Прызнанні ў любові

На адпачынак у беларускія санаторыі нездарма едуць людзі з розных краінУвосень — засталіся толькі ўспаміны пра лета: хтосьці згадвае цёплае мора, некаму сняцца паўночныя прасторы, камусьці прыемна ўспомніць пабачаныя гарады і гістарычныя мясціны. Нямала і тых, і я ў іх ліку, хто выбірае для адпачынку беларускія здраўніцы.
На адпачынак у беларускія санаторыі нездарма едуць людзі з розных краін
На ўзлеску ля вёскі Баравое — першы ў Беларусі бювет
Увосень — засталіся толькі ўспаміны пра лета: хтосьці згадвае цёплае мора, некаму сняцца паўночныя прасторы, камусьці прыемна ўспомніць пабачаныя гарады і гістарычныя мясціны. Нямала і тых, і я ў іх ліку, хто выбірае для адпачынку беларускія здраўніцы. Пра санаторый “Баравое” ў Докшыцкім раёне Віцебшчыны чулі? Там, дарэчы, сустракала я і расіян, прытым з самых аддаленых рэгіёнаў, грамадзян Прыбалтыкі, Туркменістана, нават Ізраіля. Некаторыя з іх адпачываюць у нашых санаторыях штогод, а то, як адзін бізнесмен з Ашхабада, па некалькі разоў на год. Стаміўшыся ад горада, так добра апынуцца ў прыгожым лесе, дыхаць хвойным водарам, шпацыраваць па берагах возера, назіраць, як лётаюць чайкі і берагавыя ластаўкі.... А таксама збіраць ягады і грыбы. І вечарам — засынаць у цішыні лясоў, а раніцай абуджацца пад спевы птушак.
На ўлонні прыроды знаёмяцца хутка. Людзі ахвотна дзеляцца ўражаннямі, параўноўваюць узровень жыцця ў розных краінах. Прыемна пасядзець вечарам разам над вадой, паспытаць спечанай у вогнішчы бульбы ці шашлыка, палюбавацца заходам сонца. А беларускія песні пад акардэон прымушаюць то ўсміхнуцца ці засмяяцца, а то і задумацца, засумаваць пра нешта. Прывабліваюць гасцей Беларусі і экскурсіі. На Віцебшчыне шмат месцаў, звязаных з гісторыяй краю, імёнамі герояў-партызан. Уражваюць экскурсіі ў мясцовыя цэрквы і касцёлы, старадаўнія сядзібы. Рыбакі ж ловяць сваё шчасце на берагах вадаёмаў — і паспяхова!
Вядома ж, санаторыі — гэта найперш магчымасць падмаца-ваць здароўе, “прамыць” арганізм мясцовай мінеральнай вадой. Ёсць і шэраг працэдур, калі жадаеце. Сёння практычна ўсе санаторыі краіны маюць добрую лячэбна-дыягнастычную базу, эфект — абавязкова адчуеце на сабе. І ветлівы персанал, беларуская гасціннасць — іх таксама мае новыя знаёмыя лічаць “прыцягальнымі бонусамі”. Згодна, нашым санаторыям ёсць яшчэ куды расці: дзесьці не пашкодзіць рамонт, часам і мэбля, абсталяванне састарэлі. Аднак ці ж тое галоўнае? Базы адпачынку ў Беларусі ўсё больш запатрабаваныя, бо цэны — вельмі “міралюбівыя”, а лячэнне і абслугоўванне — на высокім узроўні. Ва ўсялякім разе, гэта не толькі маё меркаванне, так думаюць і госці санаторыя “Баравое”.
І яшчэ адзін прыемны штрышок. Развітваючыся з новымі сябрамі, я спытала ў таго самага бізнесмена з Туркменістана, чаму ён так часта прыязджае адпачываць у нашы санаторыі? І ў адказ пачула: “Мне падабаецца прырода Беларусі, яе гасцінныя і добрыя людзі. Пабыўшы тут аднойчы, хочацца вяртацца сюды зноў і зноў. Я люблю Беларусь!”

Людміла Малей, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter