Птушка шчасця гарадоцкіх майстроў

Самаадданасць і талент майстроў народнага мастацтва Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору невыпадкова адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” па выніках 2007 года. Аўтэнтычныя тэхналогіі, формы, узоры і фарбы жывуць у душы адмысловага майстра, і толькі яму падуладны таямніцы адмысловага ўмення продкаў.

Энергетыка глінянага жбанка
Ганчар Алена Бараўцова працягвае старажытныя традыцыі сваіх землякоў насуперак таму, што раней ганчарнай справай займаліся выключна мужчыны. Мяккая па характары і апантаная ў творчасці, яна ведае: гліна дае моц, праз яе ў чалавека вырастаюць крылы. Трэба толькі не спыняцца ў сваім палёце і не баяцца ствараць новыя формы. Бо, як вучыў яе гарадоцкі ганчар Васіль Семянкоў (шкада, але майстар год назад пайшоў з жыцця), форма — сутнасць іх рамёства. А спасцігаў ганчарныя сакрэты Васіль Іванавіч у самога Сцяпана Амасовіча, які ў 1930-я гады заснаваў у Гарадку ганчарную арцель.
Ганчарства вядома са старажытнасці, але найбольшае развіццё гэты промысел набыў у ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя. З гліны выраблялі латкі, міскі, гарлачы, жбанкі, дваёнышы, траёнышы, цацкі.
— 15 год таму, калі пачалося паўсюднае адраджэнне мясцовых рамёстваў, мы спрабавалі сябе ў розных відах народнага мастацтва, — расказвае Алена. — Вучыліся на курсах. Нечакана я адчула, што  маё сэрца замірае, калі я назіраю, як на ганчарным крузе вырастае сапраўдны твор.
У 1994 годзе мужчыны-ганчары зрабілі для Алены печ. З таго часу яе асабісты працэс пазнання не спыняецца, кожны раз яна адкрывае ў працы нешта новае. Зараз Алена Бараўцова ў дэкрэтным адпачынку, нарадзіла другога сыночка, але ўсё роўна рукі самі да гліны цягнуцца.
— Дзіця пакладу спаць і пачынаю варажыць над посудам, які паедзе на выставу ў Японію, — гаворыць майстар. — У Гарадоцкім раёне многа гліны, ёсць нават блакітная, гаючая. Капаем яе ў каналах рыдлёўкай на глыбіні 2,5 метра. Ёсць белая і чырвоная, але блакітная — самая чыстая.
У 2000 годзе Бараўцова асвоіла старажытны спосаб абварвання керамікі. Выраб знаходзіцца 5—6 гадзін у печы. Потым праз разбітае акенца яго выцягваюць, апрацоўваюць глазуравай палівай, якую робяць з сумесі вады і мукі, ці густой смятанай. Пасля гэтага посуд становіцца воданепранікальным. Яшчэ ёсць спосаб апрацоўкі — дымленне.
Акрамя распаўсюджаных збанкоў тутэйшыя ганчары рабілі 10-літровыя бочкі для засолу агуркоў і капусты. А яшчэ ў экспедыцыях знаходзілі вялікія гліняныя збанкі, аплеценыя бяростай — берасцянікі.
Берасцянікі Васіля Сіманковіча
Пакуль Алена Бараўцова займае пачэсную пасаду маладой маці (хоць старэйшы Міколка ўжо вучыцца ў каледжы), усёй гаспадаркай Дома рамёстваў камандуе Васіль Сіманковіч. Яго шлях да творчасці — быццам лёсам наканаваны. Юнаком паступіў у інстытут на фізіка-матэматыка. Потым папрацаваў у школе, на хлебнай базе і нечакана захапіўся лозапляценнем.
— Тады, у 90-я, быў такі перыяд, калі трэба было нешта рабіць сваімі рукамі, каб выжыць, — разважае Васіль. — Пачаў плесці кошыкі, якія заўсёды патрэбны вяскоўцам. Жонка прынесла з бібліятэкі дапаможнік па лозаплязенню ў перакладзе з англійскай мовы.
І захварэла сэрца беларуса: як гэта — англічане могуць, дык і мы ж не лыкам шытыя...
Між іншым сярод жыхароў Гарадоччыны даўней плялі хатні і гаспадарчы рыштунак з лазы, чароту, лыка, каранёў дрэў, бяросты, саломы, пянькі, лучыны, дубцоў арэшніку, ядлоўцу, рабіны, чаромхі. Карацей, чаго толькі не прыдумае бедны чалавек!.. Майстравалі з таго пляцення і мэблю, і карабы, і калыскі, апляталі ганчарныя вырабы.
— Лазу лепш нарыхтоўваць вясной, калі лягчэй кару з яе зняць, — дзеліцца сакрэтамі рамяства Васіль Сіманковіч. — Увосень дубчыкі трэба кіпяціць хвілін 45, для захоўвання сушыць на сонцы.
Зараз адмысловыя плеценыя агароджы карыстаюцца асаблівым попытам для ўпрыгожвання двароў і ландшафтных тэрыторый.
Васіль Сіманковіч зразумеў тэхналогіі апрацоўкі лазовай кары, якія існавалі ў старыя часы, і спрабуе ствараць аўтэнтычныя дызайнавыя формы з кары. Эксперымент сілкуе вопыт.
Пояс сяброўства
Майстры з Гарадка неаднаразова выходзілі пераможцамі “галіновых” конкурсаў на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Вольга Рэут, Людміла Гаравая варожаць над саломкай. З яе не толькі робяць капелюшы, пано і ўпрыгожанні, але і ствараюць калекцыю кубельцаў, у якіх калісьці зерне ссыпалі. Наталля Юшкова засвоіла унікальны спосаб ткацтва ўзорнага пояса “на ніту” ад слыннай ткачыхі паясоў Ніны Міхайлаўны Каралько. Народны майстар неаднойчы прыгадвала, што да вайны вясковыя дзяўчаты абавязкова вучыліся ткаць паясы. Бо без такога пасагу замуж не ішлі. У кожнага пояса — свая стылістыка, узоры маюць свае назвы: грабеньчыкі, палоскі, ромбы, крыжыкі.
Кіраўнік клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Вытокі” Жанна Гусейнава гаворыць, што пошук майстроў ніколі не спыняецца. Сёння знайсці іх складана, бо рамяство больш цікавіць людзей старэйшага ўзросту.
— У нас сапраўдны калектыў, дзе адпачываеш душой, — лічыць Ірына Шалаева, — добразычлівы, сяброўскі. Я прыйшла сюды тры гады таму, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта ВДУ і працы ў каледжы. Мяне заўсёды цікавілі лялькі, быццам у дзяцінстве не нагулялася... (смяецца)
Сапраўды, Ірына стварае лялькі ў змешанай тэхніцы. З цеста ці керамікі робіць ім твар, рукі. Потым на металічны каркас надзявае сукенкі. Вось шэсць лялек да батлейкі “Цар Ірад”: Рахіль, Анёл, Чорт, Смерць, Ваяка, а Марысю яшчэ не дарабілі. Маленькія гледачы з захапленнем будуць глядзець спектакль з удзелам гэтых герояў “ручной работы”.
Белы ручнік Паазер’я
Гонарам Дома рамёстваў з’яўляецца калекцыя ручнікоў, якія саткала Марына Гушча.
— Для ручнікоў поўначы Беларусі характэрны белыя, светлыя колеры, ажурнасць і тонкая нітка, — расказвае Марына. — Такіх ручнікоў больш нідзе не ткалі. Невыпадкова яшчэ да вайны ў вёсках Гарадоччыны можна было пачуць крылатае пажаданне: шоўкам лён! Такія лёгкія палотны рабіліся для фіранак на вокны, яны служылі ўціральнікамі, якімі карысталася ўся сям’я, імі ўпрыгожвалі абразы і сталы з хлебам і соллю.
Марына, яе муж Пётр — мастакі, як кажуць, ад Бога. Пётр займаецца разьбой па дрэве. Для Марыны кросны сталі сутнасцю яе творчасці і, у нечым, жыцця. Яна ўмее здзіўляць колерам. Са студэнцкіх часоў захаплялася габеленам.
— У экспедыцыях мы шукаем, што ў бабульчыных куфрах засталося. А пакідаюць яны невялічкія латачкі — рэшткі тых ручнікоў ды посцілак, якія самі саткалі, — працягвае Марына. — Але па ўзору такіх латачак мы нават калекцыю гарадоцкіх строяў стваралі.
Каляжанка Марыны Таццяна Міснікава валодае ўсімі сакрэтамі гарадоцкай вышыўкі. Яна вышывае на палатне, якое тчэ Марына.
Што ні кажы, але  гэта праца для самых цярплівых людзей. Пакуль у тыя ж кросны заправіш 600—700 нітак, ды яшчэ па задуманым узоры, пройдзе не адзін тыдзень! А потым тчэш і плачаш, што доля такая. І радуешся пасля, калі са звычайных нітак нараджаецца створаная тваімі рукамі казка...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter