Птушкам патрэбна неба

Былы ваенны лётчык, падпалкоўнік запасу Мікалай Мачанскі ўзначальвае Цэнтральны аэраклуб ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Пад яго кіраўніцтвам пад Мінскам створаны ўнікальны Музей авіятэхнікі.На пачатку мая ў мінскім Доме Міласэрнасці праходзіла прэзентацыя дакументальнай аповесці журналісткі Наталлі Салук “Мікалай Мачанскі: Узлёт дазваляю!”. На імпрэзу сабралася шмат цікавых людзей. Былі ўраджэнцы Беларусі вядомыя лётчыкі-касманаўты, двойчы Героі Савецкага Саюза Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, былы камандуючы 26-й Паветранай арміяй генерал-палкоўнік у адстаўцы Анатоль Малюкоў, настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску протаіерэй Фёдар Поўны... З Масквы спецыяльна прыехалі Ларыса Архангельская (Грыцавец) і яе сын Сяргей — дачка і ўнук нашага земляка, лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Былі ў зале дзясяткі іншых людзей, з якімі зводзілі з дзіцячых гадоў лёс і ваенная служба героя аповесці. Прычым хоць галоўны аповед у кнізе — пра Мачанскага, ды знайшлося там годнае месца і для многіх з іх.
Мікалай Мачанскі ў Музеі авіятэхнікі Былы ваенны лётчык, падпалкоўнік запасу Мікалай Мачанскі ўзначальвае Цэнтральны аэраклуб ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Пад яго кіраўніцтвам пад Мінскам створаны ўнікальны Музей авіятэхнікі.
На пачатку мая ў мінскім Доме Міласэрнасці праходзіла прэзентацыя дакументальнай аповесці журналісткі Наталлі Салук “Мікалай Мачанскі: Узлёт дазваляю!”. На імпрэзу сабралася шмат цікавых людзей. Былі ўраджэнцы Беларусі вядомыя лётчыкі-касманаўты, двойчы Героі Савецкага Саюза Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, былы камандуючы 26-й Паветранай арміяй генерал-палкоўнік у адстаўцы Анатоль Малюкоў, настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску протаіерэй Фёдар Поўны... З Масквы спецыяльна прыехалі Ларыса Архангельская (Грыцавец) і яе сын Сяргей — дачка і ўнук нашага земляка, лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Былі ў зале дзясяткі іншых людзей, з якімі зводзілі з дзіцячых гадоў лёс і ваенная служба героя аповесці. Прычым хоць галоўны аповед у кнізе — пра Мачанскага, ды знайшлося там годнае месца і для многіх з іх.
Хто ж такі Мікалай Мачанскі? Мала сказаць, што ён нарадзіўся ў вёсцы Белянок Драгічынскага раёна, у шматдзетнай сялянскай сям’і. Ён — з пакалення хлапчукоў, якія марылі пра неба. Выхаваныя подзвігамі герояў вайны, жыццёвымі прыкладамі родных і блізкіх, яны рваліся да геройства і здзяйснялі яго. Калі Мікалай быў у восьмым класе, памерла маці, сіротамі засталіся ён, тры сястры і брат. Цяжкая страта, а яшчэ вясковая праца, якая не мае часам пачатку і канца, сфарміравалі, загартавалі характар юнака. Ужо тады яму вельмі хацелася лётаць. Былы дырэктар Белінскай школы Пётр Падлужскі згадвае: Мікалай вылучаўся ў калектыве дапытлівасцю, пастаянным жаданнем зрабіць нешта добрае, карыснае. З шостага класа нязменна кіраваў школьным атрадам “Зарніца”.
Шлях у неба быў доўгім. Спачатку ён з адзнакай закончыў Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Служыў тэхнікам у авіяпалку, абслугоўваў самалёты — а сам рваўся ў неба. Як выключэнне лейтэнанту там дазволілі скакаць з парашутам. І працавітасць, мэтанакіраванасць заўважылі: абралі спачатку камсоргам батальёна, а потым і авіяпалка. Завочна вучыўся ў Курганскім вышэйшым ваенна-палітычным авіявучылішчы. З 1980-га Мікалай Пятровіч служыць у Беларусі — у знішчальным авіяпалку, потым у палітаддзеле 26-й Паветранай арміі: на аснове яе, дарэчы, і былі створаны Ваенна-Паветраныя сілы незалежнай Беларусі. У сталічным аэраклубе ДТСААФ Мачанскі і пачаў лятаць, з часам у Сызранскім вышэйшым ваенным авіявучылішчы лётчыкаў здаў экзамены экстэрнам — і шлях у неба быў адкрыты. Гэта, кажуць спецыялісты, унікальны выпадак у гісторыі савецкай явіяцыі: як правіла, камсоргі не ляталі. А тут — здзейсніў 300 скачкоў з парашутам, стаў лётчыкам 3-га класа. На адным з камсамольскіх форумаў у Маскве, уручаючы капітану Мачанскаму памятны падарунак, тройчы Герой Савецкага Саюза Маршал авіяцыі Аляксандр Пакрышкін не ўтрымаўся, абняў яго...
З часам калегі ўбачылі ў Мачанскім і перспектыўнага лётчыка, яго прызначылі намеснікам камандзіра па палітчастцы адной з авіяэскадрылляў, што мела базу пад Мінскам. У 1989 годзе, калі афіцэр закончыў Ваенна-палітычную акадэмію, яго накіравалі служыць ў Заходнюю групу войск, пад Лейпцыг. Там праз некаторы час ён стаў начальнікам штаба 337-га асобнага баявога верталётнага палка, доўгі час выконваў і абавязкі камандзіра часці. У Германіі ж пазнаёміўся, пасябраваў з тагачасным настаяцелем Свята-Алексіеўскага храма-помніка рускай славы ў Лейпцыгу айцом Фёдарам Поўным, ураджэнцам Магілёўшчыны. Ім абодвум, вобразна кажучы, ніяк не пражыць без неба… Моцны саюз святара і лётчыка дае і цяпер добры плён, а раней разам яны нямала зрабілі, пастаўляючы гуманітарныя грузы для тых, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, для рэабілітацыі хворых дзяцей. Гэта па ініцыятыве Мікалая Мачанскага афіцэры палка сумесна з немцамі падарылі Бягомльскай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот аўтобус “Ікарус”. Ён прыбыў туды з Германіі з адзеннем, прадуктамі харчавання, відэаапаратурай ды іншымі грузамі.
Потым быў вывад палка з Германіі ў Сібір, і хоць у 38 гадоў падпалкоўніку Мачанскаму прапанавалі камандаваць палком, ён звольніўся ў запас. Хацелася ў Беларусь, быць карысным на роднай зямлі. Калі ж па задуме айца Фёдара пачалося будаўніцтва Дома Міласэрнасці ў Мінску, спатрэбіліся дзелавая энергія, арганізатарскія здольнасці яго сябра-афіцэра. Тры гады лётчык і святар разам рухалі шматлікія справы, звязаныя з будаўніцтвам. А калі Мікалай праз 17 гадоў вяртаўся ў родны аэраклуб, протаіерэй Фёдар сказаў: “Гэта чалавек рэдкай мэтанакіраванасці, прыстойнасці і гонару. Ад Бога ў яго талент і любоў да людзей”.
Мікалаю Мачанскаму давялося нямала папрацаваць, каб да былой славы аэраклуба дадалася новая. Цяпер там кіпіць работа, навучаюцца і курсанты авіяфакультэта Ваеннай акадэміі Беларусі: за 15 гадоў — больш за 200 ваенных лётчыкаў “набылі крылы”. Пад кіраўніцтвам афіцэраў запасу развіваюцца розныя віды спорту: самалётны, верталётны, парашутны, авіямадэльны... У выхадныя ў Баравой, пад Мінскам, шмат моладзі, тысячы юнакоў і дзяўчат здзейснілі там першы скачок з парашутам, сталі разраднікамі, майстрамі спорту. І ў тым, што члены зборнай каманды аэраклуба ў 2010 годзе сталі абсалютнымі чэмпіёнамі свету, а ў 2011-м чэмпіёнамі Еўропы, вялікая заслуга Мікалая Мачанскага.
Сярод паважаных гасцей Мікалая Мачанскага – двойчы героі Савецкага Саюза Пётр Клімук і Уладзімір КавалёнакЯшчэ адна яго і аднадумцаў значная справа — стварэнне ўнікальнага Музея авіяцыйнай тэхнікі. Паездзілі шмат па Беларусі, па былых авіягарнізонах і палігонах, дзе часам знаходзілі і спісаныя баявыя машыны. Перамовы з мясцовымі ўладамі, перавозка на Баравую, аднаўленне “экспанатаў”... Цяпер у музейным парку 29 самалётаў і верталётаў розных мадыфікацый. Многія госці, дарэчы, прыязджаюць у музей не толькі каб пабачыць авіятэхніку, але і добрым словам згадаць тых, хто калісьці на ёй штурмаваў неба. Лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, які лічыць Мікалая Мачанскага сваім духоўным сваяком, неяк адзначыў: “Без такога энтузіязму і памкнення, як у Мікалая Мачанскага, не было б і музея. Не кожная постсавецкая краіна мае такі. А гэта ж усё — для нашчадкаў, для выхавання будучага пакалення”.
Упершыню менавіта Мікалай Мачанскі прапанаваў перазахаваць прах лётчыка-героя Сяргея Грыцаўца ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай. Дачка героя, Ларыса Сяргееўна, абдумвае прапанову. Яна ўдзячна кіраўніцтву аэраклуба, які носіць імя яе бацькі, народу Беларусі за памяць і павагу да лётчыка-героя.
Як і належыць мужчыну, Мікалай Мачанскі пабудаваў дом, пасадзіў сад, выгадаваў трох сыноў. Старэйшы, Аляксей, — маёр, камандзір верталёта Мі-8 у авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Валерый — прадпрымальнік, а яшчэ інструктар-парашутыст: здзейсніў больш за дзве тысячы скачкоў з парашутам, кандыдат у майстры спорту. Малодшаму ж, Мікалаю, 8 гадоў.
Два гады таму напярэдадні Дня незалежнасці Прэзідэнт Беларусі ўручыў Мікалаю Мачанскаму ордэн Пашаны — за шматгадовую добрасумленную плённую працу, прафесійнае майстэрства і асабісты ўклад у развіццё авіяцыйных відаў спорту ў Беларусі.
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, начальнік аэраклуба яшчэ і яшчэ раз падымаецца ў неба, навучае будучых ваенных лётчыкаў і спартсменаў-лётчыкаў краіны. Бо і яму, і гэтым апантаным жаданнем палётаў юнакам, як птушкам, для паўнацэннага жыцця абавязкова патрэбна неба.

Леанід Прышчэпа, палкоўнік запасу
На здымках:
Мікалай Мачанскі ў Музеі авіятэхнікі
Сярод паважаных гасцей Мікалая Мачанскага – двойчы героі Савецкага Саюза Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter