Прыйду ад марокi я ў цiшу затокi... Паштовая скрыня “Грамафона” даверху напоўнена вершаванымi опусамi: лiрыка, байкi, вершы з нагоды, ладны стос жартоўных карацелек i вершаў аб прыродзе...

Але ж нiводнага разу па-сапраўднаму мы не краналi патрыятычную тэматыку. Выключэнне — вершаваныя допiсы, прысвечаныя святу Вялiкай Перамогi. Сярод апошнiх (некаторыя з iх мы агучвалi ў “Народным грамафоне”) было даволi багата шчыра-пранiкнёных, прачулых i ўзнёслых твораў. Пераважная большасць з дасланага, можа, i не паэзiя, а ўсяго толькi зарыфмаваная проза, але той бяды: “Грамафон...” — трыбуна самадзейных аўтараў (так мы дамовiлiся з самага пачатку)... I ўсё ж мушу заўважыць, што пiсаць пра радзiмнае, пра тое, што ўсiх нас яднае як народ i асвятляе кожнага як часцiнку агульнага — справа досыць адказная, можа, нават вельмi iнтымная. Тут цi да месца агульныя месцы, чужыя думкi, гучнасць фраз i залiшнi пафас — сведчанне няшчырасцi?.. Перад тым як крануць патрыятычную струну, можа, варта агледзець сховы ўласнай душы, прыслухацца да яе позваў, ацанiць рэчаiснасць i сябе ў ёй...

Мы звыкла, магчыма, праз меру часта скарыстоўваем такiя паняццi, як Радзiма, Бацькаўшчына... Пры гэтым успрымаем азначаныя словы як адно i непадзельнае. Сапраўды, паняццi “радзiма” i “бацькаўшчына” даволi блiзкiя па значэннi, але не зусiм. У свой час вядомы французскi пiсьменнiк Анатоль Франс, напрыклад, казаў так: “Толькi свабодны грамадзянiн мае бацькаўшчыну; раб, прыгонны, падданы якогасьцi дэспата мае ўсяго толькi радзiму...”
Нам ёсць да каго прыслухацца, маючы на ўвазе, канешне, не трыбунныя хваласпевы пра радзiму i бацькаўшчыну, не транспарантныя лозунгi падчас арганiзаваных шэсцяў, не гарластыя заклiкi любiць радзiму з боку прафесiйных агiтатараў... Лепш, можа, услухацца ў напеўныя вершы Булата Акуджавы цi ў блiзкiя кожнаму беларусу радкi нашага Максiма Багдановiча, Янкi Купалы?..
Мне блiзкi па духу Янка. У 1915 годзе, яшчэ будучы зусiм маладым, ён пiсаў пра тое, пра што мы зараз гутарку вядзём — пра патрыятычнасць. А санет той так i назваў — “Бацькаўшчына”. I ёсць у iм радкi, сугучныя душэўным настроям сучаснiкаў:

...Яшчэ ў калысцы я наўчыўся
 з песень снiць
Аб гэтых блiзкiх мне, а цесных так
 мясцiнах:
Што роднай нiвы я мiльённая
 часцiнка,
Што зоркi роднай ў сэрцы мне
 iскрынка тлiць.

Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе
 без злосцi,
Узрос з яе й чужых з яе не скiнуў
 косцi,
Грудзьмi тулюсь к ёй, як да
 матчыных грудзей.

I калi здзекваецца нада мною
 хтосьцi —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца
 ён маёй,
Калi ж над ёй — мяне тым
 крыўдзiць найцяжэй.

У рэчышчы нашай прадмовы хачу сёння прадставiць вершы Надзеi Стаховiч, нашай даўняшняй аўтаркi з Аршаншчыны... Надзея не навiчок у лiтаратурнай справе, неўзабаве з-пад яе пяра выйдзе ў свет паэтычны зборнiк пад дзiвоснаю назвай — “Асянiны”. Асянiны — у пэўным сэнсе — адкрыццi, раптоўныя азарэннi, але якiя выпакутаваны працаю душы... Ёсць сярод вершаў i такi —  не ўзнёслы, не буфанадны, але пра радзiмнае, пра бясконца дарагое i мiлае, бо адвеку бацькоўскае:

Прыйду ад марокi
Я ў цiшу затокi,
Вярнуся ў любы, расквечаны кут.
Маленства вытокi — ўсяго за
 паўкрока
Пчалiны мне чуецца гоман i гуд.

I сэрца рачулкi
То цiха, то гулка
Заб’ецца ў гушчарнiку гнуткай лазы.
На хвалi не мулка, яна, як качулка,
Гайдае пад строкат рачной
 страказы.

На завадзi сiняй
З маўчаннем гусiным
Сядзiць наш гусак, нiбы хiтры купец,
А там пад асiнай у росах-расiнах
Крыху прыдрамаў, бы дзядок,
 дзьмухавец.

I чмель паласаты
Спяшае да хаты,
Стамiўся дарэшты шчырун i мытар.
Ён мёд зухавата, у полi ўзяты,
Кладзе ў калоду, нiбы на алтар.

Куточак Радзiмы
Пяшчотны i мiлы
Ён мне асалода й бальзам на душу.
Глыну я вадзiцы з празрыстай
 крынiцы,
А заўтра яшчэ, бы дзiця, папрашу...

 А вось i пра лета... Але цi толькi
 пра лета?..
 
Мне аднойчы бабуля казала:
“Паглядзi, дзетка, у вочы нябёс!”,
Птушкi ўвысi аб чымсьцi спявалi,
Выцiналi дзiвосы з дзiвос...

Касавiца... У рост канюшына...
I — чмялiная фуга ў лугах!
Песню цiха выводзiць дзяўчына,
I салiруюць косы наўзмах.

“Ты паслухай, Надзея-Надзейка,
Спевы шчырыя роднай зямлi!” —
Бы сястрыца, спявала жалейка,
I шпакi шчабяталi ў галлi.

Я не знала, што родныя словы
Пра пяшчоту, жальбу i раку,
Разам з музыкай матчынай мовы
Сёння ў кросны радкоў уватку!

Адкрыццi хараства зямлi, роднага слова, чалавечай дабрынi — усё гэта маленькiя асянiны... I ўсё гэта ўвабрана ў радзiннае для ўсiх i кожнага, у тое, што завецца Бацькаўшчынай. А гучнасць фраз, набатнасць рыфм i патрыятычныя заклiнаннi — гэта з iншай оперы... Можа, i яна часам павiнна гучаць, але ж без фальшывых нот...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter