«Прыязджайце, падзяліце нашу радасць!»

Праграма ТРК «Гомель» перамагла ў рэспубліканскім конкурсе

Праграма тэлерадыёкампаніі «Гомель» «Дэмаграфічны выбух» атрымала перамогу ў рэспубліканскім конкурсе «Моцная сям’я — моцная дзяржава».

Конкурс вось ужо другі год праводзіўся пад эгідай Міністэрства інфармацыі і грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Асноўная мэта арганізацыі творчага спаборніцтва журналістаў друкаваных і электронных сродкаў інфармацыі, па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніны Моравай, — актывізацыя інфармацыйнага забеспячэння дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, накіраванай на ўмацаванне прэстыжу інстытута сям’і. Журы абрала лепшых у шасці намінацыях, адзначыўшы адметны поспех у гэтай справе гамяльчан.

— Праект стартаваў у 2008 годзе, — распавядае «Р» аўтар і вядучая «Дэмаграфічнага выбуху» Алена Трацэнка. — За гэты час у эфір выйшла 36 перадач, галоўнымі героямі якіх сталі члены больш як 40 шматдзетных і прыёмных сем’яў, бацькі-выхавальнiкi і выхаванцы дамоў сямейнага тыпу, што створаны на Гомельшчыне. А падштурхнула нас распачаць няпростую, але, на мой погляд, удзячную справу, размова з адной маці, якая выхоўвала некалькі дзяцей. «Не пераношу слова «шматдзетная», — з горыччу заявіла тады жанчына. — Таму што сёння сярод значнай часткі грамадства існуе малаабгрунтаваны стэрэатып, які сцвярджае тоеснасць паміж паняццямі «шматдзетная» і «неспрыяльная». Даказаць памылковасць такога пункту гледжання на сям’ю і вырашылі тэлежурналісты сваім праектам...

Дарэчы, усведамляючы каштоўнасць сямейнага інстытута ў развіцці дзяржавы, журналісты небеспаспяхова ўзнімалі гэту тэму ў эфіры і да ўзнiкнення «Дэмаграфічнага выбуху». Папярэднікам новага праекта можна лічыць перадачу «Я шукаю маму». Вынік яе выхадаў — 20 дзетак-сірот на Гомельшчыне знайшлі новыя сем’і. Новая перадача пашырыла тэматычныя абсягі асвятлення сямейнай праблематыкі, яна стала не толькі люстэркам жыцця шматдзетных сем’яў, але і сур’ёзным асэнсаваннем гомельскіх тэлерадыйшчыкаў крыніц чалавечай паспяховасці і згоды бацькоў і іх дзяцей. Да прыкладу, менавіта ў сямейнай згодзе знайшлі сваё шчасце муж і жонка Пішчалы з вёскі Судавіца Светлагорскага раёна. Восем год, нягледзячы на намаганні медыкаў, Алена і яе муж не маглі стаць бацькамі. Таму паступова прыйшлі да асэнсаванага рашэння ўзяць на выхаванне прыёмных дзяцей. З’яўляючыся, як сцвярджаюць вяскоўцы, педагогам ад Бога, прыёмным бацькам-выхавальнiкам пасля неабходнай вучобы аформіўся, пакінуўшы працу ў сельгасвытворчасці, Леанід. Ужо калі афармленне неабходных дакументаў на брата і сястру, што знаходзіліся ў прытулку, было практычна завершана, да Пішчалаў прыйшла радасць: Алена зацяжарыла. Ад ранейшага намеру не адмовіліся, нават калі ў сям’і з’явіўся маленькі сынок. Нараджэнне другога дзіцяці (зноў сына) сямейная пара вітала, выхоўваючы ўжо шасцярых прыёмных дзяцей. Неўзабаве прыёмнай маці афіцыйна стала і Алена, повар па ранейшым занятку. Месяц назад у вялікай сям’і Пішчалаў з’явіўся дзявяты прыёмны хлопчык, а ўвогуле — адзінаццаты па ліку выхаванец. Ранейшыя спробы работнікаў раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра «адаптаваць» яго ў іншых сем’ях закончыліся безвынікова. Прадказваць вынік, канечне, пакуль яшчэ рана. Але, сцвярджаюць у Светлагорскім раённым аддзеле адукацыі, станоўчыя перамены ў паводзінах новага члена прыёмнай сям’і відавочныя...

Гэта, па сутнасці, маленькая гісторыя пра высакародных і шчаслівых людзей неаднойчы мела за мінулыя амаль чатыры гады ў выпусках «Дэмаграфічнага выбуху» дастойны змястоўны працяг. Запомніліся гледачам перадачы аб сям’і са Жлобіна, якая стала незвычайным рэкардсменам у рэгіёне ў справе вырашэння дэмаграфічнай праблемы: у Ларысы і Дзмітрыя Далгушыных нарадзілася адразу чацвёра дзяцей. Застаўся ў памяці расповед тэлежурналістаў аб шчаслівай маме, актрысе Гомельскага тэатра лялек Надзеі Нікіцінай, што нарадзіла дзве пары двайнят... Без перабольшвання, «Дэмаграфічны выбух» з цягам часу сабраў вакол сябе разнастайную па прафесійных і ўзроставых асаблівасцях, але адназначна нераўнадушную і спагадлівую тэлеаўдыторыю. Трывалай стала зваротная сувязь гледачоў са стваральнікамі перадач.

— Адзін са шматдзетных бацькоў з Кармянскага раёна, памятаю, патэлефанаваў у тэлерадыёкампанію і прапанаваў нам, улічваючы сённяшнія рэаліі, узняць на высокім узроўні тэму заснавання ў Беларусі нароўні з існуючым ордэнам Маці ордэна Бацькі, — згадвае аўтар перадачы Алена Трацэнка. — А вось нядаўна — новае ўзнёслае паведамленне ад сям’і Сямёнавых з Рагачова (яны выхоўваюць пяцёра сваіх і ўсыноўленых дзяцей): прыязджайце, падзяліце нашу новую радасць — забіраем да сябе з дзіцячай бальніцы месячнае немаўля, ад якога адмовілася маці-«зязюля»...

Вядома ж, журналісты тэлерадыёкампаніі не змаглі не адгукнуцца на такую просьбу. Нягледзячы на адну непрыемную акалічнасць: з пачатку 2012 года рэалізацыя тэлерадыёкампаніяй «Гомель» запатрабаванага нашым няпростым часам сацыяльнага праекта «Дэмаграфічны выбух» прыпынілася. Прычына — адсутнасць фінансавых сродкаў...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter