Птушкi i хаты

У Беларусi прайшла акцыя «Птушкi на кармушцы»

У Беларусi прайшла акцыя “Птушкi на кармушцы”. Яна ладзiлася ў рамках зiмовага ўлiку крылатых. Каардынатарам выступiла Мядзельскае раённае аддзяленне грамадскай арганiзацыi “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Мэта – дапамагчы гэтым насельнiкам у самую цяжкую i галодную пару. I выпала яна на пачатак 2009-га – Года роднай зямлi.

Асабiста мяне вельмi цiкавiць, як жывецца зiмой i ў пачатку вясны сiнiцам, бо назiраю за iмi вельмi даўно ў нашым дачным садзе i агародзе, у лесе, якi побач. Добрыя птушкi, якiя сваiмi паводзiнамi i звычкамi так узбагачаюць нашу жывую прыроду, дораць шмат вясёлых, забаўляльных хвiлiн вясковым жыхарам, i дзецям асаблiва.

…Мы прыехалi з жонкай на дачу нядаўна, калi яшчэ было холадна i ўсё стыла пад снегам i лёдам. Падыходжу да кустоў парэчкi i раптам чую: «цiў-цiў-цiў». Хто гэта падае ласкавы галасок, падобны на тоненькi званочак? Сiнiца, добра ведаю. Але ж дзе яна? Ага, вiдаць, на яблынi, што расце каля плоту. Яблыня паўдзiкая, шмат пладоў на ёй трымаюцца ўсю зiму, бо яны кiслыя i цвёрдыя, мы iх не здымаем. Няхай, вырашылi, застаюцца на дрэве: у галодны час для некаторых птушак гатовы полудзень. Так i выходзiць.

Бачу: на яблынi руплiва i ўвiшна “працуюць” сiнiцы. Спрытна пераскокваюць з галiнкi на галiнку, учэпiста трымаюцца на самiх яблыках, дзяўбуць iх. Адна сiнiчка, бы той акрабат, прыладзiлася на яблыку ўнiз галавой i, нiчога сабе, трымаецца ўпэўнена.

Трэба сказаць, што гэтая яблыня як вялiкая i ўтульная харомiна для птушак. Каржакаватая, разлапiстая, з густой кронай. З вясны i да позняй восенi на ёй шчыруюць i сiнiчкi, i вераб’i. Дый расце дрэва ў цiхiм куточку, чужыя людзi тут не ходзяць, а мы з жонкай стараемся лiшнi раз не палохаць птушак.

А зараз стаю i назiраю за сiнiчкамi. Адчуваю: яны ў нейкай трывозе i адчаi. Усё зразумела: учора днём была адлiга i церушыў нудны дождж, а сёння мароз. Тоненькiм лядком зацягнула ствол i галiны дрэва, быццам пакрыты яны суцэльнай плёнкай. А на зямлi – цвёрды пласт снегу. Дзе i як сiнiцам здабыць корм? Мне здаецца, яны настолькi заклапочаны гэтай праблемай, iх так дапякла галадоўка, што не звяртаюць увагi на мяне. А можа, наадварот, чакаюць, што памагу iм, таму i не пакiдаюць дрэва.

Паварочваю назад, дахаты. I за маёй спiною зноў тое самае шчабятанне. Яно нясмелае i слабае, вiдаць, у птушак проста не хапае сiл мацней падаць голас. I мне быццам чуецца iхняе: мы тут, мы тут. Быццам гавораць сiнiцы на сваёй мове, што яны застаюцца на гэтай яблынi, толькi вось бяда — няма тут нiякага корму. Я зараз добра разумею галодных птушак i ведаю, што мне трэба рабiць.

На кухнi ў хаце бяру палавiну белага батона i дробненька яго крышу. Ачышчаю ад снегу метры два дарожкi ля хаты, высыпаю туды хлебныя крошачкi. Але не ўсе, частку iх сыплю на шырокi лiст фанеры, нясу яе блiжэй да той самай яблынi, кладу на цвёрды снег…

Перад ад’ездам гляджу ў бок яблынi: сiнiчкi ўжо таўкуцца на лiсце фанеры. Думаю, калi мы паедзем адсюль, яны, канешне, заўважаць корм i на дарожцы. Цяпер я больш-менш спакойны: хоць крыху памог галодным птушкам. У наступны раз трэба iм прывезцi нарэзанае маленькiмi кавалачкамi сырое несалёнае мяса цi сала – самы любiмы ласунак сiнiц. Надзвычай любяць яны i семкi сланечнiку, але iх няма ў нас на дачы. I вiнаваты самi… сiнiцы. Жонка пасадзiла ў агародзе некалькi сланечнiкаў, яны вымахалi на зай-здрасць, шапкi былi як тыя шырокiя капелюшы. Але ж як толькi семкi крыху паспелi, сiнiчкi i ачысцiлi сланечнiк. Не ведалi, што мы хацелi частку семак пакiнуць iм жа на зiму.

У нашай рэспублiцы выяўлена сем вiдаў гэтых птушак. Вялiкая сiнiца водзiцца на ўсёй тэрыторыi, яна добра абжылася ў лясах, дзе i ўтульна, i бяспечна, i корму летам хапае. Сады, паркi таксама ёй даспадобы. Зiмой цягнецца да жылля, дзе людзi, бо ведае, што тут заўсёды будзе корм. Ну зусiм як з гэтымi сiнiцамi на нашай дачы.

Яшчэ ў нас во-дзяцца сiнiцы губатая i чорная – аселыя птушкi, восенню i зiмой вандруюць чародкамi. Даўжыня цела сiнiц ад 10 да 15 сантыметраў, вага – крыху больш за 23 грамы. Густое мяккае апярэнне, кароткая моцная дзюба, яна дазваляе iм спрытна браць розных, нават дробненькiх, насякомых у самых недаступных месцах. Дуплы, гнiлыя пнi, расколiны дрэў, штучныя дуплянi як найлепш падыходзяць сiнiцам для гнёздаў. Сiнiцы нясуць шмат яек – ад чатырох да чатырнаццацi. А вялiкая нават двойчы на год, i патомства ў яе паўтара дзесятка—дваццаць птушанятак.

Сiнiцы – карысныя птушкi, знiшчаюць шкодных насякомых. Гэта сапраўдныя санiтары нашых садоў. Нястомныя ў працы, яны руплiва i надзейна ачысцяць усе галiнкi, ствол той жа яблынi цi грушы. На жаль, кожнай вясной мы бачым, што сiнiц намнога менш, чым было iх мiнулай восенню. Дзе ж яны? Загiнулi зiмой ад галадоўкi. Самае страшнае для сiнiц у гэтую пару – бяскормiца. Маразы асаблiва небяспечныя для паўгалодных птушак, у iх проста не хапае сiл вытрымаць такую халадэчу. Таму якраз дарэчы тая самая акцыя “Птушкi на кармушцы”.

— Галоўная яе мэта – прыцягнуць увагу людзей да праблем птушак, якiя ў нас зiмуюць, падкармiць iх у цяжкую пару года, — расказвае Алена Паршута, каардынатар Мядзельскага аддзялення АПБ. – Ну i адначасова правесцi ўлiк. Акцыя праходзiла ў два самыя халодныя днi, у ёй удзельнiчалi 282 чалавекi. Якiя ж вынiкi? Высветлiлася, што да нашых кармушак прылятаюць 28 вiдаў птушак. А ўсяго за два днi на гэтых своеасаблiвых “сталоўках” заўважана больш за тры тысячы крылатых. На першым месцы – вялiкая сiнiца, амаль тысяча рэгiстрацый. Далей – вераб’i дамашнiя i палявыя. Часцей сталi прылятаць да кармушкi свiрысцелi, якiя вельмi падабаюцца нам.

— I хто ж асаблiва старанна клапоцiцца аб птушках?

— Безумоўна, школьнiкi, што нас вельмi радуе. Гэта члены клубаў “Крылаты дазор”. Добра “па-працавалi” з птушкамi ў школах Шумiлiнскага, Мядзельскага, Дзятлаўскага раёнаў. Дзецi прыслалi нам не толькi запоўненыя анкеты, але i свае дасцiпныя аповяды пра назiраннi за птушкамi, пра iх паводзiны. А члены гуртка “Золак” з Мiнска нават знялi i прыслалi вiдэаролiк — цiкавы рэпартаж пра тое, як крылатыя ласуюцца рабiнай. Удзельнiчалi ў акцыi i дарослыя. Словам, у нас ёсць шмат птушыных сяброў. Хачу толькi сказаць: клопаты пра iх не трацяць сваёй актуальнасцi i на пачатку вясны. Снегу яшчэ шмат, ён за-крывае рэшткi корму, таму птушак трэба падкармлiваць да таго часу, пакуль снежнае покрыва не сыдзе поўнасцю.

Як падкрэслiвае спецыялiст па эка-лагiчнай адукацыi АПБ Руслан Шай-кiн, вывучэнне паводзiн птушак у зiмовы перыяд дае каштоўны навуковы матэрыял. У тым лiку, канешне, i акцыя “Птушкi на кармушцы”. Мы атрымлi-ваем адказы на многiя важныя пытаннi з жыцця “крылатага насельнiцтва” роднага краю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter