Прызнанне ў шчырай любовi

Канцэрт Ганны Шаркуновай i Германа ў Гомелi прайшоў з аншлагам

Маладыя, але ўжо добра вядомыя на айчыннай эстрадзе ўдзельнiкi праекта “Зорны дылiжанс” беларускiя артысты Ганна Шаркунова i Герман, яшчэ вядомы як тэлевядучы канала АНТ Герман Цiтоў ( i тое, i другое – яго сцэнiчныя псеўданiмы), у размове з ўтарам гэтых радкоў не хавалi эмоцый: iх канцэрт у Гомельскiм гарадскiм цэнтры культуры пад назвай “Я люблю Беларусь!” прайшоў з аншлагам. Менавiта тут у нядзелю, якая, так супала, была яшчэ i Днём святога Валянцiна – святам усiх закаханых i ахопленых любоўю, стартавала рэспублiканская грамадска-культурная акцыя “Беларусь – гэта мы”.

— Грамадска-культурная акцыя, iнiцыятарам якой выступiла творчая iнтэлiгенцыя, — адзначыў першы намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка, — своеасаблiвая справаздача дзеячаў нацыянальнай культуры аб яе дасягненнях. У гэтым нельга сумнявацца: беларуская культура перажывае сёння час росквiту. I невыпадкова перш за ўсё маладыя людзi сёння прыйшлi ў гэту залу, каб прызнацца ў шчырай любовi да Беларусi. А заадно i даказаць, што ўсе мы разам – артысты, гледачы, людзi розных канфесiй i сацыяльных пластоў – беларускi народ, у якога ёсць неацэнны набытак – прыгожая i непаўторная Радзiма...

Зала ГЦК сапраўды была напоўнена добрай энергетыкай. Прадстаўнiкi пярвiчак БРСМ абласнога цэнтра завiталi сюды са шматлiкiмi плакатамi, нацыянальнай атрыбутыкай, сiмваламi Гомельшчыны. Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць таленавiтых беларускiх выканаўцаў, убачыў нямала кiраўнiкоў органаў улады – абласной i гарадской, ветэранаў Вялiкай Айчыннай. Такая вось адбылася сустрэча пакаленняў, аб’яднаных адным пачуццём.

...“Я люблю Беларусь!” Рамантычныя пачуццi двух расчуленых сэрцаў, любоў да мясцiны, дзе нарадзiўся, да вялiкай Радзiмы... Пра гэта, i не толькi, разам i паасобку, але, несумненна, даверлiва i без фальшу, як самым адданым сябрам, у Дзень усiх закаханых на працягу амаль дзвюх гадзiн распавядалi гледачам Ганна Шаркунова i Герман. Гучалi не толькi мелодыi, дастаткова “раскручаныя” тэлеканаламi i ў радыёэфiры, добра вядомыя старэйшаму пакаленню шлягеры 60-х, таленавiтыя артысты прэзентавалi гледачам i некалькi сваiх новых песень аб чыстых i вечных каштоўнасцях. Па словах маладой спявачкi, як i папярэднiя, новыя творы народжаны ў любовi i ў iмя яе. Гэтыя прызнаннi спевакоў не маглi не атрымаць такога ж эмацыянальнага водгуку залы. Авацыi i кветкi артыстам – лепшы доказ, што iх рамантычныя сэрцы i сэрцы соцень прыхiльнiкаў творчасцi Ганны Шаркуновай i Германа бiлiся ў гэты вечар ва ўнiсон.

— Я не толькi атрымала на гэтым канцэрце зарад бадзёрасцi, — выказала свае ўражаннi адна з прысутных, намеснiк старшынi прафкама ГДУ iмя Ф.Скарыны Таццяна Клiмава. – Артысты пераўзышлi мае чаканнi. Я адчула сябе часцiнкай высокай нацыянальнай духоўнай плынi. З нецярпеннем стану чакаць наступных сустрэч з прыгожым...

А наступныя сустрэчы з удзельнiкамi грамадска-культурнай акцыi “Беларусь – гэта мы” не за гарамi. Чакаецца выступленне “Харошак” у Брэсце, хора iмя Цiтовiча – у Полацку... Па словах першага намеснiка мiнiстра культуры Уладзiмiра Рылаткi, на сцэнiчных пляцоўках краiны ў рамках акцыi будзе прадстаўлена звыш ста творчых праектаў. Прычым у гэты працэс актыўна ўключацца не толькi прафесiйныя, але i самадзейныя калектывы i выканаўцы.

На здымку: Ганна ШАРКУНОВА i Герман ЦIТОЎ.

Фота: Сяргей ХАЛАДЗIЛIН, БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter