Птушкi i гнёзды

Чаму лысуха не ходзiць гогалем

Чаму лысуха не ходзiць гогалем

Хай не здзiўляе нашых чытачоў тое, што вясною мы расказваем пра зiмовы ўлiк водна-балотных птушак. Зараз якраз апрацоўваюцца сабраныя даныя гэтай надзвычай важнай акцыi. Значыць, можам ужо сказаць пра папярэднiя вынiкi, даведацца, цi ўтульна ў Беларусi розным птушкам.

Мерапрыемства праводзiла грамадская арганiзацыя «Ахова птушак бацькаўшчыны» (АПБ). Чаму менавiта ўзiмку? З такiм пытаннем я звярнуўся да Руслана Шайкiна, спецыялiста па экалагiчнай адукацыi АПБ.

— Справа ў тым, што ўзiмку птушак менш, яны збiраюцца чаро­дамi. Прылятаюць на кармушкi, якiя падрыхтавалi iм клапатлiвыя людзi, альбо трымаюцца на невялiкiх участках вадаёмаў. Таму вельмi прыкметныя, iх лёгка пералiчыць, — адзначае ён.

Якiя ж важныя даныя з жыцця гэтых насельнiкаў нашых азёр, рэк, балот атрыманы?

На ўлiк узяты амаль 53 тысячы зiмуючых водна-балотных птушак. Яны адносяцца да 37 вiдаў. З найбольш масавых, якiя зiмуюць у нас, наступныя: краква — 43 084 рэгiстрацыi, лебедзь-шыпун — 3458, звычайны гогаль — 1900, вялiкi крохаль — 1830, лысуха — 1300 рэгiстрацый. Пра што сведчаць гэтыя лiчбы?

Да пачатку ХХ стагоддзя лебедзь-шыпун, да прыкладу, рэгулярна гнездаваўся на азёрах Беларусi, Польшчы i Лiтвы.

А што цяпер з лебедзем-шыпуном?

— Яго рэальная колькасць у рэспублiцы каля 2 тысяч, — гаворыць арнiтолаг Iван Багдановiч. — Вельмi вялiкая лiчба. Некаторым птушкам, вiдаць, падабаецца Беларусь, яе утульныя мясцiны. Скажам, звычайнаму гогалю. Вельмi цiкавая птушка. Па-першае, гняздуецца ў дуплах дрэў, па-другое, зiмуе ў Заходняй Еўропе. Раней яе колькасць у Беларусi была меншай. Зараз павялiчылася.

Амаль у аднолькавай сiтуацыi з гогалем апынуўся сёлета крохаль вялiкi: 1830 рэгiстрацый. Птушка з багатым апярэннем. Галава i верхняя частка шыi блiскуча-чорныя з зялёным адлiвам, дзюба чырвоная, спiна чорная, нiз цела белы. Здаецца, усё яе жыццё — нейкая ўрачыстасць.

А вось лысухi ў параўнаннi з iншымi вiдамi ў сёлетнюю зiмоўку стала менш, i невядома чаму. А птушка цiкавая. У Беларусi ёй жывецца добра, бо тут шмат азёр, заток, старыц, балот… Гнёзды ладзiць каля самай вады, там, дзе на берагах густыя зараснiкi трыснягу, рагозу, асакi.

— Новыя буйныя зiмоўкi водна-балотных птушак выяўлены ў Мазыры, Салiгорску, Слуцку, — працягвае Iван Багдановiч. — Сёлета на ачышчальных збудаваннях памiж Калiнкавiчамi i Мазыром сабралася вялiкая групоўка качак, прычым шмат iх аблюбавалi ўчастак набярэжнай Прыпяцi. Не скаваў мароз ачышчальныя збудаваннi каля Салiгорска — i птушкi спакойна тут зiмавалi. Каля Мiнска было адзначана аж 7735 рэгiстрацый розных птушак. На Лукомльскiм возеры — 3414 рэгiстрацый. Тут заўважаны нават паўночныя качкi — турпан i сiньга, якiя на тэрыторыi Беларусi рэдкiя госцi. У Гродна — каля 3000 рэгiстрацый, у Барысаве — 1553. Як правiла, зiмавалi птушкi там, дзе цёплая вада.

— Iван Аляксандравiч, вы апрацуеце даныя, атрыманыя ў час зiмовага ўлiку птушак, а што далей?

— Будзем друкаваць iх у навуковых выданнях. Гэта ж матэрыял, якому проста цаны няма. Дбайна сабраныя звесткi пра гэтых насель­нiкаў у розных кутках Беларусi вельмi дапамагаюць вучоным пры глыбокiх i сур’ёзных даследаваннях.

Зараз вясна, птушкам куды лепш. Але ж клапацiцца пра iх неабходна i ў гэтую пару года. Яны сядзяць на гнёздах, выводзяць бездапаможных птушанят. Значыць, iм асаблiва патрэбны спакой i цiшыня. Людзi выязджаюць у выхадныя ў лес, да азёр i рэк. I, на жаль, далёка не ўсе ўважлiва адносяцца да птушак. А яны ж — адметнасць беларускай зямлi.

Тыя мерапрыемствы, якiя ладзiць АПБ, сведчаць: птушкам утульна ў Беларусi. Ад нас усiх залежыць, каб было так i надалей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter