Прыйшоў час збіраць дыяменты. Беларускае замежжа — гэта каля 3 мільёнаў этнічных беларусаў і 95 працэнтаў матэрыяльных каштоўнасцей Беларусі.

Нарэшце! Ці не гэты вокліч быў найбольш папулярным на прэзентацыі кнігі Наталлі Голубевай “Беларускае замежжа”, якая пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Гэтага выдання чакалі не адзін год. У краіне і раней выходзілі кнігі пра жыццё нашых суайчыннікаў за мяжой. Але такога шматграннага і глыбокага выдання, якое аб’яднала б усе звесткі пра беларускую дыяспару, яшчэ не было.

Праца над кнігай вялася амаль два гады. У праекце ўдзельнічалі навукоўцы, гісторыкі, архівісты — людзі, якія не адзін год займаліся тэмай беларускай дыяспары.
— Прыйшоў час збіраць камяні, па крупіцах узнаўляць гісторыю беларускага народа, якую немагчыма ўявіць без беларускага замежжа, — расказвае аўтар кнігі кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. — Гісторыя людзей, якія па розных прычынах пакінулі гістарычную радзіму Беларусь, —  вялікі скарб для нас.
Сёння вядома каля 6,5 тысячы выхадцаў з беларускай зямлі, якія сваёй працай і талентам пакінулі яркі адбітак у гісторыі чалавецтва. Створаныя імі літаратурныя творы, мастацкія палотны, помнікі архітэктуры, іншыя культурныя каштоўнасці ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай культуры. А
іх імёны ярка заззялі ў
тых краінах, якія яны выбралі месцам свайго пражывання.
Беларуская зямля дала свету паэтаў, кампазітараў, вучоных, военачальнікаў, некалькіх прэзідэнтаў, двух лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі — эканаміста Саймана (Сямёна) Кузняца, ура-
джэнца Пінска, і віцябчаніна фізіка Жарэса Алфёрава. Пачынальнікам карпарацыі Metro-Goldwin-Mayer, зараз буйнейшай кінакампаніі ў сістэме Галівуда, з’яўляецца наш з вамі суайчыннік кіна-прадзюсер Луіс Маер. Дарэчы, паплечнікам у гэтай справе быў  Маркус Лоеў, продкі якога  паходзяць з Гомельскага Палесся.  А вось кінакампанію “Уорнер Бразерс” стварылі чатыры браты з  вёскі Краснасельцы Браслаўскага раёна.
— На жаль, вымушаны былі пакінуць сваю радзіму не толькі людзі, але і матэрыяльныя каштоўнасці Беларусі, тэрыторыя якой не раз станавілася арэнай спусташальных войнаў, — расказвае Наталля Голубева. — Сёння наша краіна валодае толькі пяццю працэнтамі каштоўнасцей, 95 — вывезены за мяжу. Спатрэбіцца каласальная праца дыпламатаў, палітыкаў, гісторыкаў, вучоных, якія проста абавязаны вярнуць іх у Беларусь.
Сярод страчаных каштоўнасцей — крыж Ефрасінні Полацкай, Тураўскае Евангелле, знакамітыя слуцкія паясы, унікальныя бібліятэчныя зборы вядомых магнацкіх родаў, калекцыі шкла і фарфору, манет, старадаўняй зброі, творы жывапісу беларускіх і еўрапейскіх мастакоў. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся нават творы Растрэлі і Рубенса!
— “Беларускае замежжа” — выдатная кніга, — каменціруе выданне дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір Адамушка. — Галоўная каштоўнасць выдання ў тым, што ў яго аснову лёг Яго Вялікасць ар-хіўны дакумент. А гэта значыць, мы трымаем у руках дакладную крыніцу, а не інфармацыю, узятую са столі, ці проста нейкія эмоцыі. 
Зразумела, адно выданне не можа прадставіць усе архіўныя дакументы. Таму для самых цікаўных аўтары змясцілі ў кнізе падказку: куды ісці і дзе шукаць больш падрабязную інфармацыю. А менавіта: зрабілі агляд дакументаў вядучых архіваў Беларусі і склалі спіс выданняў па тэме беларускага замежжа.
Безумоўна, кніга не паставіла кропку на вывучэнні беларускай дыяспары. Наадварот, дала імпульс да новых даследаванняў. Наша краіна нашмат багацейшая, чым мы думаем. І нам яшчэ прыйдзецца адшукаць усе яе дыяменты, раскіданыя па розных краінах свету.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter