Наши традиции: народный праздник Сороки знаменует начало полевых работ

Птушкі ведаюць гнёзды свае

Жаўрукі, кулікі, галкі, вароны і нават коцікі: як выглядала абрадавае печыва на Саракі

Пара — Саракі, або Саракавік, — адзначаўся 22 сакавіка. Астранамічна ён звязаны з днём вясновага раўнадзенства. Таму раней лічылі, што менавіта Саракі пачынаюць год. З гэтага моманту прачыналася Сонца. Продкі казалі: «На Саракі дзень з ноччу мераецца: зіма заканчваецца — вясна пачынаецца». Якія традыцыі прысвятка захаваліся ў розных рэгіёнах Беларусі, расказала этнограф, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна КУХАРОНАК.

Ластаўкі прыляцелі — год будзе ўраджайны.

Саракі гоняць снег да ракі

З даўніх часоў вясну сустракалі ўрачыста, бо ад яе залежаў дабрабыт селяніна. У розных рэгіёнах Беларусі гукаць вясну пачыналі з прылёту птушак, заклікалі на Саракі, потым на Благавешчанне (7 красавіка). Прысвятак атрымаў назву ад лічбы 40. Чаму? У старажытныя часы ёй надаваўся сакральны сэнс. Па царкоўнай легендзе, назва паходзіць ад сарака севасційскіх пакутнікаў — воінаў-хрысціян, якія прынялі смерць за веру. У наш час дзень іх памяці вернікі лічаць Днём праваслаўнага мужчыны (па аналогіі з Днём жонак-міраносіц).

— На поўдні Міншчыны прысвятак называюць «Сораксвятыя», а гэта дае падставу лічыць, што даўней людзі бачылі ў назве не толькі сорак святых, але і сорак свят, — адзначае Таццяна Кухаронак. — Гэту каларытную назву запісала ў час экспедыцыі па Салігорскім раёне. Увогуле, Саракі ў каляндарным коле азначаюць кліматычны рубеж. Таму і казалі: «Саракі гоняць снег да ракі». Значыць, хутка вясна.

Таццяна Кухаронак.

У гэты дзень чакалі прылёту першых птушак. Ва ўяўленнях продкаў, да сваіх гнёздаў вяртаюцца сорак «птушак-пакутнікаў». Пасля і надыходзіць вясна. У сівыя часы птушкі ўспрымаліся як пасланнікі з раю. Адсюль і падабенства беларускага слова «вырай».

Галоўным вестуном вясны лічыўся жаўрук. Птушак варта было пачаставаць, таму гаспадыні загадзя гатавалі печыва, звычайна сорак штук. Беларусы выпякалі булачкі, галушкі або саракоўкі, верылі, што ласунак валодае ахоўнай сілай, спрыяе здароўю. Таму з самай раніцы на Саракі частаваліся менавіта печывам у выглядзе птушачак. З дапамогай яго адбываўся падлік маразоў, якія засталося перажыць. На дварэ халоднае надвор'е — булачку з'ядалі і глядзелі: колькі прысмакаў засталося, столькі яшчэ і маразоў (магло быць як мінімум сорак). Дарэчы, лік 40 абыгрываўся ва ўсіх абрадавых дзеяннях і народных павер'ях, звязаных з гэтым святам.

Сініца на Саракі  заспявала — цяпло варожыць.
Выпечка да свята ў розных рэгіёнах Беларусі насіла сваю назву. У Веткаўскім раёне пяклі сорак галак, у Брагінскім — столькі ж галубкоў. Паўночна-ўсходняя Гомельшчына вылучаецца тым, што рытуальнае печыва на Саракі магло насіць назву каткоў, коцікаў. І ў наш час гаспадыні да прысвятка гатуюць ласункі ў выглядзе сарок, жаўрукоў, кулікоў. І па розных рэцэптах. Раней шырока распаўсюджанай была форма выпечаных птушак з распасцёртымі крыламі, як быццам у час палёту. Лічылася, калі з'есці такую на Саракі, будзеш увесь год лятаць, як на крылах. З цягам часу птушыныя назвы — галубкі, саракі — замацаваліся за любымі круглымі ці даўгаватымі булачкамі.

Печыва ў час гукання вясны клалі на вароты, каб прычакаць добрага ўраджаю. На Падняпроўі ладзіліся цэлыя абрады, калі дзеці абходзілі суседзяў, збіраючы святочныя пачастункі. Часам печыва прызначалася менавіта птушкам.

Па ўсёй Міншчыне быў распаўсюджаны звычай перакідвання праз страху трэсак, скіраваны на поспех у знаходжанні птушыных яек. Прычым яго праводзілі басанож і абавязкова нашча.

— Жыхар вёскі Рог Салігорскага раёна Іосіф Ільюшчыц распавядаў: раніцай трэба было выбегчы на вуліцу, збіраць пад нагамі драўляныя трэскі і кідаць іх на страху, каб дапамагчы птушкам будаваць гнёзды. Лічылася, колькі трэсак паспееш накідаць, столькі потым назбіраеш яек, — расказвае Таццяна Кухаронак. — А ў кармянскай вёсцы Барсукі доўгі час існаваў звычай, калі выпечаных птушачак выносілі на вуліцу і клалі на стоўб у канцы агарода. Гэтая адметнасць мае глыбокі міфалагічны падтэкст, выяўляе ахвяраванне печыва птушкам, а разам з імі — душам памерлых і ўсяму тагасвету ў цэлым. У некаторых лакальных традыцыях абрадавае печыва, як і іншыя сакральныя прадметы, захоўвалася і пасля свята за абразамі, выкарыстоўвалася як абярэг ад грому і маланкі або лекавы сродак. Калі хтосьці занядужаў у сям'і, галушкі качалі па яго валасах і давалі з'есці нашча, каб не кружылася галава. Лячылі імі і хворых жывёл.

Паварот на лета

Саракі — гэта не толькі ласункі. Найперш прысвятак лічыўся сустрэчай цяпла. Спявалі песні-вяснянкі, выгуквалі заклічкі, прыгаворы-запрашэнні. Казалі так: «Вясну гукалі на Сараку: вясна, хадзі ў хату, зіма, выйдзі вон». Увесь абрадава-песенны комплекс павінен быў садзейнічаць набліжэнню цяпла і святла, абуджэнню прыроды і яе жыццядайных сіл.

На Саракі на зямлю з цёплых краёў вылятаюць40 выраяў птушак.

У час экспедыцый па Магілёўскай і Віцебскай абласцях Таццяне Кухаронак удалося сабраць унікальныя спевы, а таксама выявіць адметнасці звычаяў, характэрных для асобных раёнаў. Напрыклад, у клімавіцкай вёсцы Кісялёва Буда (Магілёўская вобласць) на Саракі песні-вяснянкі спявалі дзяўчаты, якія хадзілі па вуліцы або збіраліся на ўзвышшах, нават залазілі на дахі гаспадарчых пабудоў.

— Моладзь магла цэлымі гуртамі пераклікацца спевамі, — расказвае Таццяна Іванаўна. — У многіх раёнах Магілёўска-Смаленскага памежжа выкананне вяснянак дапаўнялася ваджэннем карагодаў. Казалі: «Дось вам, дзеўкі, гаряваці, пойдзем на вуліцу гуляці». Дарэчы, у названай мясцовасці ўдзельнічалі ў гэтым адны дзяўчаты. У некаторых лакальных традыцыях вясну запрашалі дзяўчаты і маладыя жанчыны, прапаноўваючы ёй пірагі.

У абрадавай паэзіі беларусаў асаблівая ўвага ўдзяляецца менавіта жыту як асноўнай хлебнай культуры. Песні-заклічкі былі своеасаблівым заклінаннем урадлівасці, як толькі араты ступаў на поле, каб правесці першую баразну.

Яшчэ адна асаблівасць свята — гушканне на арэлях. Па павер'ях, гэты звычай спрыяў умацаванню здароўя чалавека, яго ачышчэнню. Лічылася, чым вышэй разгайдацца, тым вышэй вырасце лён.

Што прыгатаваць на Саракі

Жаўрукі

Вам спатрэбіцца: 3 шклянкі мукі, 125 грам малака, 10 грам дражджэй, 15 грам сметанковага масла, 1 яйка, 2 сталовыя лыжкі цукру, ванілін, соль, 1 сталовая лыжка алею.

Прыгатаванне: дрожджы развесці ў цёплай вадзе, дадаць муку, цукар, алей, ванілін, трохі маркоўнага соку для колеру і замясіць цеста (яно павінна быць больш густой кансістэнцыі, чым звычайнае нішчымнае). Даць падняцца, затым раскачаць на пасыпанай мукой паверхні і нарэзаць палоскамі даўжынёй 15 см і шырынёй 2 см. Кожную завязаць вузельчыкам так, каб зверху атрымалася галоўка птушачкі. На яе прыляпіць дзве разыначкі — «вочы», на канцы палоскі, хвасце птушкі, правесці нажом некалькі неглыбокіх ліній.

Жаўрукі памазаць яечным жаўтком, пасыпаць цукрам і выпечы ў духавой шафе.

kuzmich@sb.by

Фото из архива «СБ»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter