Птушкі і гнёзды

Аляксандр Шчурко з Попелева збудаваў інтэрнат для шпакоў

Упадабалі шпакі дзічку, а вераб’і яе не аддаюць.

На дзікай грушы вісіць 11 шпакоўняў. Першая з іх з’явілася на дрэве ля дома Аляксандра Шчурко з вёскі Попелева Пружанскага раёна прыблізна дзесяць гадоў таму.

— Затым вырашыў штогод папаўняць калекцыю новай шпакоўняй. Дзічка масіўная, не зламаецца, — кажа пенсіянер. — Вось днямі дзве новыя павесіў. Зараз у мяне жыве 21 птушыная сям’я. Раніцай і вечарам у нас тут спевы і гоман.

Шпакі селяцца ў драўляныя домікі ў пачатку вясны, летам злятаюць, але перад адлётам хаця б на тыдзень абавязкова вяртаюцца ў свае хаткі. Зімой жа шпакоўні займаюць вераб’і.

— Вясной, калі шпакі вяртаюцца, у іх з вераб’ямі пачынаюцца сапраўдныя бойкі за жыллё, — працягвае Аляксандр Васільевіч. — Перамагаюць у іх заўсёды першыя, бо яны большыя па памерах.

Цікава, што многія домікі для птушак у Аляксандра Шчурко незвычайныя па форме. Ёсць сярод іх трохпавярховыя, адзін зроблены са старога гадзінніка, адзін — з тэлевізара, яшчэ два — з маслабоек. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter