Шчэпавая птушка з Бярозаўскага раёна папоўніла спіс культурных каштоўнасцей Беларусі

Птушка шчасця заўтрашняга дня

У Бярозаўскім цэнтры рамёстваў адрадзілі папулярнае раней рамяство — выраб шчэпавай птушкі-абярэга. Малады майстар Аляксандр Лаўрыновіч вучыўся ў вядомага разьбяра па дрэве Мікалая Галабурды з вёскі Судзілавічы. Калісьці птушка выратавала юнага Мікалая ў Германіі. Фашысты адправілі хлопца на прымусовыя работы. У вольны час ён вырабляў абярэгі і мяняў iх на хлеб. Так і выжыў. У мінулым годзе шчэпавая птушка папоўніла спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі.


Драўлянаму абярэгу нашы продкі прыпісвалі цудадзейную сілу, называлі яго абаронцай дзяцей, сімвалам сямейнага шчасця. Але знайсці птушку ў доме і ўбачыць яе на свае вочы аказалася не так проста. Абярэг нельга доўга захоўваць. Дырэктар Бярозаўскага цэнтра рамёстваў Наталля Кавалевіч расказвае чаму:

— Выраблены з асінавага або ліпавага палена абярэг вешалі ў хаце, а пасля Каляд спальвалі ў печы. Або ў вогнішчы на Купалле. Лічылася, што птушка забірае з сабой усё дрэннае, таму трэба спаліць сабранае ёю зло ў агні, а потым зрабіць новы абярэг.

Птушкi-абярэгi традыцыйна вешалi над калыскамi. Лiчылася, што яны аберагаюць дзяцей

Аляксандр Лаўры­новіч праводзіць у цэнтры рамёстваў майстар-класы для школьнікаў. Працэс вырабу драўлянай птушкі паказваюць нават малым з дзіцячых садкоў. За працай майстра яны сочаць неадрыўна. Але дзецям нож у рукі ніхто не дае — ён вельмі тонкі і восты. Аляксандр апісвае кожны вытворчы этап:

— З аднаго бруска выразаецца тулава і галава, з другога — крылы. Самая адказная аперацыя — расшчапленне брускоў на тонкія пласцінкі. Чым танчэй пласцінкі, тым больш ажурнай атрымаецца птушка. Брускі злучаюць адзін з адным. Потым «распускаецца» пер’е. Шчэпавая птушка не пакрываецца лакам, не выкарыстоўваецца нават клей. Такая традыцыя. Абярэг павінен быць «жывым». Дарэчы, зрабіць яго можна толькі з сырога дрэва. Спазнішся — і «развесці» пер’е ўжо не атрымаецца.

Большасць работ майстра Аляксан-дра ПРАКАПЧУКА прысвечана кляштару картузіянцаў — аднаму з сiмвалаў Бярозы

У мiнулым годзе працэс вырабу драўляных птушак уключылi ў спiс матэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусi

У Бярозаўскім цэнтры рамё­стваў ёсць яшчэ адзін майстар, які асвоіў амаль забытае рамяство — Аляксандр Пра­капчук. Ён нават зрабіў эскіз скульптуры, прысвечай шчэпавай птушцы. Яе можна ўбачыць у цэнтральным парку Бярозы. Але ж большасць работ Аляксандра Пракапчука прысвечана іншаму сімвалу Бярозаўскага краю — кляштару картузіанцаў. Яго лёс хвалюе майстра:

— Гэты гістарычны аб’ект трэба абавязкова захаваць для нашчадкаў. Нажаль, зараз ён разбураецца. Праз якіх пяць год ужо няма будзе чаго захоўваць. Унікальны кляштар проста знікне.

У Бярозаўскiм раённым цэнтры рамёстваў аднаўляюць не толькi рамёствы i старадаўнiя традыцыi, aле i нацыянальныя строi

Шмат якія з мясцовых традыцый удалося захаваць і нават аднавіць дзякуючы намаганням Наталлі Кавалевіч. Майстэрства рабіць драўляныя птушкі, напрыклад, паспелі пераняць у старых майстроў, якіх і раней былі адзінкі, а зараз наогул амаль нікога з іх у жывых не засталося:

— Многія мясцовыя жыхары памятаюць, што такія птушкі раней прадавалі на рынку ў Бярозе. Але хто іх рабіў і як — не ведаў ніхто. Мы адшукалі майстроў на ўскрайку Здзітаўскай пушчы, таксама ў Драгічынскім районе, паспелі пераняць іх майстэрства. Пазней даведаліся, што такія абярэгі рабілі і ў Белавежскай пушчы. Тэхналогіі падобныя, але адрозненні ўсё ж ёсць. Дзякуючы птушцы мы ўзнялі цэлы пласт беларускай традыцыйнай культуры — выраб драўляных цацак. Некаторыя з іх ужо асвоілі. Але ж работы ў гэтым накірунку яшчэ вельмі многа.

Некалькi гадоў таму ў гарадскiм парку Бярозы паставiлi скульптуру, прысвечаную драўлянай птушцы 

p.losich@gmail.com

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА, Кацярыны ГАРАЕВАЙ (БелТА) і аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter