Прызнанне ў любові да роднага краю

Шчымліва-патрыятычна выказвалі больш за тысячу ўдзельнікаў творчай справаздачы Брэсцкай вобласці, прысвечанай 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Проста шыкоўную прэзентацыю цудоўнай брэсцкай зямлі, на якой працуюць таленавітыя і адданыя сваёй справе людзі, зрабілі нядаўна ў сталіцы лепшыя творчыя калектывы і майстры народнай творчасці з усіх раёнаў Берасцейшчыны. Шчымліва-патрыятычны і духоўна ўзвышаны канцэрт, які прайшоў у Палацы Рэспублікі пад дэвізам “Брэстчына — край талентаў і славы”, стаў своеасаблівым прызнаннем берасцейцаў у любові да свайго краю. Ладзілася гэтая акцыя ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы аб творчай справаздачы абласцей, прысвечанай 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мінчан, шаноўных землякоў шчыра вітаў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што працаўнікі вобласці з вялікім гонарам успрынялі словы Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў час яго наведвання Брэстчыны, калі ён сказаў: “Тут людзі не адвыклі працаваць. У Брэсце — залатыя людзі”. Старшыня аблвыканкама запэўніў, што яго землякі будуць і далей імкнуцца захаваць гэтую высокую ацэнку, а значыць, працаваць яшчэ лепш.

Ужо сёння можна дакладна сказаць, што брэсцкі рэгіён, як і ўся краіна, упэўнена працуе на лепшую будучыню. Паводле слоў Канстанціна Сумара, у вобласці ўдалося не толькі захаваць, але і значна павялічыць вытворчы патэнцыял, стварыць добры падмурак для далейшага ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Толькі за апошнія чатыры гады аб’ём прамысловай вытворчасці вырас амаль у 1,7 раза. Практычна падвоены аб’ёмы экспарту тавараў і інвестыцый у асноўны капітал. Пабудавана амаль 2,5 мільёна квадратных метраў жылля, і па гэтым паказчыку вобласць упэўнена займае другое месца ў краіне.
Паспяховае вырашэнне эканамічных задач дазволіла стварыць умовы для сацыяльнай абароненасці насельніцтва, павысіць узровень яго дабрабыту. За гэтыя гады ў вобласці створана амаль 87 тысяч новых працоўных месцаў. У выніку чаго беспрацоўе знізілася да 1,2 працэнта, а рэальная заработная плата вырасла амаль у два разы. І сёлета, як адзначыў старшыня аблвыканкама, у вобласці забяспечана выкананне большасці асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб’ём прамысловай вытворчасці вырас на 15,5 працэнта, аб’ём валавой прадукцыі ў сельгасарганізацыях — на 9,5 працэнта. Амаль трыльён рублёў інвестыцый ужо накіравана на мадэрнізацыю і адкрыццё новых вытворчасцей, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, жылля, стадыёнаў і басейнаў. Канстанцін Сумар асабліва падкрэсліў, што для аграрнай вобласці, якой з’яўляецца Брэстчына, адным з асноўных прыярытэтаў застаецца развіццё малых гарадоў і стварэнне камфортных умоў жыцця ў вёсцы, якая па праву лічыцца сапраўднай школай працавітасці і гаспадарчых адносін да зямлі. Задачы перад эканомікай рэгіёна стаяць сур’ёзныя, але сумеснымі намаганнямі працаўнікі вобласці іх выканаюць, запэўніў старшыня аблвыканкама.
Адзначыўшы, што беларусы вельмі шануюць свае традыцыі і самабытную культуру, ён назваў сапраўдным здабыткам самадзейныя мастацкія калектывы, якіх у вобласці больш за 4 тысячы, а таксама 8 тысяч народных майстроў і ўмельцаў. Брэстчына стала месцам прапіскі многіх традыцыйных міжнародных фестываляў, у прыватнасці “Студзеньскіх музычных вечароў” і “Белай вежы”. Гэтая працавітая і багатая на гістарычныя падзеі зямля падарыла свету Адама Міцкевіча і Напалеона Орду, Афанасія Філіповіча і Казіміра Лышчынскага, Пятра Клімука і іншых вядомых людзей. Тут удзяляюць пастаянную ўвагу адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны і захаванню яе для нашчадкаў. Тут захоўваюць народную святыню Брэсцкую крэпасць. Адноўлена і адкрыта для турыстаў вядомая ў Еўропе Камянецкая вежа. У дагледжаным стане тут знаходзяцца помнікі баявой славы, гасцінна адчынены дзверы музеяў у гонар знакамітых землякоў.
Менавіта ў павазе да гістарычнага мінулага, падкрэсліў Канстанцін Сумар, берасцейцы бачаць залог паспяховага руху наперад. І сакрэт такой упэўненасці ў будучыні даволі просты. Ён — у жаданні ўсіх жыць і працаваць дзеля далейшага росквіту роднай зямлі. А імпэт для новых добрых спраў надаюць перш за ўсё нашы самабытныя беларускія культура і духоўнасць, якія маюць вялікую стваральную сілу. Менавіта маральныя арыенціры назваў Прэзідэнт краіны ў Пасланні да беларускага народа асноўнымі прыкметамі здаровага беларускага грамадства.
— Такога народнага дзейства бачыць не даводзілася, — прызналася мінчанка Алена Кацура. — Гэта быў сапраўдны подых культуры аднаго з самых самабытных куточкаў нашай Беларусі. Нізкі паклон людзям Брэстчыны, якія безумоўна ўзрушылі ў нашых сэрцах пачуцці любові да сваёй краіны, да зямлі, дзе нарадзіліся і дзе працуем.
Старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч не ўпусціў магчымасці выказаць словы ўдзячнасці землякам, якія ўмеюць не толькі прыгожа працаваць, але і здорава паказаць адметную, не падобную на іншыя культуру сваёй малой радзімы, свае народныя традыцыі, паказаць прыгажосць роднай зямлі.
— Творчыя калектывы Брэстчыны першымі прадстаўлялі своеасаблівую справаздачу перад сталічнымі жыхарамі і адразу вельмі высока ўзнялі ўзровень гэтай акцыі, — адзначыў у размове з журналістам “НГ” міністр культуры нашай краіны Уладзімір Матвяйчук.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter