У другую нядзелю мая адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна

Прызнаныя атрыбуты незалежнасці

На фронце, міжнародных спартыўных спаборніцтвах ці дыпламатычных перамовах людзі здаўна паказваюць сваю дзяржаўную прыналежнасць пэўнай сімволікай. У наш час — час інфармацыйных войн — яе значэнне для самасвядомасці народа набывае асаблівую важнасць. 

Барані сваё

Мы даўно прызвычаіліся і, здаецца, амаль перасталі заўважаць тое, як да дзяржаўных свят на вуліцах з’яўляліся нашы сцягі. Яны развяваліся над будынкамі дзяржустаноў і магазінаў, школ і ўніверсітэтаў, над буйнымі жыллёвымі комплексамі і спартыўнымі аб’ектамі. Але пасля падзей жніўня 2020-га, санкцый, праяўлення зусім не добрасуседскіх адносін з боку пэўных краін да нас мы пачалі больш трапятліва ставіцца да нашых дзяржаўных сімвалаў. І вось ужо чырвона-зялёнага ў гарадах і вёсках стала значна больш. Цяпер я часта бачу, як дзяржаўныя сцягі з’яўляюцца, напрыклад, на тэрыторыі прыватных двароў. Людзі вывешваюць іх з балконаў сваіх кватэр. 

У гонар дзяржаўнай сімволікі ладзяцца адмысловыя флэшмобы ў сацыяльных сетках, з ёй адбываюцца шматлікія аўтапрабегі. Ды нават сувенірнай прадукцыі з нашымі сцягам і гербам цяпер выпускаецца і прадаецца ў дзясяткі разоў больш. 

З мінулага верасня ва ўсіх установах адукацыі краіны выкананне гімна і ўзняцце (вынас) сцяга адбываюцца перад пачаткам і напрыканцы кожнай чвэрці (семестра, паўгоддзя), а таксама падчас уручэння дакументаў аб адукацыі, урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў. Што цалкам зразумела на фоне ўзмацнення грамадзянска-патрыятычнага выхавання. 

Імкненне бараніць сваё — натуральная рэакцыя ўсяго беларускага грамадства на шматлікія выклікі і пагрозы, якія стаяць сёння перад нашай краінай. 

Фото БЕЛТА

Пераемнасць пакаленняў супраць фэйкаў

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч адзначае, што да 2020 года многія аспекты падтрымкі дзяржаўных сімвалаў заставаліся без увагі. 

— Гэтым і скарысталіся прыхільнікі няўдалага дзяржаўнага перавароту — падвялі частку грамадства да альтэрнатыўнай сімволікі. Успомніце, як спачатку яны выкарыстоўвалі белы колер, затым у ход пайшоў і бчб-сцяг. Многія людзі і самі незаўважылі, як узялі ў рукі тое, што было для іх чужым. Тое самае тычыцца песень, якія экстрэмісты прапаноўвалі выконваць натоўпу на вуліцах. Тэкст у іх быў на беларускай мове, але мала хто сёння ведае, што адна з іх — гэта марш 13-га паліцэйскага батальёна СД, — падкрэслівае дэпутат. — Гэта і запатрабавала ад дзяржавы пэўнай мабілізацыі ў пытаннях сімволікі. Узнікла неабходнасць паказаць гістарычную праўду ў адносінах да сцягаў і гімнаў, з якімі насамрэч беларусаў ужо не раз спрабавалі знішчыць як самастойную нацыю — і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і пасля распаду СССР.

Адначасова з гэтым, па словах Сяргея Клішэвіча, было вельмі важна папулярызаваць дзяржаўную сімволіку.

— Нашы сцяг, герб і гімн сімвалізуюць перамогу. У 2020-м яны атрымалі новае дыханне пасля няўдалай «каляровай рэвалюцыі». Як і ў 1995 го­дзе, яны сталі сімвалам перамогі над нацыяналізмам, сімвалам большай часткі нашага грамадства, сімвалам стабільнасці і гістарычнай пераемнасці, — упэўнены парламентарый. — На гэтай хвалі наша дзяржава пачала праводзіць шэраг праграмных мерапрыемстваў — спачатку ў рамках Года народнага адзінства, звязанага з тэмай вызвалення Заходняй Беларусі ад палякаў, затым Года гістарычнай памяці, а сёння — Года міру і стварэння. Гэтыя ж ідэалагічныя пытанні пераплецены з тэмай генацыду беларускага народа, Хатыні і ў цэлым  з ваенна-патрыятычным выхаваннем, якое цяпер разгорнута ў школах і ваенна-патрыятычных клубах краіны.

Трыадзінства культурнай спадчыны

У красавіку гэтага года Прэзідэнт падпісаў Указ № 105, згодна з якім у другую нядзелю мая мы цяпер будзем адзначаць свята ўсіх трох дзяржаўных сімвалаў — герба, сцяга і гімна. Дагэтуль урачыстасць была прысвечана толькі першым двум. Чаму так? 

На рэферэндум 1995 года, калі былі зацвер­джаны сучасныя варыянты герба і сцяга, пытанне аб Дзяржаўным гімне не выносілася. Да 2002 года мы працягвалі выконваць музыку Нестара Сакалоўскага, але без слоў. 

— Таму на момант узнікнення Дня Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба ў 1998 годзе гімн не патрапіў у тэкст прэзідэнцкага ўказа, — тлумачыць Сяргей Клішэвіч. — Але цяпер несправядлівасць выпраўлена. Пры гэтым традыцыя выканання нашага гімна не спынялася многія гады. Гэта не нейкі навадзел, а рэальная частка нашай гісторыі, такая ж, як герб і сцяг. Так, іх аснова была створана ў савецкі перыяд. Аднак сённяшнія варыянты дзяржаўнай сімволікі поўнасцю адпавядаюць духу нашага грамадства. 

Нездарма падчас свайго Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржаўная сімволіка — гэта ўмова захавання гістарычнай памяці. Пытанні абароны нацыянальнай спадчыны — задача, на рашэнне якой павінна быць нацэлена ўсё наша грамадства. 

У ТЭМУ

Сучасны міжнародны спорт пад націскам палітычных эліт пэўных краін не першы год спрабуе зрабіць з дзяржаўнай сімволікі інструмент шантажу. Беларускіх і расійскіх спартсменаў спачатку проста не дапускалі да ўзелу ў спаборніцтвах, а цяпер прапаноўваюць ім выступіць на стартах з пэўнай умовай — адмовіўшыся ад сваіх сцягаў, гербаў і гімнаў. Замест гэтага дадуць белую «анучку». Самі міжнародныя асацыяцыі і камітэты называюць яе нейтральным сцягам. Але гэта, зразумела, далёка не так. 

Спартсменам прапаноўваюць стаць першымі, хто пераступіць праз суверэнітэт сваёй краіны. 

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў выказаўся на гэтую тэму:

— Я не магу падвесці сваіх балельшчыкаў, сваю родную Беларусь. Як я ўжо казаў раней, буду выступаць са сцягам і гімнам нашай краіны. Для мяне гэта не пусты гук. 

ТРЭБА ВЕДАЦЬ

Дзяржаўны сцяг Беларусі ўяўляе сабой прамавугольнае палатно. Чырвоны колер сімвалізуе подзвіг беларускага народа, сілу, мужнасць. Зялёны — гэта надзея на адраджэнне, маладосць, прыродная гармонія і працаздольнасць. Белы — чысціня, мудрасць, мір. 

Беларусь была першай краінай свету, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента Дзяржаўнага сцяга. Дарэчы, арнамент «Узыходзячае сонца» быў узяты з рэальнага ручніка. Яго на пачатку ХХ стагоддзя вышыла звычайная сялянка з-пад Сянна Матрона Маркевіч. 

kurak@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter