў Балтыку. Дно ж былога Нёманскага мора выслалі нанесеныя вадою белыя і жаўтаватыя пяскі. Вецер сушыў іх і перадзімаў з месца на месца, утвараючы рухомыя грады — дзюны. Затым у больш вільготным і цёплым клімаце пясчаныя дзюны (яны бачны і цяпер) параслі саснякамі і бярэзнікамі, нізкія і забалочаныя месцы — ельнікам, алешнікам, вербалозам. Узнікла пушча, якую насялілі туры, мядзведзі, зубры, ласі, дзікі. За дзікімі жывёламі прыйшлі паляўнічыя-людзі. Але людзі-земляробы пасяліліся пераважна на ўскраінах пушчы, на берагах Шчары і Нёмана — па рэках праходзілі старадаўнія шляхі зносін і ля рэк была ўрадлівая глеба. У самой пушчы месцяцца толькі тры вёскі — Руда Ліпічанская, Руда Яварская і Гута. Іх паходжанне не земляробчае: у двух Рудах прыгонныя князёў Радзівілаў і Чацвярцінскіх выплаўлялі жалеза з балотнай руды, у Гуце плавілі шкло (гута — шклаварня). Паскоранае развіццё прамысловасці ў XIX і XX стагоддзях актывізавала гандаль лесаматэрыяламі, і пушчу бязлітасна высякалі на продаж. Пасля дзвюх сусветных войнаў і аднаўленчых пасляваенных гадоў ад спелых пушчанскіх лясоў застаўся мізэр, пушча змаладзела. У другую Сусветную вайну Ліпічанская пушча стала прыстанішчам шматлікіх партызанскіх атрадаў і брыгад.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter